НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ РАЗМЕЖАВА́ННЕ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК СЯРЭ́ДНЯЙ А́ЗІІ Праводзілася ў 1924—25 Рас.камуніст. партыяй і сав. дзяржавай з мэтай удасканалення нац.-дзярж. структуры СССР у адпаведнасці з прынцыпам нац. і дзярж. самавызначэння народаў у складзе саюзнай дзяржавы. Сав.дзярж. ўтварэнні, што існавалі на кастр. 1924 на тэр. Сярэдняй Азіі і ч. Казахстана (Туркестанская АССР, Бухарская і Харэзмская сацыяліст.сав. рэспублікі) сфарміраваліся ў межах былых адм.утварэнняўРас. імперыі (адпаведна Туркестанскага ген.губернатарства, Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства), якія не супадалі з этнічнымі межамі сярэднеазіяцкіх народаў — узбекаў, казахаў, туркменаў, таджыкаў, кіргізаў і інш. Па ініцыятыве мясц. кампартый у 1924 пастаўлена пытанне пра нац.-дзярж. размежаванне. Пасля яго адабрэння Сярэднеазіяцкім бюро і Палітбюро ЦК РКП(б) (12.6.1924) разгарнулася растлумачальна-агітацыйная кампанія. Пасля абмеркавання на мясц. з’ездах і курултаях у 1924—25 на месцы скасаваных Туркестанскай АССР, Бухарскай і Харэзмскай сацыяліст.сав. рэспублік утвораны і размежаваны, у асн. паводле этн. прынцыпу, Узбекская ССР, Туркменская ССР (абедзве 27.10.1924), Таджыкская АССР (14.10.1924) у складзе Узбекскай ССР, Кара-Кіргізская аўт. вобласць (14.10.1924) у складзе РСФСР (25.5.1925 перайменавана ў Кіргізскую аўт. вобласць, 1.2.1926 у Кіргізскую АССР). Каракалпакская аўт. вобласць (утворана 16.2.1925) і раёны Туркестанскай АССР, населеныя казахамі, увайшлі ў Казахскую АССР (да крас. 1925 наз. Кіргізская АССР) у складзе РСФСР. У далейшым Таджыкская (у 1929), Казахская і Кіргізская АССР (абедзве ў 1936) пераўтвораны ў саюзныя сав.сацыяліст. рэспублікі, а Каракалпакская аўт. вобласць у Каракалпакскую АССР (у 1932) у складзе РСФСР, з 1936 — Узбекскай ССР. Этн. цераспалосіца ў Сярэдняй Азіі не заўсёды дазваляла дакладна вызначыць межы новых нац.-дзярж. і нац.-адм.утварэнняў, што стварыла ў рэгіёне крыніцу напружанасці і будучых канфліктаў. У той жа час у выніку нац.-дзярж. размежавання 1924—25 і наступных (да 1936) пераўтварэнняў асн. сярэднеазіяцкія нацыі — узбекі, казахі, туркмены, кіргізы, таджыкі, дагэтуль падзеленыя штучнымі межамі, набылі ўласную нац. дзяржаўнасць (у межах СССР), што стварыла перадумовы для ўтварэння пасля распаду СССР сучасных незалежных дзяржаў Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),
1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.
2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,
у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст.дзярж.утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. privatus прыватны),
набыццё фізічнымі і юрыдычнымі асобамі права ўласнасці на аб’екты, якія належаць дзяржаве. На Беларусі ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы і продажу. У выніку П. дзяржава поўнасцю або часткова страчвае права валодання, карыстання і распараджэння гэтай уласнасцю, а дзярж. органы — непасрэднага кіравання ёю. Аб’ектамі П. з’яўляюцца: жыллё, прадпрыемствы і іх падраздзяленні, абсталяванне, будынкі і збудаванні, патэнты, паі, акцыі, ліцэнзіі, інш. матэрыяльныя і нематэрыяльныя актывы, долі дзяржавы і адм.-тэр.утварэнняў у капітале акц. т-ваў і інш. аб’яднанняў і прадпрыемстваў. Суб’ектамі П. могуць быць: грамадзяне краіны, юрыд. асобы, прац. калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства. П. рэгулюецца Законам «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 19.1.1993 і інш. заканадаўствам. Прававыя асновы П. накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця эфектыўнай сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, забеспячэння рэальнай разнастайнасці форм уласнасці і ажыццяўлення дзярж. антыманапольнай палітыкі. Гл. таксама Дэнацыяналізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,
у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТ (польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),
1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.
2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫНЕ́НКА (Алег Рыгоравіч) (н. 12.3.1936, г. Краматорск, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Акад.Нац.АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1989), д-ртэхн.н. (1973), праф. (1978). Скончыў Чэшскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1959, Прага). З 1963 у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (з 1966 заг. лабараторыі і нам. дырэктара, з 1988 дырэктар). Навук. працы па аэратэрмаоптыцы, асімптатычных метадах канвектыўнага цепла- і масаабмену, газадынаміцы віхравых атм.утварэнняў, метадах разліку цеплаабменных апаратаў і прылад. Выявіў анамальны эфект у цеплаперадачы пры турбулентным працяканні вадкасці ў каналах складанай формы, устанавіў заканамернасці эвалюцыі дысіпатыўных структур, эфект «адмоўнай вязкасці». З 1974 сурэдактар ад СССРчас. «International Jornal of Heat and Mass Transfer» («Міжнародны часопіс па цепла- і масаабмену»), з 1988 гал. рэдактар «Инженерно-физического журнала».
Тв.:
Введение в теорию конвективных газовых линз. Мн., 1972 (разам з П.М.Калеснікавым, В.Л.Калпашчыкавым);
Асимптотические методы в теории свободно-конвективного теплообмена. Мн., 1979 (разам з А.А.Беразоўскім, Ю.А.Сакавішыным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́БСКІЯ СЛАВЯ́НЕ,
група заходніх славян (плем. саюзы бодрычаў, люцічаў, лужыцкіх сербаў), якія размаўлялі на палабскай мове. У канцы 1 — пач. 2-га тыс. насялялі землі паміж рэкамі Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) ад Балтыйскага м. на Пн да Рудных гор на Пд (цяпер тэр.Усх. Германіі і часткова Зах. Польшчы). Найважнейшыя цэнтры — Торгаў, Прыворна, Рэрык, Убаба, Бранібар (цяпер Брандэнбург) і інш. У 6—8 ст. у П.с. адбываўся распад першабытнаабшчыннага ладу, складваліся феад. адносіны Займаліся пераважна земляробствам, у 9—10 ст. значнае развіццё атрымалі рамёствы. Гандлявалі з Саксоніяй, Даніяй, Швецыяй, Кіеўскай Руссю.
У 10 ст. пачалося заваяванне П.с. герм. феадаламі. 11—12 ст. — перыяд найб. росквіту П.с., паспяховага супраціўлення герм. агрэсіі, узнікнення раннефеад. дзярж.утварэнняў, т.зв.Вендскай дзяржавы бодрычаў і люцічаў. П.с. на чале з князем бодрычаў Ніклатам разграмілі крыжовы паход супраць славян 1147. У 2-й пал. 12 ст., скарыстаўшы тэр. раздробленасць П.с., герм. феадалы захапілі іх землі. Ням. каланізацыя прывяла да частковага знішчэння і асіміляцыі П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ РАДЫЯЦЫ́ЙНА-ЭКАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На Пд Гомельскай вобл., ва ўсх.ч. Палескай нізіны ў межах Гомельскага Палесся. Засн. ў 1988 на найб. забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з мэтай вядзення радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіял. даследаванняў, пошуку магчымых шляхоў выкарыстання тэрыторыі, з якой адселена насельніцтва і спынена гасп. дзейнасць, а таксама для захавання генафонду і відавой разнастайнасці мясц. флоры і фауны. Пл. 215,5 тыс.га. Рэльеф раўнінны з забалочанымі паніжэннямі, рознымі формамі эолавых утварэнняў і павышанымі ўчасткамі водападзелаў. Тэрыторыя адносіцца да вадазбору р. Прыпяць. Ландшафт поймавы са шматлікімі рукавамі, старыцамі і азёрамі. Балотныя і лясныя масівы. Лясістасць 46% тэрыторыі. Хваёвыя (48,5%), драбналістыя (27,3%), дубовыя (5,6%) і інш. лясы. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін. Ў фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 — птушак, 25 — рыб. Шмат відаў раслін і жывёл, у т. л. вадзяны арэх плаваючы, шпажнік чарапіцавы, чорны бусел, змеяед і інш., занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, некаторыя — у Міжнар.Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВО́ДНАСЦЬу фізіялогіі,
здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.