БЯРБЕ́РАЎ (Хрыста Хрыстаў) (28.8.1935, Сафія — 23.12.1967),

балгарскі публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Першы ў Балгарыі пачаў перакладаць бел. прозу з арыгінала. На балг. мову пераклаў некаторыя вершы А.​Куляшова («Выбраныя вершы і паэмы», Сафія, 1963, разам з Н.​Вылчавым), П.​Броўкі, раман І.​Шамякіна «Сэрца на далоні» (Сафія, 1965). У анталогіі «Беларускія апавяданні» (1968) у яго перакладзе змешчаны творы 29 бел. аўтараў. Пераклады Бярберава вызначаюцца высокім маст. узроўнем.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎЧАК Афанасій, бел. майстар залатых і сярэбраных спраў сярэдзіны 18 ст. Працаваў у Магілёве з П.Сліжыкам. Прадстаўнік ракако ў бел. маст. апрацоўцы металу. З падпісаных яго работ вядомыя гарэльефныя чаканеныя абклады да абразоў магілёўскіх цэркваў (1749, захоўваліся ў Магілёўскім гіст. музеі, зніклі ў Вял. Айч. вайну) і абклады да абразоў Маці Божай (1767) і Хрыста (1769) аршанскіх храмаў.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

І.​М.​Каранеўская.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫРАЛО́Г [ад грэч. martyr сведка; пазней пакутнік (у Новым запавеце — аб вучнях Хрыста) + logos слова, вучэнне],

1) у хрысціянскай царк. л-ры зборнік апавяданняў пра святых і пакутнікаў. Першапачаткова гэта быў каляндар, дзе пазначаліся імёны святых, месцы іх пакутніцтваў і дні іх памяці, пазней стаў дапаўняцца біяграфіяй. Найб. вядомыя «Усеагульны М.» (1536) у каталіцызме і «Менелогій» (9 ст.) у праваслаўі.

2) Спіс ахвяр, якія без віны загінулі, пакараныя смерцю.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Е́РА ДЭ́ЛА ФРАНЧЭ́СКА (Piero della Francesca; каля 1416, г. Сансеполькра, Італія — пахаваны 12.10.1492),

італьянскі жывапісец, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Мазачыо, Ф.​Брунелескі, Л.​Б.​Альберці і нідэрл. мастацтва. У 1439 быў памочнікам Даменіка Венецыяна ў Фларэнцыі. Працаваў пераважна ў Сансеполькра і Урбіна, а таксама ў Ферары, Рыміні, Рыме, Арэца. Адзін з першых звярнуўся да лінейнай перспектывы ў жывапісе. Творы вызначаюцца веліччу вобразаў, аб’ёмнасцю форм, празрыстасцю каларыту: фрэскі «Сіджызмонда Малатэста перад сваім святым патронам» у царкве Сан-Франчэска ў Рыміні (1451), «Гісторыя жыватворнага крыжа» ў царкве Сан-Франчэска ў Арэца (цыкл, 1452—66), «Мадонна дэль Парта» ў капэле дэль Чымітэра ў Мантэркі (пасля 1460), паліпціх «Мадонна дэла Мізерыкордыя» (1450—62); карціны «Святы Іеранім» (1450), «Хрышчэнне Хрыста» (1450—55), «Бічаванне Хрыста» (каля 1455—60), «Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра (каля 1472—74), «Мадонна са святымі і герцагам Урбінскім» (каля 1472—75), «Раство» (каля 1475); партрэты герцага Урбінскага Федэрыга да Мантэфельтра і яго жонкі (каля 1465) і інш. Аўтар тэарэт. трактатаў «Аб перспектыве ў жывапісе» (да 1482), «Кніжыца аб пяці правільных целах» (пасля 1482).

Л.​Ф.​Салавей.

П’ера дэла Франчэска. Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра. Каля 1472—74.

т. 12, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,

адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,

персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.​К.​Андэрсен, І.​В.​Гётэ, Э.​Сю, П.​Б.​Шэлі, В.​А.​Жукоўскі і інш.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́НІС,

грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.​Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.

Да арт. Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.​П.​Рубенс. Каля 1614.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАЛЕ́ЎСКІ Ян, Іаан Віцебскі, бел. мастак 18 ст. Аформіў «Ілюстраваны нотны ірмалой» (1741) з віцебскай Іаана-Багаслоўскай царквы і стварыў для яго каля 30 заставак. Уставіў у гэты ж рукапіс створаныя ім у 1700 і 1744 мініяцюры «Нараджэнне Хрыста» і «Дванаццацігадовы Хрыстос у Іерусалімскім храме сярод настаўнікаў», у якіх адышоў ад кананічных схем, выявіў кампазіцыйную здольнасць.

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Материалы к истории станковой живописи Белоруссии XVI—XVIII вв. // Музей: Худож. собр. СССР. М., 1983. Сб. 4.

Н.​Ф.​Высоцкая.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).

Літ.:

Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.

Джота ды Бандоне.
Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,

схема радаводу ў выглядзе дрэва; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Імя родапачынальніка змяшчаюць у аснове генеалагічнага дрэва, а на ствале і галінах — імёны, біягр. звесткі, часам партрэты і гербы яго нашчадкаў. Дадатковая інфармацыя даецца з дапамогай колераў: медальёны з імёнамі замужніх жанчын прынята пазначаць ліловым колерам, дзяўчат — сінім, мужчын, якія мелі нашчадкаў, — жоўтым, без нашчадкаў — чырвоным. Жывых членаў роду пазначаюць зялёным колерам. У выглядзе генеалагічнага дрэва падаецца радавод Ісуса Хрыста (у т. л. ў «Псалтыры» 1517 Ф.​Скарыны).

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)