КРУ́ПСКАЯ (Ульянава) Надзея Канстанцінаўна

(26.2.1869, С.-Пецярбург — 27.2.1939),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, педагог. Жонка У.І.Леніна. Ганаровы чл. АН СССР (1931), д-р пед. н. (1936). Бацька К. належаў да арг-цыі Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Скончыла гімназію (1887), вучылася на вышэйшых Бястужаўскіх жаночых курсах. У 1891—96 настаўнічала ў Пецярбургу, адначасова (з 1890) займалася рэв. дзейнасцю, за што ў 1896 арыштавана; адбывала ссылку ў с. Шушанскае (Краснаярскі край; з 1898 разам з Леніным) і г. Уфа (1900—01). З 1901 у эміграцыі, дапамагала Леніну ў выданні газет «Искра» і «Вперед» (1901—05), «Пролетарий» і «Социал-демократ» (1907—11). З крас. 1917 зноў у Расіі. Удзельніца Кастр. рэвалюцыі 1917. Чл. калегіі Наркамасветы, з ліст. 1920 старшыня Галоўпалітасветы пры Наркамасветы РСФСР, з 1929 нам. нар. камісара асветы РСФСР. З 1924 чл. ЦКК, з 1927 чл. ЦК ВКП(б). Распрацоўвала прынцыпы сав. сістэмы нар. асветы, метадалагічных і метадычных асноў навучання і выхавання. Аўтар прац па педагогіцы і ўспамінаў пра Леніна.

Н.К.Крупская.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗЁЛКА (Паўліна Вікенцьеўна) (24.9.1893, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 13.2.1974),

бел. дзяячка культуры. Засл. дз. культ. Беларусі (1966). Скончыла Вышэйшыя камерцыйныя курсы ў Пецярбургу (1914). Настаўнічала ў в. Жорнаўка Чэрвеньскага р-на, в. Мядзведзічы Ляхавіцкага р-на, Мінску, Даўгаўпілсе, Горках, Маскве, в. Будслаў. Арыштавана ў 1919, 1920, 1924, 1930. Значны ўклад яе ў развіццё бел. тэатр. мастацтва на этапе яго станаўлення. Удзельніца Віленскага муз.-драм. гуртка (1914), Першага бел. т-ва драмы і камедыі (1917—18, 1920); адна з першых выканала ролю Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Я.​Купалы (1913, Пецярбург). З інш. роляў: Зоська («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Пронка («Хам» паводле Э.​Ажэшкі). Арганізавала хар. і драм. гурткі ў Гродне (1919), у Дзвінскай бел. гімназіі (1922—25), Горацкай с.-г. акадэміі (1927—30), Будславе (1947—58). Сябравала з Я.​Купалам. Пісала вершы, паэмы, песні, п’есы. Аўтар успамінаў.

Тв.:

Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;

Тое ж. [Ч. 2] // Полымя, 1993. № 2—5.

Літ.:

Калеснік У. Галгофа адроджаных // Полымя. 1993. № 2.

Г.​В.​Кісялёў.

П.В.Мядзёлка.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРО́ЎСКАЯ (Соф’я Львоўна) (13.9.1853, С.-Пецярбург — 15.4.1881),

дзеяч рэв. руху ў Расіі. Жонка А.І.Жалябава. Яе маці В.​С.​Весялоўская — ураджэнка Магілёўскай губ. У 1869 паступіла на Аларчынскія жан. курсы, увайшла ў гурток народнікаў (гл. Народніцтва). У 1871—72 у ліку арганізатараў т-ва чайкоўцаў, у 1872—73 удзельніца «хаджэння ў народ». У студз. 1874 арыштавана, пасля 6 месяцаў зняволення вызвалена на парукі сям’і. На «працэсе 193-х» (1877—78) апраўдана. Летам 1878 уступіла ў арг-цыю «Зямля і воля». Неўзабаве арыштавана і ў адм. парадку выслана ў Аланецкую губ.; па дарозе ўцякла і перайшла на нелегальнае становішча. З восені 1879 — чл. Выканаўчага к-та, а пазней і Распарадчай камісіі «Народнай волі», актыўная ўдзельніца тэрарыст. барацьбы з самадзяржаўем. Арганізатар забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 у Пецярбургу. 22.3.1881 арыштавана, у ліку інш. «першасакавікоўцаў» засуджана да пакарання смерцю праз павешанне (першая жанчына ў Расіі, пакараная смерцю па паліт. справе).

Літ.:

Сегал Е. Софья Перовская. М., 1962.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна

(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),

бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В.Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т. л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.​Гумеля, Ф.​Ліста, Ф.​Шапэна і ўласныя, у т. л. варыяцыі на тэму песні А.​Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.

Літ.:

Ахвердава А. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;

Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ШКАВА (Кацярына Раманаўна) (28.3.1743, С.-Пецярбург — 16.1.1810),

дзеяч рус. культуры. Княгіня. Дачка графа Р.​І.​Варанцова (гл. ў арт. Варанцовы). Удзельніца дварцовага перавароту 1762, які прывёў на прастол Кацярыну II. У 1769—71 і 1776—82 за мяжой; сустракалася з Вальтэрам, А.​Смітам, Д.​Дзідро. У 1783—96 дырэктар Пецярб. АН і прэзідэнт Рас. акадэміі (навук цэнтра па вывучэнні рус. мовы і славеснасці). Заснавала перыяд. выданні «Собеседник любителей российского слова» (1783—84) і «Новые ежемесячные сочинения» (1786—96). Па ініцыятыве Д. і пры яе актыўным удзеле выдадзены «Слоўнік Акадэміі Расійскай» (т. 1—6, 1789—94) — першы тлумачальны слоўнік рус. мовы. У 1796 Павел I адхіліў Д. ад спраў. Аўтар літ. твораў у розных жанрах, у т. л. мемуараў (выд. 1859). З 1782 валодала землямі ў Магілёўскай губ. (мяст. Круглае, сёлы Радча, Комсенічы, Ількавічы і 19 вёсак).

Тв.:

Рус. пер. — Записки... М., 1987.

Літ.:

Лозинская Л.Я. Во главе двух академий. 2 изд. М., 1983;

Письма сестер М и К.​Вильмот из России: Пер. с англ. // Дашкова Е.Р. Записки... М., 1987;

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

К.Р.Дашкава. Партрэт Дз.​Лявіцкага. 1780-я г.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Ларыса Пампееўна) (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),

бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1940). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.​Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.​Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага і «Аіда» Дж.​Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.​Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел. нар. песні, у т. л. на Міжнар. муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел. тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.

Літ.:

Модэль М. Л.​П.​Александроўская. Мн., 1945;

Рузов Г. Л.​П.​Александровская. М.; Л., 1950;

Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

Л.П.Александроўская.
Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС (Зоська) (сапр. Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),

бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел. нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел. сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.​Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел. каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час. «Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г. час. «Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.​Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.​Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.​Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.​Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.​Багдановіча, У.​Галубка, Ядвігіна Ш., Г.​Леўчыка і інш.

Тв.:

Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;

[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;

Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;

Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;

Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;

Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;

Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;

Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.​Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;

Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.

Літ.:

Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2;

Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

З.Верас.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́РЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ Рэспублікі Беларусь,

дагаворы (пагадненні, канвенцыі, хартыі, акты, статуты, пакты, мемарандумы, дэкларацыі, пратаколы) паміж Рэспублікай Беларусь і суб’ектам міжнар. права (іншай або некалькімі інш. дзяржавамі ці міжнар. арг-цыяй), якія рэгулююць іх адносіны шляхам стварэння ўзаемных правоў і абавязкаў у паліт., эканам., ваен., гуманітарнай і інш. галінах. Як суверэнная незалежная дзяржава і суб’ект міжнар. права Рэспубліка Беларусь заключае і выконвае дагаворы міжнародныя ў адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі міжнар. права і законамі Рэспублікі Беларусь. Не дапускаецца заключэнне дагавораў міжнародных, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У залежнасці ад узроўню дагаворных бакоў дагаворы міжнародныя падзяляюцца на міждзяржаўныя (заключаюцца ад імя Рэспублікі Беларусь), міжурадавыя (заключаюцца ад імя ўрада), а таксама міжведамаснага характару (заключаюцца мін-вамі і дзярж. к-тамі); адпаведна колькасці бакоў дагаворы міжнародныя бываюць двух- і шматбаковыя. Рашэнні аб правядзенні перагавораў і падпісанні міждзярж. дагавораў міжнародных прымае Прэзідэнт, адносна дагавораў міжнародных міжурадавых і міжведамаснага характару — урад. Прэзідэнт, Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў праводзяць перагаворы і падпісваюць дагаворы міжнародныя без прад’яўлення спец. паўнамоцтваў. Да 1991 Рэспубліка Беларусь як член ААН з’яўлялася удзельніцай 156 двух- і шматбаковых дагавораў міжнародных. На вер. 1997 дагаворна-прававую базу Беларусі складаюць больш за 1680 міждзярж. і міжурадавых дагавораў міжнародных, у т. л. каля 970 шматбаковых і 710 двухбаковых з міжнар. арг-цыямі і 53 краінамі. Найб. значныя з іх: Статуты ААН і Міжнар. суда (Беларусь — удзельніца з 1945), мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй (1947), Статуты Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1948) і ЮНЕСКА і МАП, МАГАТЭ (1957), Сусв. паштовага саюза (1978), Арг-цыі па прамысл. развіцці (1985); Жэнеўскія канвенцыі 1949 (1955), Венскія канвенцыі аб дыпламат. зносінах (1964), аб праве міжнар. дагавораў (1986), аб консульскіх зносінах (1989), Канвенцыі аб прывілеях і імунітэтах Аб’яднаных Нацый (1953), аб заснаванні Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (1970), аб дарожным руху (1977), аб правах дзіцяці (1990), аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі (1993), Еўрап. культурная канвенцыя (1993); Міжнар. пакты аб эканам., сац. і культ. правах (1976), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1976) і Факультатыўны пратакол да яго (1992); Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД, 1991); Статут СНД (1993); Пагадненне аб Мытным саюзе (1995); Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканам. і гуманітарнай галінах (1996); Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі і Статут Саюза Беларусі і Расіі (1997); дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Азербайджанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Узбекістанам (усе 1991), Малдовай, Польшчай (1992); Балгарыяй, Румыніяй (1993); Літвой, Расіяй, Украінай (1995); Казахстанам, Турцыяй, Францыяй, Югаславіяй (1996); В’етнамам (1997). Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь устанавіла са 123 дзяржавамі. У рамках СНД з удзелам Беларусі заключана 696 дагавораў міжнародных. Найб. значную дагаворную базу двухбаковых адносін Беларусь мае з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Казахстанам, Узбекістанам, Кітаем, Латвіяй, Малдовай, Румыніяй, Індыяй, В’етнамам, Іранам, ЗША, ФРГ, Турцыяй, Нідэрландамі, Балгарыяй, Вялікабрытаніяй.

У.​М.​Чушаў.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛГА́РЫЯ, Рэспубліка Балгарыя,

дзяржава на ПдУ Еўропы, ва ўсх. ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Румыніяй, на З з Югаславіяй і Македоніяй, на Пд з Грэцыяй і Турцыяй. На У абмываецца Чорным м. Пл. 110,99 тыс. км². Нас. 8800 тыс. чал. (1994). Дзярж. мова — балгарская. Сталіца — г. Сафія. Краіна падзяляецца на 9 абласцей. Нац. свята — 3 сак. (Дзень вызвалення ад асманскага ярма).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1991 Балгарыя — рэспубліка з парламенцкім праўленнем. Вярх. орган заканадаўчай улады — аднапалатны Народны сход (240 чл.), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады (пры зацвярджэнні канстытуцыі дзейнічае пад назвай Вялікі нар. сход, колькасць дэпутатаў павялічана да 400). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 5 гадоў; узначальвае ўзбр. сілы, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў, валодае правам вета на пастановы парламента. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які зацвярджаецца Нар. сходам.

Прырода. Поўнач Балгарыі займае Дунайская раўніна, якая на Пд абмяжоўваецца самым доўгім горным ланцугом краіны — Стара-Планіна выш. да 2376 м (г. Боцеў). Сярэдняя Балгарыя — невял. горныя масівы, міжгорныя катлавіны (Сафійская, Казанлыкская, Дзімітроўская) і Верхнефракійская нізіна. На ПдЗ — Рыла-Радопскі масіў, у складзе якога масіў Рыла (г. Мусала, 2925 м — найвышэйшы пункт Балгарыі і Балканскага п-ва), хрыбет Пірын, горы Радопы.

Карысныя выкапні: жал., свінцова-цынкавыя, медныя, хромавыя, марганцавыя, сярэбраныя руды, лігніты, буры і каменны вугаль. Ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу, а таксама каменная соль, вапняк, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і мяккай зімой. У Сафіі сярэдняя т-ра ліп. 21 °C, студз. -2 °C, на ўзбярэжжы ў Варне адпаведна 23 °C і 1 °C. Каля 650 мм ападкаў за год (на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 850—1000 мм). Рэкі Струма і Марыца ўпадаюць у Эгейскае м., Дунай, рэкі ўзбярэжжа — у Чорнае. Запасы гідраэнергіі — 10 млрд. кВт. Пад лясамі 28% тэрыторыі, пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук, граб). На схілах гор хваёвыя лясы (хвоя, елка, піхта). Пашыраны хмызнякі, альпійскія лугі.

Насельніцтва. Этнічны склад: 85,3% балгары, 8,5 туркі, 2,6 цыганы, 2,5% македонцы; жывуць таксама армяне, рускія, грэкі, румыны і інш. Паводле веравызнання праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (каля 9%), а таксама католікі, пратэстанты, іудзеі. 68% насельніцтва жыве ў гарадах. Самыя вял. гарады (тыс. ж., 1992): Сафія (1141), Плоўдзіў (379), Варна (316), Бургас (212), Русе (190). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 79 чал. на 1 км², на нізінах, раўнінах, у міжгорных катлавінах больш за 100—200, у гарах да 20—40 чал. на 1 км².

Гісторыя. Тэр. Балгарыі заселена чалавекам у сярэднім палеаліце. У 7—6 ст. да н.э. ў фракійскіх плямёнаў (стараж. насельнікаў балг. зямель) пачалося станаўленне класавага грамадства. У 4—1 ст. да нашай эры фракійцы змагаліся з македонцамі, пасля з рымлянамі, якія з 46 да нашай эры сталі гаспадарыць на Балканах. Пры падзеле Рымскай імперыі (395 нашай эры) тэр. Балгарыі адышла да Візантыі. З канца 5 — пач. 6 ст. на Балканскі п-аў пранікаюць слав. плямёны (склавіны і анты). Класавая дыферэнцыяцыя сярод славян і імкненні Візантыі аднавіць сваё панаванне на занятых славянамі землях паскорылі працэс фарміравання дзяржавы. У прыдунайскіх землях склаўся саюз Сямі слав. плямёнаў. У 680 дружыны цюркскіх пратабалгар на чале з ханам Аспарухам перайшлі Дунай, перамаглі візантыйцаў, заключылі пагадненне з правадырамі Сямі слав. плямёнаў і ўтварылі аб’яднаную славяна-балг. дзяржаву. У 681 Візантыя прызнала яе незалежнасць. Хрысціянства, якое з 2-й пал. 9 ст. стала афіц. рэлігіяй дзяржавы, паспрыяла паляпшэнню яе міжнар. становішча, фарміраванню балг. народнасці. Пры цару Сіямоне [893—927] Балгарыя ў выніку войнаў з Візантыяй павялічыла сваю тэрыторыю, дасягнула значнага паліт., эканам. і культ. росквіту. Але пагаршэнне эканам. становішча сялян вылілася ў 10 ст. ў шырокі грамадскі рух у форме рэліг. ерасі — багамільства (гл. Багамілы). Аслабленая гэтым рухам і феад. міжусобіцамі Балгарыя ў 1018 зноў трапіла пад уладу Візантыі. На барацьбу супраць яе балгары падымаліся ў 1040, 1072, 1074, 1079, 1084; усенар. паўстанне 1185—87 на чале з братамі Асенем і Пятром вымусіла Візантыю прызнаць у 1187 незалежнасць балг. дзяржавы. За гады праўлення цара Івана Асеня II [1218—41] у выніку яго ваен. і дыпламат. поспехаў значна пашырана тэр. Балгарыі (далучана б.ч. Фракіі, Македонія, Албанія), яна стала самай моцнай дзяржавай на Балканах. У 2-й пал. 13 ст. феад. адносіны ў краіне дасягнулі высокай ступені развіцця. Аднак жорсткая эксплуатацыя, набегі тат. ордаў даводзілі сялянства да галечы. У 1277—80 у краіне ўспыхнула антыфеад. паўстанне на чале з пастухом Івайлам. Феад. міжусобіцы прывялі Балгарыю да распаду на 2 царствы і княства, тэрыторыі якіх у 14 ст. сталі аб’ектам захопніцкай палітыкі Асманскай імперыі. У 1393 туркі захапілі г. Тырнава, пазней Тырнаўскае і Відзінскае царствы, у канцы 14 ст. — княства Дабруджу. Феад. эксплуатацыя народа дапоўнілася жорсткім нац і рэліг. прыгнётам. Балгары ўпарта змагаліся супраць тур. панавання (паўстанне на чале з Канстанцінам і Фружынам 1404, Тырнаўскія паўстанні 1598 і 1686, Чыпраўскае 1688, інш.). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Балгарыі зарадзіліся капіталіст. адносіны. Гарады сталі гандл.-прамысл. цэнтрамі. Вырасла нац. самасвядомасць балгар. У 1830-я г. нац. рух набыў форму барацьбы за нац. свецкую школу, у 1840—60-я г. — за стварэнне незалежнай балг. царквы (у 1870 Балгарыя атрымала аўтаномную царк. арг-цыю). Супраць тур. феадалаў узняліся сяляне (паўстанні 1835—36, 1841, 1850, 1856). У барацьбе за сваю незалежнасць балгары апіраліся на дапамогу рас. войскаў, якія актыўна падтрымлівалі іх у рус.-тур. войнах 1806—12, 1828—29, 1853—56.

Нац.-вызв. рух узмацніўся ў 2-й пал. 19 ст. Яго ўзначалілі дзеячы балг. адраджэння дэмакраты Г.С.Ракоўскі, Л.Каравелаў, В.Леўскі, Х.Боцеў. У 1869 арганізаваны Балг. рэв. к-т. Адбыліся Старазагорскае паўстанне 1875 і самае масавае выступленне балг. народа супраць тур. панавання — Красавіцкае паўстанне 1876. Абодва яны задушаны, пераможаны і атрад Боцева, у падрыхтоўцы і ўзбраенні якога актыўна ўдзельнічаў беларус М.К.Судзілоўскі. Нечуваныя зверствы тур. войскаў у час разгрому паўстанняў выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету. Шырокі рух у падтрымку балг. народа разгарнуўся на Беларусі. Толькі ў Мінскай губ. было сабрана больш за 13 тыс. руб. Каб удзельнічаць у барацьбе на баку балгар, з Беларусі выехалі добраахвотнікі. Падзеі ў Балгарыі абвастрылі Усходні крызіс, які прывёў да рус.-тур. вайны 1877—78. У час яе воіны 54-га пях. Мінскага палка ў ліку першых фарсіравалі Дунай 27.6.1877 і вызвалілі г. Свіштоў. Перадавы атрад рас. арміі на Балканах узначальваў ураджэнец Беларусі ген.-лейт. І.У.Гурка. Беларусы ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Шыпкінскага перавалу, у баях за Плеўну і Стара-Загору. Сан-Стэфанскі мірны дагавор 1878, якім скончылася вайна, прадугледжваў стварэнне самаст. балг. дзяржавы. Але пад націскам зах. краін Берлінскі кангрэс 1878 прыняў рашэнне падзяліць Балгарыю на васальнае ад Турцыі Балг. княства і аўтаномную Усх. Румелію ў межах Тур. імперыі. Фракія і Македонія зноў адышлі да Турцыі. Тым не менш у выніку вайны 1877—78 былі закладзены асновы самаст. нац. балг. дзяржавы, прынята Тырнаўская канстытуцыя 1879. На трон Балг. княства выбраны (па рэкамендацыі краін — удзельніц Берлінскага кангрэсу 1878) ням. прынц Аляксандр Батэнберг [1879—86), які ў 1881 адмяніў канстытуцыю, а ў знешняй палітыцы імкнуўся зблізіць Балгарыю з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй. Патрыят. рух супраць падзелу краіны перарос у вер. 1885 ва ўзбр. паўстанне, у выніку якога Усх. Румелія ўз’ядналася з Балг. княствам. Уладу ў краіне захапілі колы, што падтрымлівалі палітыку Аўстра-Венгрыі і Германіі. Яны пасадзілі на трон ням. прынца Фердынанда I Кобургскага [1887—1918].

У 1891 пад кіраўніцтвам Дз.Благоева засн. Балг. с.-д. партыя. Пасля Бурж. рэвалюцыі 1908 у Турцыі Балгарыя пазбавілася ад васальнай залежнасці і ў кастр. 1908 абвясціла поўную незалежнасць; Фердынанд прыняў тытул «цара балгар». У 1912 Балгарыя заключыла саюзныя дагаворы з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй (гл. Балканскі саюз 1912), накіраваныя супраць Турцыі і аўстра-венг. экспансіі на Балканах. У 2-й Балканскай вайне (гл. Балканскія войны 1912—13) Балгарыя была пераможана і страціла частку сваіх тэрыторый, набытых у 1-й Балканскай вайне. У 1-й сусв. вайне Балгарыя ўдзельнічала на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі. Паводле Нёіскага мірнага дагавора 1919 Балгарыю акупіравалі войскі Антанты. Краіны-пераможцы анексіравалі каля 11,3 тыс. км² яе тэрыторыі і прымусілі выплаціць вялікую рэпарацыю.

Уладайскае паўстанне 1918 супраць манархічнай улады, у якім удзельнічала каля 30 тыс. рэв. настроеных салдатаў, было задушана з дапамогай ням. войскаў. Але цар Фердынанд адмовіўся ад трона на карысць сына Барыса III. На выбарах у Нар. сход 28.3.1920 перамог Балг. земляробчы нар. саюз (ВЗНС), лідэр якога А.Стамбалійскі ўтварыў аднапартыйны ўрад, прыняў шэраг дэмакр. законаў. 9.6.1923 правыя сілы на чале з А.​Цанкавым ажыццявілі дзярж. пераварот. Арганізаванае камуністамі 23.9.1923 узбр. паўстанне жорстка задушана, рэформы Стамбалійскага адменены, Балг. камуніст. партыя, дэмакр. партыі і арг-цыі забаронены.

У выніку выбараў у Нар. сход 21.6.1931 да ўлады прыйшоў урад Нар. блока (кааліцыі бурж. партый і ВЗНС), але прыкметных змен ва ўнутр. і знешняй палітыцы не адбылося. Каб умацаваць пазіцыі буржуазіі, Ваен. ліга (аб’ядноўвала рэакц. афіцэрства) і паліт. група «Звяно» 19.5.1934 учынілі дзярж. пераварот (распушчаны Нар. сход, усе паліт. партыі і прафсаюзы), што стала перадумовай усталявання ў Балгарыі манарха-фаш. дыктатуры.

У час 2-й сусв. вайны кіраўніцтва краіны на чале з царом Барысам III падпісала ў сак. 1941 пратакол пра далучэнне Балгарыі да траістага саюза фаш. дзяржаў. У распараджэнне герм. камандавання былі аддадзены ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, аэрадромы, чыгункі. Да Балгарыі далучаны тэр., страчаныя ў 1919. 13.12.1941 Балгарыя абвясціла вайну Вялікабрытаніі і ЗША. У краіне разгарнуўся антыфаш. рух, фарміраваліся партыз. атрады, якія ў 1943 аб’ядналіся ў адзіную Нар.-вызв. паўстанцкую армію. 17.7.1942 абвешчана праграма Айч. фронту: скінуць манарха-фаш. рэжым, устанавіць нар.-дэмакр. ўладу. 5.9.1944 урад СССР абвясціў правячым колам Балгарыі вайну. У ноч на 9.9.1944 антыфаш. сілы скінулі існуючы рэжым (гл. Вераснёўскае ўзброенае народнае паўстанне 1944), да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад Айч. фронту, які аб’явіў вайну фаш. Германіі, Балгарыя далучылася да дзяржаў-саюзніц. На падставе рэферэндуму 8.9.1946 ліквідавана манархія, Балгарыя абвешчана Нар. Рэспублікай (15.9.1946). Пасля выбараў у Вял. нар. сход з 27.10.1946 урад узначаліў Г.Дзімітроў.

Пасляваеннае развіццё Балгарыі адбывалася па шляху абвяшчэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства пад кіраўніцтвам кампартыі, нацыяналізацыі прам-сці, агр. рэформаў. У Балгарыі ўсталяваўся таталітарны рэжым: у 1947 ліквідавана апазіцыя камуніст. ўраду, яе лідэр Н.​Петкаў пакараны смерцю. Пасля смерці Г.​Дзімітрова (1949) В.​Чарвенкаў пачаў масавыя чысткі, спыненыя ў 1954 Т.​Жыўкавым. З канца 1970 — пач. 1980-х г. у Балгарыі стаў паглыбляцца крызіс у эканам. і культ. жыцці. Ён яшчэ больш абвастрыўся ў 1984 у сувязі з асіміляцыйнымі дзеяннямі балг. улад супраць насельніцтва тур. паходжання. З канца 1980-х г. у Балгарыі разгарнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на злом і ліквідацыю ранейшага рэжыму і вынікаў яго кіравання. У 1989 створана дэмакр. апазіцыя, адпраўлены ў адстаўку Жыўкаў. З ліст. 1990 краіна стала наз. Рэспублікай Балгарыя. У ліп. 1991 прынята новая канстытуцыя. У выніку парламенцкіх выбараў у кастр. 1991 да ўлады прыйшоў Саюз дэмакр. сіл, які ўзяў курс на ўмацаванне дэмакратыі і пераход да рыначнай сістэмы; прыняты закон аб паліт. партыях і арг-цыях, аб зямлі, прыватызацыі і інш. У ліку прыярытэтных задач вызначаны інтэграцыя з еўрап. паліт. і эканам. структурамі, супрацоўніцтва з інш. краінамі на двухбаковай і рэгіянальнай аснове. Прэзідэнт краіны з 19.1.1992 Ж.Жэлеў. Балгарыя чл. ААН з 1955, удзельніца хельсінскага працэсу, уваходзіць прыкладна ў 300 міжнар. арг-цый. Беларусь і Балгарыя маюць даўнія традыцыі дружбы і шматбаковых сувязяў — гандаль і тавараабмен, абмен вопытам, сувязі ў галіне навукі, л-ры і мастацтва, турызму і спорту, дэкады балг. культуры на Беларусі і бел. культуры ў Балгарыі, дапамога Балгарыі бел. народу ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і інш. На Беларусі і ў Балгарыі працуюць т-вы дружбы і культ. сувязяў. Афіц. Дыпламат. адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Балгарыяй ўстаноўлены 26.3.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Балгарыі зарэгістравана каля 80 партый і паліт. рухаў, у т. л. Саюз дэмакр. сіл (аб’ядноўвае каля 20 партый і рухаў), Балгарская сацыяліст. партыя, Рух за правы і свабоды, Балгарская сац.-дэмакр. партыя, Балгарскі земляробчы нар. саюз. Арганізатары прафс. руху ў краіне — Канфедэрацыя незалежных сіндыкатаў Балгарыі і Канфедэрацыя працы «Падкрэпа».

Гаспадарка. Балгарыя — індустрыяльна-агр. дзяржава. Удз. в. прамысловасці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. Аснова энергетыкі — здабыча вугалю (каля 32 млн. т за год, у т. л. лігніту каля 28 млн. т). Гал. басейны: Усх.-Марыцкі і Зах.-Марыцкі, Перніцкі, Бобаўдальскі, Балканскі, Чарнаморскі. Найбольшыя ЦЭЦ (у Сафіі, Дзімітроўградзе) працуюць на лігнітах. Каля ⅓ электраэнергіі дае АЭС Казладуй (на ПнЗ). У гарах, пераважна на Пд, каскады невялікіх ГЭС. Выпрацоўка электраэнергіі каля 42 млрд. КВт∙гадз. Імпартуюцца каменны вугаль, кокс, нафта, газ. Асн. сыравінная база для каляровай металургіі — радовішчы Усх. Радопаў (Мадан, Рудазем). Найб. яе камбінаты ў Кырджалі і каля Плоўдзіва (свінец, цынк, рэдкія металы), у Злаціцы і Сафіі (медзь), у Шумене (алюміній). Чорная металургія ў Сафійска-Перніцкім раёне (камбінаты ў Крамікаўцах і Перніку). Выплаўка сталі 1,6 млн. т, імпарт. жал. руды 0,5 млн. т, здабыча 0,32 млн. т (1992). У машынабудаванні развіта вытв-сць абсталявання падымальна-трансп. і для харчова-смакавай прам-сці, электра- і мотакараў, электраабсталявання (акумулятараў, электраматораў і інш.). Выпускаецца выліч. і радыёэлектронная тэхніка. Прадпрыемствы трактарнай (Карлава), станкабуд. і электратэхн. (Сафія), суднабуд. (Варна, Бургас, Русе), аўтамаб. (Шумен, Ловеч, Плоўдзіў) прам-сці. Буйнейшыя цэнтры машынабудавання — Сафія, Русе, Плоўдзіў, Варна. Хім. прам-сць на базе радовішчаў вугалю, каменнай солі і пірытаў. Вытв-сць азотных угнаенняў (911 тыс. т, 1991) у Дзімітроўградзе і Стара-Загоры, складаных і фосфарных у Дзеўні, нафтахімія ў Бургасе і Плевене, выраб сінт. валокнаў у Бургасе, Ямбале, Відзіне, штучных валокнаў і тканін у Свіштове, соды і хлору ў Дзівіне. Вытв-сць каўстычнай соды 521,8 тыс. т, кальцыніраванай — 1046 тыс. т (1992), буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, блочныя вырабы). Лёгкая і харч. прам-сць дае каля палавіны ўсяго аб’ёму прамысл. прадукцыі. Тэкст. прам-сць сканцэнтравана ў Сафіі, Габраве, Слівене, Плоўдзіве. Ёсць прадпрыемствы швейнай, гарбарна-футравай і абутковай прам-сці. У харч. прам-сці высокая ўдз. в. тытунёвай, кансервавай, вінаробчай (2458 тыс. гекталітраў віна ў 1992), цукр. і алейнай вытв-сці. У Карлаве атрымліваюць ружавы алей. У сельскай гаспадарцы вядучая галіна — раслінаводства. С.-г. землі займаюць больш за палавіну тэрыторыі (6,1 млн. га), з іх 60% ворыва, 11% сады, вінаграднікі, агароды. Арашаецца больш за 1 млн. га. Асн. масівы разараных зямель на Ніжнедунайскай раўніне, Верхнефракійскай нізіне і ў Дабруджы (на ПнУ). Каля 60% пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Валавы збор (1992, тыс. т): пшаніцы — 3270, кукурузы — 2300, ячменю — 1100, рысу — 20, бульбы — 550, перцу — 220, памідораў — 472, тытуню — 72, сланечніку — 470, цукр. буракоў — 868. Вырошчваюць таксама бавоўнік, кармавую люцэрну і кукурузу, у Карлаўскай і Казанлыкскай катлавінах — эфіраалейныя культуры (ружа, мята, лаванда). Садоўніцтва (яблыкі, слівы, персікі) і вінаградарства (700 тыс. т, 1992) у перадгор’ях і ў Кюстэндзільскай катлавіне. Цукр. буракі і сланечнік вырошчваюць на Пн, тытунь, бавоўнік, каноплі, а таксама гародніну (памідоры, перац, баклажаны) — у катлавінах сярэдняй і паўднёвай ч. краіны. Жывёлагадоўля (1992, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 1,3, свіней 3, авечак 6,7, птушкі 21. У гарах пераважае экстэнсіўная горнапашавая жывёлагадоўля. Транспарт. Даўжыня чыгунак (1992) — каля 4,3 тыс. км, з іх 61,4% электрыфікавана. Агульная працягласць аўтадарог амаль 37 тыс. км. 70% перавозак ажыццяўляецца аўтатранспартам, 17% — па чыгунках. Марскі і рачны транспарт. Гал. марскія парты Бургас і Варна, дунайскі порт Русе. Чыг. паромная пераправа Варна—Ільічоўск (Украіна). Міжнар. авіяц. лініі праз Сафію, Варну. Гандаль больш як са 100 краінамі. Экспарт прадукцыі машынабудавання, соды і хім. угнаенняў, тытунёвых вырабаў, агародніны і садавіны, вінаграду; імпарт энерганосьбітаў, сыравіны для хім. прам-сці, аўтамабіляў, тавараў нар. ўжытку. Беларусь пастаўляе ў Балгарыю шыны для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі, быт. халадзільную тэхніку, трактары, экскаватары, падшыпнікі, шпалеры, ільняныя тканіны і інш.; атрымлівае з Балгарыі аўтапагрузчыкі, медыкаменты, акумулятары, цукар і інш. харч. тавары, тытунёвыя вырабы. Адна з важнейшых крыніц даходаў краіны — замежны турызм (каля 10 млн. чал. штогод). Найб. вядомыя курорты: Залатыя Пяскі, Дружба, Албена (каля Варны), Сонечны Бераг (каля Бургаса); горныя курорты — Боравец, Пампорава. Грашовая адзінка — леў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чалавек. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі 1 на 97 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 312 чал. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 12 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Балгарыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў; адзіную школу з 2 ступенямі — базавай (пач. — 4 гады і няпоўная сярэдняя — 4 гады) і поўнай сярэдняй адукацыі (узрост абавязковага навучання ад 6—7 да 16 гадоў); прафес. і вышэйшыя (у т. л. няпоўныя вышэйшыя) навуч. Ўстановы. Базавыя і поўныя сярэднія школы падпарадкоўваюцца органам мясц. самакіравання і маюць права самастойна вызначаць мэты і метады навучання. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты «Клімент Охрыдскі» ў Сафіі, «Паісій Хілендарскі» ў Плоўдзіве, «Кірыла і Мяфодзій» у Тырнаве; эканам. і механіка-электратэхн. ін-ты ў Сафіі. Сярод няпоўных ВНУ — 16 настаўніцкіх ін-таў, ін-т сувязі, бібліятэчны. Буйнейшыя б-кі: Нар. б-ка імя Кірылы і Мяфодзія, б-ка ун-та «Клімент Охрыдскі», б-ка Балг. АН, Нар. б-ка ў Плоўдзіве. Музеі: Нац. маст. галерэя, этнагр., археал., ваенна-гіст. ў Плевене, археал. і этнагр. музеі ў Плоўдзіве і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Балг. АН (засн. ў 1869), Акадэміі с.-г. Навук, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Штодзённа выходзіць 19 цэнтр. газет, з іх буйнейшыя: «24 часа» («24 гадзіны»), «Дума», «Демокрация» («Дэмакратыя»). Тэле- і радыёвяшчаннем ахоплена больш за 90% тэр. краіны. Разам з цэнтр/ тэлебачаннем дзейнічаюць 4 мясц. тэлецэнтры (у Варне, Плоўдзіве, Русе, Благоеўградзе). Самыя буйныя інфарм. агенцтвы: Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), Сафія-прэс.

Літаратура. Узнікла ў 2-й пал. 9 ст. і звязана з дзейнасцю першых слав. асветнікаў, стваральнікаў слав. пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія. Росквіт стараж. балг. л-ры (9—10 ст.) звязаны з охрыдскай і праслаўскай літ. школамі (Клімент Охрыдскі, Канстанцін Праслаўскі, Іаан Экзарх, Чарнарызец Храбр). Жанрава разнастайная л-ра сярэднявечча (жыціі, службы, філас., філал. творы, проза і паэзія) мела царкоўна-дыдактычны характар. У 10 ст. ўзнікла т.зв. багамільская (ерэтычная) л-ра (жыціі, апокрыфы, легенды і паданні). Значны ўклад у развіццё культ. і літ. жыцця позняга сярэднявечча зрабілі прадстаўнікі тырнаўскай літ. школы (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, Канстанцін Касцянецкі, стваральнік школы, рэфарматар правапісу, дзеяч асветы і л-ры Яўфімій Тырнаўскі). Турэцкі прыгнёт не садзейнічаў развіццю л-ры. Кніжная дзейнасць пры цэрквах і манастырах (Уладзіслаў Граматык, Поп Пеё, Матэй Граматык) стала сродкам пашырэння ведаў і фарміравання нац. самасвядомасці. Духоўнае жыццё народа адлюстроўваў фальклор (юнацкія, гайдуцкія, гіст. песні, балады, легенды, казкі). У 17—18 ст. бытавалі дамаскіны — зборнікі пропаведзяў грэч. епіскапа 16 ст. Дамаскіна Студыта, перакладзеныя на дыялекты стараж. балг. мовы. Пачынальнік Балг. адраджэння (2-я пал. 18 — 1878) Паісій Хілендарскі ў «Гісторыі славяна-балгарскай» (1762) упершыню ў балг. л-ры адлюстраваў ідэі тагачаснай эпохі, барацьбу за нац. мову, асвету, незалежнасць. Асветніцкія творы яго паслядоўнікаў засведчылі пераход л-ры ад традыц. агіяграфіі да мемуараў і сентыментальнага рамана Новага часу. Эстэт. канцэпцыю асобы тагачаснай гіст. эпохі ўвасобіў Сафроній Урачанскі («Жыццё і пакуты грэшнага Сафронія», 1805). У 1820—40-я г. развівалася навук., філал. і маральна-дыдактычная л-ра, з’явіліся першыя перыяд. выданні. У л-ры 1850—70-х г. адлюстраваны ўздым нац.-вызв. барацьбы, асн. кірункі тагачаснага паліт., культ. жыцця — асветніцкі (П.​Славейкаў) і рэвалюцыйны (Д.​Чынтулаў, Г.​Ракоўскі). Прадстаўнік рэаліст. л-ры Л.​Каравелаў. Вяршыняй паэзіі адраджэння стала творчасць Х.​Боцева. У гэты перыяд зараджаліся новыя літ. жанры: байка і павучальнае апавяданне (П.​Бярон, Элін Пялін), фельетон (А.​Канстанцінаў), аповесць (Т.​Влайкаў), літ. крытыка (Дз.​Благоеў, К.​Крысцеў), дакумент. проза (З.​Стаянаў), драма (П.Явараў), раман (І.Вазаў). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся мадэрнісцкія тэндэнцыі (у крытыцы — Крысцеў, у маст. л-ры — Славейкаў), узнік сімвалізм (Явараў, Т.​Траянаў, Х.​Ясенаў), індывідуалістычныя дэкадэнцкія настроі (Славейкаў, Дз.​Дэбелянаў). Пасля паўстання 1923 пашырылася т.зв. вераснёўская л-ра, скіраваная супраць фашызму (Г.​Мілеў, А.​Разцветнікаў, А.​Страшыміраў, Л.​Стаянаў і інш.). Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ры запанаваў сацыяліст. рэалізм (заснавальнік Х.Смірненскі). У маст. творах асвятляліся сац.-паліт., маральна-псіхал. праблемы, тэмы вясковага і гар. жыцця і побыту. Значных поспехаў дасягнуў балг. раман: гіст.-рэв. (Дз.​Талеў), сац.-псіхал. (С.​Даскалоў, Дз.​Дзімаў, Э.​Станеў), маральна-этычны (К.​Калчаў, А.​Гуляшкі, П.​Вежынаў). З пач. 1960-х г. развіваюцца малыя празаічныя жанры: «мікрараман», аповесць, апавяданне, навела (І.​Пятроў, М.​Хайтаў, І.​Радзічкаў); пейзажная, інтымная, філас. паэзія (А.​Германаў, Л.​Леўчаў, Л.​Даскалова і інш.); лірычная (Дз.​Фучаджыеў, І.​Давыдкаў, Д.​Жоцеў, С.​Паптонеў, Б.​Дзімітрова) і дакумент. (Е.​Каранфілаў, М.​Хрыстозаў) проза. У л-ры апошніх гадоў выяўляецца пратэст супраць разбурэння сувязяў паміж людзьмі, дэфармацыі духоўнага свету чалавека (Фучаджыеў, Б.​Томаў і інш.), спроба асэнсаваць значнасць гіст. працэсаў, складаную дынаміку жыцця і вастрыню маральна-этычных праблем.

Бел.-балг. сувязі зарадзіліся яшчэ да прыняцця хрысціянства на Беларусі, калі сюды пачалі трапляць балг. кнігі. У 14 ст. творы прадстаўнікоў тырнаўскай літ. школы спрыялі станаўленню жанраў бел. л-ры (напр., аратарскай прозы, на Беларусі жыў Цамблак). У 19 ст. сувязі ўзмацніліся (В.​Дунін-Марцінкевіч прысвяціў балг. народу верш «Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; вызваленне Балгарыі вітаў Я.​Купала вершамі «Забраны край», «На вялікім свеце...». У 1920—30-я г. ў балг. перыёдыцы з’явіліся артыкулы пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, М.​Чарота, А.​Александровіча, у беларускай — вершы Боцева, Смірненскага, Н.​Ланкава, артыкулы Г.​Бакалава, З.​Снежкі. Асобнымі кнігамі выдадзены творы Канстанцінава, М.​Марчэўскага, С.​Лілянава. Пасля 2-й сусв. вайны сувязі і ўзаемаўплывы паглыбіліся (праводзіліся дні нац. культур, сімпозіумы перакладчыкаў і інш.). Выходзілі анталогіі паэзіі і прозы, выданні асобных аўтараў, працы даследчыкаў па пытаннях нац. л-ры і ўзаемасувязяў. На бел. мове апублікаваны празаічныя творы Вазава, Гуляшкі, Даскалова, Караславава, Вежынава, кніга лірыкі Н.​Вылчава, зб-кі сучаснай балг. паэзіі, твораў для дзяцей, нар. песень, казак. З артыкуламі пра балг. л-ру выступілі Н.​Гілевіч, Л.​Цімашкова, В.​Цімафеева. На балг. мове выдадзены зб-кі вершаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Куляшова, П.​Броўкі, М.​Танка, П.​Панчанкі, Гілевіча, Р.​Барадуліна, празаічныя творы А.​Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка, В.​Быкава, І.​Шамякіна і інш. На балг. мову бел. творы перакладалі Н.​Вылчаў, Давыдкаў, Германаў, Г.​Вылчаў, Х.​Бербераў, на бел. мову балг. творы — Гілевіч, Барадулін, В.​Нікіфаровіч, В.​Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпох неаліту і бронзы (4—2-е тыс. да нашай эры) на тэр. Балгарыі выяўлены гліняныя посуд з геам. арнаментам, фігуркі людзей і жывёл, ад ранняга жал. веку — мегалітычныя збудаванні (дальмены ў гарах Странджа, Сакар і Усх. Радопы), наскальныя малюнкі з выявамі людзей і жывёл. На чарнаморскім узбярэжжы зберагліся рэшткі стараж.-грэч. гарадоў (Апалоніі, Месембрыі, цяпер г. Нясебыр) з ант. скульптурай. Зберагліся рэшткі гарадоў і крэпасцяў рым. эпохі (Рацыарыя, Эскус, 1—2 ст. н. э.), царква св. Георгія ў Сафіі і грабніца ў Сілістры (4 ст.). У перыяд візант. панавання тут будаваліся хрысц. храмы (Старая мітраполія ў Нясебыры, ку́пальная базіліка св. Сафіі ў г. Сафія, 5—6 ст.). З утварэннем Балг. царства (681—1018) пачало фарміравацца ўласна балг. мастацтва, якое складвалася на аснове культуры стараж. славян і протабалгар пад уплывам ант. і візант. традыцый. Сярод першых помнікаў балг. дойлідства — рэшткі крапасных сцен і палацаў 9—10 ст. у Плісцы і Прэславе. Інтэр’еры палацаў з мармуровымі каланадамі былі ўпрыгожаны плітамі і карнізамі з разным геам. узорам, скульптурай з медзі і каменю. Унікальны помнік 9 ст. — велічны барэльеф, высечаны на скале каля с. Мадара, т.зв. «Мадарскі коннік». Царк. архітэктура 9—10 ст. мела візант. прататыпы (Вял. базіліка ў Плісцы, т.зв. круглая царква ў Прэславе), маляўнічае дэкар. ўбранне. Уздым мастацтва Балгарыі пачаўся ў эпоху Другога Балг. царства (1187—1396), калі гал. Маст. цэнтрам стала Тырнава (сучасны г. Вяліка-Тырнава). Дойлідства гэтага часу адметнае свабоднай трактоўкай візант. традыцый, дэкар. вытанчанасцю (цэрквы 12—14 ст. у Вяліка-Тырнаве і Нясебыры). Высокага ўзроўню дасягнулі манум. жывапіс, сценапіс (царква ў с. Баяна, 1259, цяпер у межах г. Сафія), мініяцюры «Хронікі Манасія» і «Евангелле Івана Аляксандра» (сярэдзіна 14 ст.), ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і інш. маст. рамёствы. З тур. нашэсцем у канцы 14 ст. многія помнікі знішчаны, стараж.-балг. мастацтва заняпала. Новы ўздым культуры пачаўся ў эпоху Балг. адраджэння. У гарадах будаваліся дамы, цэрквы, масты, гадзіннікавыя вежы, перабудоўваліся манастыры (Рыльскі манастыр). У канцы 18 ст. склаліся нац. тыпы жылых дамоў з каменным цокальным і фахверкавым 2-м паверхам, з мноствам галерэй, эркераў, балконаў, з размалёўкай на атынкаваных фасадах і ў інтэр’ерах, прыгожай разной столлю (дамы ў Плоўдзіве, Вяліка-Тырнаве і інш.). Заснавальнікамі свецкага мастацтва Балгарыі сталі жывапісцы З.​Зограф, С.​Даспеўскі, Н.​Паўлавіч.

Пасля вызвалення Балгарыі ад асманскага ярма пачалася рэканструкцыя гар. Цэнтраў, узводзіліся грамадскія будынкі ў духу эклектызму і ў неавізантыйскім стылі. У выяўл. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. развіваецца кірунак дэмакр. рэалізму (А.​Мітаў, І.​Ангелаў, І.​Мырквічка, Я.​Вешын). У 1920—30-я г. нац. традыцыі развівалі Х.​Станчаў, У.​Дзімітроў-Майстара, С.​Венеў, І.​Мілеў, П.​Георгіеў, партрэтны і пейзажны жывапіс — І.​Пятроў, Дз.​Узунаў, П.​Младэнаў і інш. У архітэктуры пластычную выразнасць і нац. своеасаблівасць пабудоў вызначае выкарыстанне традыц. для Балгарыі арх. элементаў (балконаў, эркераў, лоджый). У 1970-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны ў Сафіі, Плоўдзіве і інш., курортныя комплексы «Сонечны бераг», «Залатыя Пяскі». Паводле новых планаў забудоўваліся вял. гарады, новыя прамысл. цэнтры (Дзімітроўград, Мадан і інш.).

У пошуку новых выразных рашэнняў да стараж. нац. мастацкіх традыцый звяртаюцца жывапісцы І.​Кіркаў, Д.​Кіраў, С.​Русеў, Л.​Дзіманаў, К.​Ісінаў, А.​Пятроў, скульптары А.​Ніколаў, І.​Фунеў, М.​Маркаў, графікі Б.​Ангелушаў, П.​Вылкаў, манументалісты А.​Стаменаў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (кераміка, тканіны, дываны, разьба па дрэве) сучасныя маст. прынцыпы спалучаюцца з нар. традыцыямі.

Музыка. Балгарская нар. музыка склалася на аснове фальклору стараж. славян і інш. народаў, што жылі на тэр. Балгарыі. Зберагліся старадаўнія абрадавыя, працоўныя, пастухоўскія песні (пераважна аднагалосыя), рытуальныя песнапенні і танцы з архаічнай мелодыкай і складанай нерэгулярнай рытмікай. З 18 ст. пашыраны гайдуцкія песні, з 19 ст. — песні нац. адраджэння, пазней пралетарскія, антыфаш. і партыз. песні. Сярод інструментаў: струнна-смычковы — гадулка, струнна-шчыпковы — тамбур; духавыя — гайда, кавал. Пасля прыняцця праваслаўя ў 9 ст. склалася балг. царк.-пеўчая традыцыя. Свецкае мастацтва фарміруецца з сярэдзіны 19 ст. Заснавальнікі нац. кампазітарскай школы: Э.​Манолаў (аўтар першай балг. оперы «Жабрачка», 1900, не скончана), А.​Букараштліеў, Д.​Хрыстаў, Н.​Атанасаў (аўтар першай балг. сімфоніі). Значнае месца належыць операм Г.​Атанасава (1910—20-я г.), творам П.​Уладзігерава (опера «Цар Калаян», інстр. канцэрты), Л.​Піпкава (опера «Дзевяць братоў Яны», вак.-сімф. паэма «Вяселле», 1-я сімфонія), П.​Стайнава, Ф.​Куцева, В.​Стаянава (опера «Саламбо»), М.​Галемінава (балет «Несцінарка») і інш. Пасля 2-й сусв. вайны вядучыя кампазітары Піпкаў, П. і А.​Уладзігеравы, Стаянаў, Куцеў, Галемінаў, П.​Хаджыеў, А.​Райчаў, К.​Іліеў (і дырыжор), Д.​Хрыстаў, Г.​Мінчаў. Праводзяцца міжнар. фестывалі і конкурсы. Працуюць 10 муз. т-раў, у т. л. Сафійская нар. опера, больш за 15 сімф. і камерных аркестраў, Саюз балг. кампазітараў (1947), Саюз балг. муз. дзеячаў (1965), Ін-т музыказнаўства пры Балг. АН (1948), Балг. дзярж. кансерваторыя (1954) і інш.

Тэатр. Вытокі балг. т-ра ў нар. гульнях, асабліва ў «кукерах». Першыя публічныя тэатр. паказы ў 1856 у Ломе і Шумене. У 1866 драматург Д.​Войнікаў засн. балг. трупу ў Брэіле (Румынія). Прафес. т-р узнік пасля вызвалення Балгарыі ад тур. прыгнёту (першая трупа ў Плоўдзіве, 1883). У 1887 засн. «Плоўдзіўская аматарская трупа» (з 1888 працавала як драм. трупа «Аснова» ў Сафіі). У 1892 на яе базе створана дзярж. драм. трупа «Сляза і смех» (з 1904 Нар. т-р імя І.​Вазава), дзе ставіліся п’есы балг. драматургаў — Вазава, В.​Друмева, А.​Страшымірава і інш. У перыяд уздыму балг. т-ра (1904—12) сфарміравалася рэаліст. акцёрскае мастацтва. Яго заснавальнікі — выхаванцы рус. тэатр. школ А.​Будзеўская, К.​Сарафаў, Г.​Кіраў, М.​Масаліцінаў. Пасля 2-й сусв. вайны развівалася нац. драматургія, ствараліся новыя тэатр. калектывы, ставіліся п’есы замежных аўтараў, у т. л. беларускіх: «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (Нар. т-р моладзі ў Сафіі), «Канстанцін Заслонаў» (Нар. т-р імя Вазава) і «Калі ты чалавек» (Нар. т-р моладзі) А.​Маўзона, «Лявоніха на арбіце» (Сафійскі т-р сатыры), «Зацюканы апостал» (т-ры Сафійскі сатыры і Відзінскі) і «Трыбунал» (т-ры Сафіі, Варны, Тырговіштэ) А.​Макаёнка, «Амністыя» (у многіх т-рах) М.​Матукоўскага. Сярод акцёраў: А.​Караміцеў, С.​Гецаў, Л.​Кабакчыеў, Г.​Калаянчаў, Ц.​Манева, І.​Кондаў; сярод рэжысёраў: Ф.​Філіпаў, К.​Мірскі, М.​Андонаў, В.​Цанкоў, Л.​Даніэль. Л.​Гройс, Я.​Агнянава. У 1948 засн. вышэйшы ін-т тэатр. мастацтва.

Кіно. Вытворчасць дакумент. і хранік. фільмаў пачалася з 1907, мастацкіх — з 1915. У 1919 утворана акц. т-ва «Лунафільм». У 1930-я г. ставіліся камедыі, меладрамы, гіст. фільмы. У 1933 выпушчаны першы гукавы фільм «Бунт раба». У 1939 створана дзярж. кінафірма «Балгарская справа». З канца 1940-х г. разам з вопытнымі (Л.​Мартынавіч, З.​Жандаў) пачалі працаваць рэжысёры, што заклалі асновы сучаснага нац. кінамастацтва (Д.​Дакоўскі, Б.​Шараліеў, Х.​Піскаў, Р.​Вылчанаў, Б.​Жалязкава і інш.), створана аб’яднанне «Балгарская кінематаграфія». У 1950-я г. ўзмацняюцца ідэалаг. матывы [«Калін Арол», «Трывога», «Песні пра чалавека», «Неспакойны чалавек», «Героі Шынкі» (сумесна з СССР), «Зоркі» (з ГДР)]. З канца 1950-х г., з прыходам рэжысёраў Г.​Дзюлгерава, Л.​Стайкава, М.​Ніколава і інш., пачынаюцца пошукі творчых сродкаў спасціжэння псіхалогіі чалавека і нац. характару [«На маленькім востраве», «Якія маладыя мы былі», «Сонца і цень», «Тытунь» (у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Выкрадальнік персікаў», «Ланцуг», «Цар і генерал» і інш.]. Здымаліся гіст. фільмы для моладзі, камедыі, развіваліся жанры лірычнага дэтэктыва, кінааповесці («Бывайце, сябры», «Чорныя анёлы», «Матрыярхат», «Бар’ер», «Раўнавага», «Хан Аспарух»), У 1976 зняты сумесна бел.-балг. фільм «Братушка» (рэж. І.​Дабралюбаў). Развіваецца дакумент., навук.-папулярнае і анімацыйнае кіно. У 1952 арганізаваны Саюз балгарскіх кінематаграфістаў. Кінастудыі працуюць у Варне (з 1962) і Плоўдзіве (з 1975).

Літ.:

Цімашкова Л.Я. Беларуска-балгарскія літаратурныя сувязі. Мн., 1963;

Мельцар Д.Б., Савачкін П.З. Беларусь і Балгарыя — дружба, супрацоўніцтва, братэрства. Мн., 1973;

Гілевіч Н.С. Верная вялікім запаветам: Сучас. балг. паэзія, 1956—1976. Мн., 1977;

Нікіфаровіч В. Дарогі ў шырокі свет: Старонкі літ. узаемасувязей. Мн., 1979;

Вълчев Г. Приобщения: Лит. контакти и аналогии. София, 1971;

Львова Е.П. Изобразительное искусство Болгарии эпохи национального Возрождения. М., 1975;

Енциклопедия на изобразителните изкуства в България. Т. 1—2. София, 1980—87;

Арбалиев Г.П. Национални традиции в архитектурата. София, 1982;

Хлебаров И. История на българската музикална культура. София, 1985.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), Г.​Я.​Адамовіч (літаратура), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Балгарыі.
Да арт. Балгарыя. Цясніна р. Лева ў гарах Стара-Планіна.
Да арт. Балгарыя. Залаты скарб з с. Вылчытрын (Плевенская акруга). 8 ст. да н.э.
Да арт. Балгарыя. Радопы ў Кырджалійскай акрузе.
Да арт. Балгарыя. Горад Слівен.
Да арт. Балгарыя. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе.
Да арт. Балгарыя. Шыпка. Помнікі рускім воінам і балгарскім апалчэнцам, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—78.
Да арт. Балгарыя. Сланечнікавыя палі на Дунайскай раўніне.
Да арт. Балгарыя. Плошча «9 верасня» ў Сафіі. Фрагмент.
Да арт. Балгарыя. Бачкаўскі манастыр.
Да арт. Балгарыя. Царква Старая мітраполія ў г. Нясебыр. 6 ст.
Да арт. Балгарыя. Севастакратар Калаян. Фрагмент размалёўкі царквы ў с. Баяна. 1259.
Да арт. Балгарыя. З.​Зограф. Аўтапартрэт. 1840-я г.
Да арт. Балгарыя. Фрагмент размалёўкі Казанлыкскай пахавальні. 4—3 ст. да н.э.
Да арт. Балгарыя. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Арх. А.​Памяранцаў. 1904—12.
Да арт. Балгарыя. Помнік Вызваліцелям у Сафіі. Скульптар А.​Цокі. 1907.
Да арт. Балгарыя. Я.​Вешын. Вяртанне з кірмашу. 1898.
Да арт. Балгарыя. У.​Дзімітраў-Майстара. Сялянская дзяўчына. 1930-я г.
Да арт. Балгарыя. Царква Пантакратара ў г. Нясебыр. 14 ст.
Да арт. Балгарыя. Курорт Залатыя Пяскі.

т. 2, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)