ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (н. 16.7.1928, г. Цвер, Расія),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1952). У 1981—92 гал. рэдактар час. «Юность». У лірыцы Дз. (зб-кі «Лірычныя вершы», 1955, «Роднае», 1958, «Сам-насам з сумленнем», 1965, «Побач ты і каханне», 1976, «Нараджэнне дня». 1978, «Азарт», 1983, Дзярж. прэмія СССР, 1985), «Характар» (1986) і паэмах («Мужнасць», 1958, «Дарога ў заўтра», 1960, «Расія», 1964) апявае духоўнае багацце чалавека, гучаць тэмы кахання і прыроды.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРО́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́РАВА СТРАФА́ (назва ад прозвішча франц. паэта 16 ст. П. дэ Рансара),

шасцірадковая страфа з рыфмоўкай ААбВВб. Першы ўзор Р.с. ў бел. паэзіі пакінуў В.​Дунін-Марцінкевіч (першы раздзел паэмы «Халімон на каранацыі»). Р.с. напісаны верш Я.​Купалы «Час!»:

Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музы́ка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

Ёю карыстаўся Я.​Колас (верш «Вольнаму народу») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТ (Флавій) (Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),

рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх. ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым. прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́ЦКІ (Пётр Антонавіч) (май 1919, в. Майдан Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 21.10.1942),

Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У канцы 1941 накіраваны ў тыл ворага ў партыз. атрад «Перамога», які дзейнічаў на Смаленшчыне і ў Віцебскай вобл. 21.10.1942 недалёка ад чыг. ст. Крынкі Лёзненскага р-на з узрыўчаткай кінуўся пад варожы эшалон, у складзе якога было больш за 40 цыстэрнаў з гаручым; падарваў яго і загінуў сам. На месцы подзвігу абеліск.

П.А.Галецкі.

т. 4, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНІМЕ́Д,

у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта і інш.).

Ганімед з арлом. Рымская копія з грэчаскага арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЛЬ (Ігар Міхайлавіч) (н. 4.7.1938, ст. Чырвоны Сцяг Смалявіцкага р-на, Мінскай вобл),

бел. вучоны-отарыналарынголаг. Д-р мед. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961). З 1981 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па даследаванні вестыбулярнай і слыхавой функцый пры ўздзеянні фіз. фактараў навакольнага асяроддзя, хірург. лячэнні хвароб вуха, горла, носа.

Тв.:

Патология сердечно-сосудистой системы: (Сб. науч. тр.). Мн., 1984 (у сааўт.);

Сам себе доктор: Семейная энцикл. 2 изд. Мв., 1994 (у сааўт.).

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАВЫ ШЭ́РАГ,

выраз a1 + a2 + ... + an + ... = ∑ n=1 ∞ ak , члены якога a1, a2, ..., an, ... з’яўляюцца лікамі.

Калі сума першых n членаў Л.ш. (частковая сума) пры неабмежаваным павелічэнні n імкнецца да пэўнай мяжы S, то гэты лік S наз. сумай шэрагу, а сам Л.ш. — збежным; калі частковая сума не мае канечнага ліміту, то шэраг наз. разбежным. Высвятленне ўмоў збежнасці Л.ш. неабходнае для выканання матэм. аперацый над імі, вывучаецца ў тэорыі шэрагаў. Найпрасцейшыя Л ш. — арыфметычная прагрэсія і геаметрычная прагрэсія.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БАХА ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. Чада ў канцы 19 ст. Створана Рабахам, які ўварваўся з узбр. атрадам у раёны на У ад воз. Чад з Сенара (на тэр. сучаснага Судана). Да сярэдзіны 1890-х г. ён падпарадкаваў амаль усю тэр. Багірмі, ч. Вадаі, Канем-Борну. У заваяваных краінах часткова была захавана ўлада мясц. правіцеляў і правадыроў. У баі з французамі пры Кусеры 22.4.1900 войскі Рабаха былі знішчаны, сам ён загінуў, а тэр. Р. дз. ўключана ў склад франц. уладанняў.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),

слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.​Багушэвіч:

Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)