ПАТРО́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)