АВАНТУРЫ́ЗМ (ад франц. aventure прыгода),
дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛАЧКАВАЯ ЗАЛО́ЗА, валляковая залоза,
тымус (thymus), цэнтральны орган лімфоіднага кроваўтварэння і імуннай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Знаходзіцца ў грудной поласці; у чалавека долькі яе размяшчаюцца справа і злева ад трахеі. Звонку ўкрыта злучальнатканкавай капсулай. У большасці відаў арганізмаў складаецца з 2—3 долек, падзеленых перагародкамі на больш дробныя.
т. 4, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСТА́ТКА,
рака ў Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Кулажкі (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 268 км². Выцякае з воз. Густаты, цячэ па зах. ч. Полацкай нізіны. Асн. прытокі Корынка (справа) і Белая (злева). Рэчышча ад вытоку на працягу 8,7 км каналізаванае.
т. 5, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ГАНДЛЁВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1947 у г. Навагрудак як тэхнікум. З 1997 каледж. Рыхтуе бухгалтараў, таваразнаўцаў, эканамістаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; камерцыйная дзейнасць; банкаўская справа; маркетынг; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 11, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Беларусі, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Левы прыток Дняпроўска-Бугскага канала. Пабудаваны ў 1905—10, рэканструяваны ў 1973. Даўжыня 34 км. Пачынаецца з возера Арэхавец на тэрыторыі Валынскай вобласці, вусце на ПнЗ ад вёскі Выгода. Прытокі: каналы Лелікаўскі, Церабовіцкі, Дзівінскі (злева), Павіцценскі і Травінскі (справа).
т. 2, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МАЎ (Аркадзь Рыгоравіч) (н. 13.7.1920, Масква),
рус. пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1948). Аўтар кніг, прысвечаных рус. даследчыкам, падарожнікам-першаадкрывальнікам. З сярэдзіны 1950-х г. працуе ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры: аповесці «Справа «стракатых» (1956), «Зграя» (1966), «...З многімі невядомымі» (1967—68), «Вячэрні круг» (1982), раманы «Злым ветрам» (1973) і «Пятля» (1975).
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХНА́РКА,
рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 208 км². Выцякае з воз. Белае, цячэ ў забалочанай мясцовасці па Полацкай нізіне, працякае праз воз. Дахнарскае. Асн. прыток р. Лонніца (справа). Даліна ў ніжнім цячэнні добра выражаная, шыр. 200—300 м.
т. 6, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУК,
у шырокім значэнні — уся друкаваная прадукцыя, у больш вузкім — перыядычныя выданні, пераважна газеты і часопісы. Як адзін са сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды адыгрывае значную ролю ў развіцці асветы і культуры, фарміраванні светапогляду, пашырэнні навук. ведаў і інш. Гл. Выдавецкая справа, Газета, Кніга, Часопіс, Кнігадрукаванне, Перыядычны друк, Заходнебеларускі друк, Друк акупацыйны, Друк падпольны.
т. 6, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗЯ́НКА,
рака ў Акцябрскім і Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 29,7 км. Вадазбор нізінны (пл. 205 км²). Пачынаецца каля паўн.-зах. ускраіны в. Рассвет Акцябрскага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Скалка Светлагорскага р-на. Асн. прыток — р. Пясчанка (справа). Рэчышча каналізаванае.
т. 13, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР»
(«БНЦ»),
сфабрыкаваная ў 1933 АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Паводле версіі АДПУ (агентурная справа «Закардоннікі»), «БНЦ» створана ў вер. 1932 дзеячамі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой, М.П.Бурсевічам, І.С.Дварчаніным, Ф.І.Валынцом, П.П.Валошыным, Я.Е.Гаўрылікам і інш., якія ў вер.—кастр. 1932 перабраліся ў БССР. «БНЦ» быццам бы меў на мэце звяржэнне ў БССР сав. улады ўзбр. паўстаннем пры ваен. падтрымцы Польшчы і стварэнне Бел. бурж.-дэмакр. рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы. Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка паўстання, шпіянаж на карысць Польшчы, арганізацыя дыверсійна-тэрарыст. груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай работы ў розных галінах сацыяліст. будаўніцтва. План паўстання — правядзенне буйной правакацыі ў пагранічных раёнах, якая павінна была выклікаць канфлікт паміж СССР і Польшчай, стаць пачаткам ваен. дзеянняў і паўстання ў БССР. У жн.—ліст. 1933 органы АДПУ «выявілі» ячэйкі «БНЦ» у Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваен. акрузе і інш.: у 9 гарадах і 25 раёнах БССР. Следства «раскрыла» 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыст. групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, філіялы ў Горках, Беразіно, Гомелі, маладзёжную арг-цыю. Усяго па справе «БНЦ» рэпрэсіраваны 161 чал. Частка з іх расстраляна, астатнія адпраўлены ў Салавецкія лагеры (Архангельская вобл.), Комі АССР. У жн.—вер. 1956 вызначэннем ваен. трыбунала БВА справа «БНЦ» «у крымінальным парадку спынена за адсутнасцю саставу злачынства» і адменены рашэнні асобых нарад пры Мін-ве дзярж. бяспекі СССР і пастановай пазасудовых органаў.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)