АЎТАМАДЭЛІ́ЗМ, аўтамадэльны спорт,
уключае канструяванне і стварэнне мадэляў аўтамабіляў для спаборніцтваў; тэхнічны від спорту. Адрозніваюць 2 тыпы мадэляў: кордавыя і радыёкіроўныя. Кордавыя маюць рухавікі ўнутр. згарання аб’ёмам да 1,5; 2,5; 5 і 10 см³; спаборніцтвы праводзяць на кардадроме — круглай пляцоўцы з бетоннай дарожкай. Радыёкіроўныя паводле тыпу рухавікоў падзяляюцца на мадэлі з рухавікамі ўнутр. згарання і электрычнымі; спаборніцтвы праводзяць на спец. трасах для групавых гонак. На Беларусі спаборніцтвы па аўтамабілізме праводзяць з 1959. Федэрацыя аўтамадэльнага спорту Рэспублікі Беларусь створана ў 1992 (з 1993 член Еўрапейскай федэрацыі). Чэмпіёны б. СССР па аўтамадэлізме (майстры спорту міжнар. класа) — В.Кротчанкаў (1975, 1987), В.Дрозд (1991), чэмпіён і рэкардсмен Рэспублікі Беларусь Кротчанкаў (1992).
т. 2, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМ (Рамуальд Іосіфавіч) (н. 25.5.1933, в. Хвоева Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1964), майстар спорту СССР міжнар. класа (1965). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1956). З 1997 праф.кансультант Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён XVIII (1964, Токіо) і сярэбраны прызёр XIX (1968, Мехіка) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1966, Будапешт) і сярэбраны прызёр (1969, Афіны) чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы. Уладальнік Кубкаў Еўропы (1965, Осла; 1967, Кіеў). Чэмпіён (1967, 1971), бронз. прызёр (1963) Спартакіяд народаў СССР, чэмпіён (1966—68, 1971), сярэбраны прызёр (1965, 1969) чэмпіянатаў СССР па лёгкай атлетыцы. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР.
т. 8, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМЕРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
рэгіянальныя транскантынентальныя комплексныя спарт. спаборніцтвы. Арганізаваны пад эгідай Арганізацыі амер. дзяржаў, праводзяцца пад патранажам Міжнар. алімп. камітэта раз у 4 гады (у год напярэдадні Алімп. гульняў) пад кіраўніцтвам нац. спарт. федэрацый краіны-арганізатара гульняў. Першыя П.г. адбыліся ў 1951 у Буэнас-Айрэсе па 19 відах спорту. У праграму П.г. уключаецца большасць відаў спорту, што ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРШАКЕ́ВІЧ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 6.4.1959, Мінск),
бел. спартсмен (гандбол). Майстар спорту СССР міжнароднага класа (1980). Засл. майстар спорту (1982). Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і сярэбраны прызёр XXII (1980, Масква) Алімп. гульняў. Чэмпіён свету сярод юніёраў (1979), сярод дарослых (1982), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990). Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987—89), Кубка кубкаў (1983, 1985), Суперкубка (1989). Чэмпіён СССР (1981, 1983—84, 1987—89). З 1996 старшы трэнер маладзёжных зборных каманд Беларусі.
т. 8, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНКО́Ў (Іван Аляксандравіч) (н. 10.4.1975, Мінск),
бел. спартсмен (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту Беларусі (1994). Скончыў Бел. акадэмію фіз. выхавання і спорту (1997). Двухразовы абс. чэмпіён свету (1994, Брысбен, Аўстралія; 1997, Лазана, Швейцарыя). Двухразовы абс. чэмпіён Еўропы (1994, Прага; 1996, Капенгаген). Сярэбраны прызёр Чэмпіянату свету ў камандным заліку (1997); чэмпіён Еўропы (1994) і бронз. прызёр (1996) у камандным заліку, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы на асобных снарадах. Абс. чэмпіён Беларусі (1997).
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БКА (Сяргей Назаравіч) (н. 4.12.1963, г. Луганск, Украіна),
украінскі спартсмен-лёгкаатлет (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту СССР (1983), засл. майстар спорту Украіны (1994). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1988, адзіны ў свеце лёгкаатлет-пераможца 5 чэмпіянатаў свету (1983, 1985, 1987, 1993, 1995). Шматразовы чэмпіён Украіны і Еўропы. 19 разоў паляпшаў уласныя сусв. рэкорды, давёўшы іх да 6,14 м на стадыёнах (1994) і 6,15 м (1993) у залах.
т. 3, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПТУР (Анатоль Аляксандравіч) (н. 18.2.1947, в. Слабада Мінскага р-на),
бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966). Засл. трэнер СССР (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1970). Чэмпіён Еўропы (1969, Масква), СССР (1970) на байдарцы-адзіночцы ў эстафеце 4 × 500 м. З 1976 трэнер зборнай каманды СССР па веславанні на байдарках і каноэ па Беларусі. З 1997 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту.
В.Л.Працкайла.
т. 8, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНЮ́К (Сяргей Мікалаевіч) (н. 3.4.1960, Мінск),
бел. спартсмен (тэніс). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1980). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1982). У 1991—95 на трэнерскай рабоце ў ЗША. З 1995 саветнік Мін-ва спорту і турызму Расіі. Чэмпіён Еўропы 1980 у камандным першынстве і парным разрадзе, 1983 — у парным разрадзе, у 1980 бронз. прызёр у змешаным разрадзе. Чэмпіён СССР 1979, 1982—83 у парным, 1982 у змешаным, 1983 у адзіночным разрадах.
т. 9, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Павел Васілевіч) (н. 20.3.1923, С.-Пецярбург),
бел. спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Майстар спорту (1956). Засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1963). Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1972). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1952). З 1976 дацэнт кафедры спарт. барацьбы Акадэміі фіз. выхавання і спорту. У 1964—76 трэнер зборнай каманды СССР па вольнай барацьбе — пераможцы Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), чэмпіянатаў свету (1970—71, 1973—76), Еўропы (1970—71, 1973—76). Сярод выхаванцаў А.Мядзведзь, Л.Кітоў.
т. 5, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’Я́НЕНКА (Ларыса Генадзеўна) (н. 7.8.1973, в. Стойба Краснаярскага краю, Расія),
бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту Беларусі (1994). Суддзя міжнар. катэгорыі (1997). Скончыла Акадэмію фіз. выхавання і спорту (1999, Мінск). З 1998 старшы трэнер маладзёжнай зборнай каманды Беларусі па гімнастыцы. Чэмпіёнка свету (1992, 1994, 1995, 1996), сярэбраны (1994, 1995, 1996) і бронз. (1992, 1995) прызёр у мнагабор’і і асобных відах практыкаванняў. Чэмпіёнка Еўропы (1992, 1994), сярэбраны і бронз. (1992, 1994, 1996) прызёр. Уладальніца Кубка Еўропы (1993, 1995).
т. 9, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)