ФАНЕРАЗО́Й (ад грэч. phaneros яўны, адкрыты + zōē жыццё), фанеразойская эонатэма,

адно з найбуйнейшых падраздзяленняў агульнай стратыграфічнай шкалы, якое ахоплівае сукупнасць утварэнняў Зямлі, што залягаюць вышэй парод пратэразою. Тэрмін «Ф.» прапанаваў амер. геолаг Дж.​Чэдвік у 1930. Уключае палеазойскую, мезазойскую і кайназойскую эратэмы. У геахраналагічнай шкале адпавядае эону і 3 аднайм. эрам. Працягласць 540 млн. г. Для Ф. характэрна рэзкая дыферэнцыяцыя эндагенных і экзагенных геал. працэсаў, што праявілася ў блокавай будове літасферы і рухах літасферных пліт, павелічэнні платформавых структур, фарміраванні акіянаў і кантынентаў. У Ф. з’явіліся шкілетныя жывёлы, пашыраліся расліны на сушы, развівалася біясфера, адбыліся змены ў атмасферы, утвараліся арганагенныя пароды і біягенныя карысныя выкапні. Паводле этапаў развіцця арг. свету для Ф. складзены дэталёвыя стратыграфічная і геахраналагічная шкалы. Гл. таксама Крыптазой.

С.​А.​Кручак.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)