БА́ЛЬДУНГ

(Baldung; прозвішча Грын; Grien) Ганс (каля 1484/85; г. Швебіш-Гмюнд?, Германія — 1545),

нямецкі жывапісец і графік (дрэварыт, малюнкі) эпохі Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу (у майстэрні А.Дзюрэра), Страсбургу, Фрайбургу (стварыў у саборы гал. алтар «Каранаванне Марыі»). Рэнесансавы рацыяналізм спалучаў з містыкай, абагульненую пластыку — з дробнымі рытмамі. Сярод жывапісных работ: «Пакуты св. Себасцьяна» (1507), «Святая сям’я на адпачынку» (1511—14), «Смерць, што цалуе жанчыну» (1517), «Нараджэнне Хрыста» (1520), «Геркулес і Антэй» (1530), «Адам і Ева» (1531—33), «Сем узростаў жанчыны» (1544), аўтар дрэварытаў, малюнкаў.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)