ПРЫБЫЛЁВА-КО́РБА (Ганна Паўлаўна) (дзявочае Мейнгард; 21.11.1849, г. Цвер, Расія — 1939),
расійская рэвалюцыянерка-народніца. Ў 1874—77 у Мінску ўдзельнічала ў стварэнні Т-ва дапамогі вучням, зборы сродкаў на карысць нац.-вызв. руху балканскіх славян, у эвакуацыі параненых і хворых у рус.-тур. вайну 1877—78. У рэв. руху з 1879, са студз. 1880 чл. Выканкома «Народнай волі». Працавала ў рэдакцыі газ. «Народная воля». Удзельніца падрыхтоўкі замахаў на Аляксандра II. У 1882 арыштавана. Засуджана па працэсе 17-і на 20 гадоў катаргі. У 1905 амнісціравана, жыла ў Маскве; у 1909 арыштавана, выслана ў Мінусінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан.
Тв.:
«Народная воля»: Воспоминания о 1870—1880-х гг. М., 1926.
М.В.Біч.
т. 13, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)