ЗАПІРА́ННЯ СХЕ́МА, антысупадзенняў схема,

электронная прылада дыскрэтнага дзеяння, прынцып работы якой заснаваны на вылучэнні пэўнай групы падзей (з’яўленне эл. імпульсаў, іанізавальных часціц ці інш.) пры ўмове, што хоць адна з іх адбываецца не адначасова з астатнімі. Мае некалькі ўваходаў і адзін выхад; выхадны сігнал выдаецца толькі пры адсутнасці сігналу на адным з уваходаў; напр., пры даследаваннях паглынальных здольнасцей рэчыва да забараняльных уваходаў З.с. далучаюцца лічыльнікі, размешчаныя пасля даследаванага слоя, да астатніх уваходаў — размешчаныя паміж крыніцай выпрамянення і дадзеным слоем. Выхадны сігнал мае інфармацыю толькі аб часціцах, паглынутых у выпрабаваным слоі рэчыва. Выкарыстоўваецца ў ядз. электроніцы, амплітудных аналізатарах, дэшыфратарах, дэкадавальных прыладах і інш.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫЯ КРЫШТАЛІ́,

крышталі з вял. амплітудай нулявых ваганняў крышталічнай рашоткі (ваганняў паблізу Т = 0 К), параўнальнай з перыядам рашоткі. Маюць незвычайныя фіз. ўласцівасці, вытлумачальныя толькі ў межах квантавай тэорыі. З вядомых на Зямлі рэчываў толькі ізатопы гелію ​3Не і ​4Не пры ціску больш за 3∙10​4 Па утвараюць К.к. Квантавыя эфекты назіраюцца ў крышталях неону Ne і ў меншай ступені ў крышталях інш. інертных газаў. У нетрах нейтронных зорак, магчыма, існуюць К.к. з нейтронаў. К.к. займаюць прамежкавае становішча паміж квантавымі вадкасцямі і звычайнымі крышталямі. Дэфекты ў К.к. (у прыватнасці вакансіі) не лакалізаваныя, а ў выглядзе квазічасціц распаўсюджваюцца па крышталі.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́МЕН (ад грэч. noumenon),

тэрмін, які ў процілегласць феномену, абазначае сутнасць, што можа быць спасцігнута толькі розумам (розумаспасцігальную). Упершыню тэрмін «Н.» выкарыстаў Платон (у дыялогу «Тымей»), які разумеў пад Н. рэальнасць як яна існуе сама па сабе і прадмет абстрактных ведаў. І.​Кант (у «Крытыцы чыстага розуму») разглядаў Н. як адмоўнае праблематычнае паняцце. Н. — гэта прадмет розуму, інтэлектуальнай інтуіцыі. У «Крытыцы практычнага розуму» Кант указваў на магчымасць станоўчага спасціжэння Н. як прадмета непачуццёвага сузірання. У гэтым сэнсе Н. недаступны чалавеку, паколькі яго сузіранні, паводле Канта, могуць быць толькі пачуццёвымі. Абодва гэтыя значэнні Н. адпавядаюць у яго філасофіі розным функцыям «рэчы ў сабе».

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ ЖЫЛЛЯ́,

адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕКСІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

тып двухмоўнага слоўніка, які ўключае тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў, што характарызуюцца нерэгулярнымі адрозненнямі ў фанетычнай і марфалагічнай структуры, слова- і формаўтварэнні, націску (т.зв. паралексы, гл. ў арт. Паралексія). Напр., бел. «шэры» — рус. «серый», «далонь» — «ладонь», «гусь» (ж.р.) — «гусь» (м.р.), «клопат» (адз. лік) — «хлопоты» (мн. лік) і інш. У П.с. падаюцца толькі тыя словы, якія могуць абумовіць парушэнне літ. нормы адной з блізкароднасных моў. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які ўключае толькі паралексы (як дадатковы моўны матэрыял у слоўнік увайшлі міжмоўныя амонімы і паронімы).

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́РСАН ((Pearson) Карл) (27.3.1857, Лондан — 17.4.1936),

матэматык і біёлаг, філосаф-пазітывіст, адзін з заснавальнікаў сучаснай статыстыкі. Вучыўся ў Кембрыджы, Гайдэльбергу і Берліне. З 1884 праф. Лонданскага ун-та. Працы ў галіне матэм. тэорыі статыстыкі і яе выкарыстання ў біялогіі (біяметрыя). Асн. філас. праца «Граматыка навукі» (1892) прысвечана пытанням метадалогіі навукі. Задача навукі, паводле П., не тлумачыць, а класіфікаваць і апісваць факты. П. лічыў матэрыяльныя рэчы толькі групамі пачуццёвых успрыманняў, а законы прыроды, прастору і час — прадуктамі чалавечага розуму. Адхіляючы хрысц. мараль як заснаваную на сляпых рэліг. пачуццях, П. меркаваў, што маральныя паводзіны і набліжэнне да маральнага ідэалу магчымы толькі на аснове навук. пазнання і інтэлектуальнага прагрэсу.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫЯ РЫ́БЫ,

рыбы, характэрныя толькі для іхтыяфауны азёраў. На Беларусі да азёрных абарыгенных відаў належаць рапушка, корушка, гальян азёрны, да акліматызаваных — сіг чудскі, умоўна пелядзь, сомік амерыканскі. Большасць мае прамысл. значэнне.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРБА́ЛЬНАЯ НО́ТА (ад лац. verbalis славесны),

дыпламатычны дакумент, найбольш пашыраная форма дыпламатычнай перапіскі па бягучых пытаннях. Звычайна ідзе ад пасольства, місіі, мін-ва замежных спраў і не падпісваецца, а толькі змацоўваецца пячаткай.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЧЫСАН (Murchison),

рака на З Аўстраліі. Даўж. каля 700 км. Пачынаецца на схілах хр. Робінсан, упадае ў Індыйскі ак. Сцёк толькі зімой, у перыяд дажджоў, летам перасыхае і распадаецца на шэраг азёр.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ТА (Skotto),

з Пармы італьянскі архітэктар 2-й пал. 16 ст. Паводле яго праекта ў 1580 перабудаваны палац Гродзенскага Старога замка (ад ранейшага гатычнага замка 1398 засталіся толькі сцены і некалькі вежаў).

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)