рэшткістараж. сталіцы Хецкай дзяржавы г. Хатусас на тэр. сучаснага г. Багазкёй (Цэнтр. Анатолія, Турцыя). Заснаваны на паселішчы эпохі энеаліту каля 1500 да нашай эры. Агульная пл. больш за 121 га. Быў абкружаны сцяной з каменю і сырцовай цэглы, меў 3 брамы, упрыгожаныя рэльефнымі выявамі воінаў, ільвоў і сфінксаў. Раскопкі выявілі рэшткі 4 храмаў, некалькіх свецкіх будынкаў, сховішча гліняных таблічак з надпісам (больш за 10 тыс.). За сценамі горада размяшчаліся скальнае свяцілішча Язылыкая з выявамі хурыцкіх багоў, іх служак і іерагліфічнымі надпісамі, могільнік з вял. колькасцю трупаспаленняў. Разбураны каля 1200 да нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Н-КАЛА́,
гарадзішча старажытнага горада Байлакана (за 15 км ад горада Байлаган) у Азербайджане. Горад пабудаваны на мяжы 5—6 стагоддзяў недалёка ад сутокаў Куры і Аракса як апорны пункт дзяржавы Сасанідаў на гандл. шляху з Закаўказзя на Блізкі Усход. Раскопкамі выяўлены рэшткі першапачатковай прамавугольнай крэпасці. Яе сцены даўжынёй 2,5 км змураваны з буйной сырцовай цэглы (пазней абкладзены абпаленай цэглай), у 11—13 стагоддзях захаваліся толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы крэпасці (даўжынёй 1,5 км). Раскапаны рэшткі больш як 30 крапасных вежаў, багатых гарадскіх жытлаў, жылыя і рамесніцкія кварталы. У 1221 крэпасць разбурана мангольскім войскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШЧЫН,
гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМ’Я́НКІ,
група археал. помнікаў (2 стаянкі канца 5—1-й пал. 2-га тыс. да н.э., бескурганны 3—7 ст. і курганны 6—12 ст. могільнікі, селішча 12—15 ст.) каля в. Дзям’янкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл. На стаянках верхнедняпроўскай і сярэднедняпроўскай культур сярод знаходак крамянёвыя прылады працы, рэшткі ляпнога посуду. На бескурганным могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; на курганным — трупаспаленне і трупапалажэнне галавой на З і У (адзіны некропаль радзімічаў, які існаваў бесперапынна ў 7—12 ст.). На селішчы прасочаны рэшткі 4—5 пабудоў. Непадалёку ад вёскі выяўлена 11 стаянак каменнага і бронзавага вякоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПІШЧА (ад стараж.-слав. капь — выява, ідал),
культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян язычніцкага перыяду. У 1951 пры раскопках у Пярыні каля Ноўгарада выяўлены рэшткіслав. К. 10 ст., прысвечанага Перуну. Уяўляла сабой круг дыяметрам 21 м, на якім у васьмі месцах гарэў агонь; у цэнтры стаяў драўляны ідал Перуна. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера было К. Перуна і Бабы-ягі. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны 10 ст. раскапалі археолагі ў 1969 каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальвалі вогнішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЬ-ЭЛЬ-АМА́РНА, Эль-Амарна, Амарна,
паселішча на ўсх. беразе р. Ніл (287 км на Пд ад Каіра), каля якога знаходзяцца рэшткі адной са сталіц Стараж. Егіпта — Ахетатона, перанесенай з Фіваў фараонам Аменхатэпам IV (Эхнатонам) у канцы 15 ст. да н.э. У 1887 мясц. жыхары знайшлі шматлікія гліняныя таблічкі (архіў егіп. фараонаў XVIII дынастыі). З 1891 у Т.-э.-А. вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі шматлікіх пабудоў з цэглы-сырцу (палацы фараонаў, царыцы Неферціці, жыллё чыноўнікаў і рамеснікаў), скульптуры Эхнатона і Неферціці. Горад праіснаваў 15 гадоў; ён пакінуты насельніцтвам пасля смерці Эхнатона і адмены рэліг. рэформы Аменхатэпа IV.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЕМНІ́ТЫ (Belemnitida),
атрад вымерлых беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. Каля 70 родаў, больш за 50 відаў. Жылі з карбону да палеагену, найб. у мезазоі (юра-мел). На Беларусі рэшткі Б. трапляюцца ў верхняюрскіх і мелавых адкладах. Выкапнёвыя рэшткі служаць для вызначэння ўзросту юрскіх і мелавых адкладаў.
Марскія жывёлы, драпежнікі, вонкава падобныя на сучасных васьміногаў і кальмараў. Мелі ўнутр. ракавіну, якая складалася з 3 частак: вапнавай ракавіны канічнай формы, падзеленай на камеры (фрагмакона), цераз якія праходзіў выраст мяккага цела — сіфон; рэдукаванай часткі жылой камеры пласціністай формы (праастракума); цыгара- або ланцэтападобнага цела даўж. да 40 см (ростра). Акамянелыя ростры захаваліся ў адкладах (наз. «чортавы пальцы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЮНДЖЫ́К,
гарадзішча на левым беразе р. Тыгр насупраць г. Масул (Ірак), руіны сталіцы Асірыі — Ніневіі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі палацаў, храмаў, б-ка цара Ашурбаніпала і інш. (гл.Ніневія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
рэшткістараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́Я АДХО́ДЫ,
разнастайныя паводле складу і фіз.-хім. уласцівасцяў рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці чалавека. Падлягаюць выдаленню або ліквідацыі для папярэджання забруджвання навакольнага асяроддзя. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў бытавых адходаў з’яўляюцца крыніцай біятычнага, механічнага, хім. і інш. відаў забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршаюць яго сан.-эпідэміялагічныя, аздараўленчыя і эстэт. вартасці. Нейтралізацыя адмоўнага ўплыву бытавых адходаў звязана з распрацоўкай спосабаў іх выкарыстання як сыравіны і крыніцы энергіі для розных галін нар. гаспадаркі (напр., харч. адходы як другасныя кармы для жывёлы, рэшткі металу і паперы — сыравіна для другаснай іх вытворчасці і інш.). Ствараюцца цэнтралізаваныя сістэмы выдалення і апрацоўкі вадкіх і цвёрдых бытавых адходаў (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).