ЗУ́БНІК (Crepis),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.

Зубнік балотны.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́ДЫ, венеты (лац. Venedi, Veneti),

старажытны індаеўрапейскі народ, роднасны, верагодна, ілірыйцам і лацінянам. Упершыню ўпамінаецца ў «Іліядзе» Гамера, пазней у творах Карнелія Непота, Ціта Лівія, Герадота, Страбона і інш. Найб. распаўсюджаны погляд, што найстаражытнейшым венедам належала археал. лужыцкая культура ў Цэнтр. і Паўн. Еўропе. У 2—1-м тыс. да н.э. яе носьбіты рассяліліся і фіксуюцца на Балканах, у М. Азіі (энеты), Адрыятыцы (пазнейшая вобласць і горад Венецыя), на Пн і Пд Германіі, у Галіі (пазнейшая вобласць Вандэя), Брытаніі, на Ютландскім п-ве, у Прыбалтыцы. На ўсіх тэр. рассялення венедаў асіміляваны. У першых ст. н.э. венеды ўпамінаюцца Плініем Старэйшым, Тацытам, Пталамеем па цячэнні Віслы, дзе яны асіміляваны славянамі, на якіх у сярэднявеччы перайшла назва венеды (у форме вендэн, віндэн). Ад венедаў паходзяць сучасныя назвы рускіх з боку эстонцаў (венеласед), фінаў (веная).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ (франц. panneau ад лац. pannus кавалак тканіны),

1) частка сцяны, абмежаваная стужкай арнаменту ці лепкай і запоўненая жывапіснай ці скульптурнай выявай.

2) Жывапісны твор дэкар. характару, а таксама мазаічныя, ляпныя, разныя, тканыя, вышываныя, вязаныя, плеценыя і інш. кампазіцыі з металу, шкла, керамікі, дрэва, нітак, саломы і інш., прызначаныя для аздаблення пэўнага ўчастка сцяны (насценнае П.) або столі (плафон). П. аздаблялі сцены культавых і грамадз. збудаванняў у Стараж. Егіпце і Грэцыі. Мастацтва П. дасягнула значнага росквіту ў Зах. Еўропе ў 17—18 ст. На Беларусі вядома з 17 ст. ў аздабленні інтэр’ераў культавых збудаванняў. З 18 ст. шырока распаўсюджаны ў рэзідэнцыях магнатаў. У 20 ст. П. ўпрыгожваюць інтэр’еры і экстэр’еры грамадскіх і жылых будынкаў: творы Л.​Асецкага, І.​Ахрэмчыка, Г.​Вашчанкі, І.​Давідовіча, С.​Катковай, Т.​Кіршчынай, А.​Кішчанкі, У.​Крываблоцкага, Я.​Кузняцова, У.​Стальмашонка і інш.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА БЕЛАРУ́СКАГА ПАРТЫЗА́НА,

урачыстая клятва партызан змагацца супраць акупантаў да поўнага іх выгнання з бел. зямлі. У грамадз. вайну 1918—20 у бел. партызан была прысяга «Дзесяць запаведзей чырвоных партызанаў Беларусі». У Вял. Айч. вайну прысягу прымалі з пачатку партыз. руху, тэксты выпрацоўвалі непасрэдна ў атрадах. У пач. жн. 1941 ЦК КП(б)Б і партыз. школа (каля Гомеля) распрацавалі і надрукавалі ў газ. «Звязда» і лістоўках адзіны тэкст прысягі, якія з самалётаў былі скінуты над Беларуссю. 12.5.1942 на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Вярх. Савета БССР і Бюро ЦК КП(б)Б зацверджаны тэкст (гл. іл.) і парадак яе прыняцця. З дапамогай авіяцыі Калінінскага і Зах. франтоў, самалётаў, што былі ў распараджэнні ЦК КП(б)Б, лістоўкі з яе тэкстам (100 тыс. экз.) былі распаўсюджаны ў раёнах дыслакацыі партызан. П.б.п. прымалі перад строем атрада пад сцягам.

Прысяга беларускага партызана.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАСТАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.

Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАПТЫ́СТЫ (ад грэч. baptizō акунаю, хрышчу вадой),

паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму — баптызму. Першая абшчына баптыстаў узнікла ў 1609 з англ. эмігрантаў у Амстэрдаме (Галандыя). Найб. распаўсюджаны баптызм у ЗША, адкуль пашырыўся на тэр. Рас. імперыі, у т. л. на Беларусь. У аснове іх веравучэння агульныя пратэстанцкія догматы: адмаўленне ролі царквы як абавязковага пасрэдніка паміж Богам і чалавекам, прызнанне прынцыпу ўсеагульнага свяшчэнства, вера ў святую Тройцу; прытрымліваюцца догматаў аб выратавальнай місіі Ісуса Хрыста, яго другім прышэсці, спрадвечнай грахоўнасці чалавека. Для баптыстаў абавязковыя місіянерская дзейнасць і дабрачыннасць. Яны прызнаюць 2 асн. абрады — хрышчэнне ў вадзе паўналетніх і абрад хлебапераламлення. Асн. іх святы: Нараджэнне і Хрышчэнне Хрыста, Вялікдзень, Тройца, Праабражэнне, Свята Жніва, Дзень Адзінства. На Беларусі першыя абшчыны баптыстаў з’явіліся ў 1870-я г. Цяпер большасць баптыстаў уваходзіць у Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў, які ў 1996 налічваў на Беларусі 192 абшчыны.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ КАТАЛО́ГІ,

спісы зорак з указаннем іх экватарыяльных каардынат, уласных скарасцей, зорных велічынь і інш. характарыстык, аднесеных да пачатку якога-небудзь года; аснова для вывучэння будовы і руху ў зорных сістэмах, устанаўлення сістэмы нябесных каардынат. Першы З.к. складзены ў Кітаі каля 355 да н.э. (800 зорак). Найб. распаўсюджаны «Агульны каталог» Боса (1937, 33 342 зоркі).

Адрозніваюць З.к. абсалютныя (атрыманы з абс. вымярэнняў, незалежна ад ранейшых З.к.) і адносныя (атрыманы дыферэнцыяльным метадам: месцазнаходжанне зоркі вызначаюць адносна становішчаў інш. зорак з вызначанымі каардынатамі). Абавязкова прыводзіцца дата назіранняў. На падставе абс. і адносных З.к. складаюцца фундаментальныя каталогі месцазнаходжанняў зорак. Акрамя дакладных каталогаў складаюцца т.зв. агляды неба з прыбліжанымі значэннямі каардынат зорак і іх зорных велічынь. Найб. распаўсюджаныя «Бонскі агляд» (1859—87, 324 188 зорак, 64 карты зорнага неба); Кордаўскі і Кейпскі агляды. Нумарацыяй зорак у З.к. карыстаюцца для іх абазначэння.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНА́КА Гііці (6.3.1863, г. Хагі, Японія — 29.9.1929),

японскі ваенны і дзярж. дзеяч. Барон (1920). Генерал (1921). Вызначыўся ў час руска-японскай вайны 1904—05. У 1918—21 і 1923—24 ваенны міністр яп. ўрада. У 1927—29 прэм’ер-міністр Японіі. Лідэр партыі Сэюкай. Выступаў за больш жорсткую палітыку ў дачыненні да Кітая. З мэтай спыніць рух войск Гаміньдана на Пн Кітая у 1928 накіраваў яп. войскі ў кіт. прав. Шаньдун. Ва ўнутр. палітыцы кабінет Т. ажыццяўляў рэпрэсіі супраць левых арг-цый. З імем Т. звязана гісторыя з т.зв «мемарандумам Т.» — нібыта сакрэтнай знешнепаліт. праграмай яп. ўрада, тэкст якога быў распаўсюджаны ў 1929 кіт. і сусв. прэсай. Па сутнасці гэта і была праграма заваявання Японіяй сусв. панавання. Сапраўднасць «мемарандума Т.» не даказана, але яп. агрэсія ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі ў 1930 — пач. 1940-х г. развівалася ў поўнай адпаведнасці з гэтым дакументам.

т. 15, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАВО́Д,

святлапровад, хвалявод аптычны, закрытае ўстройства для накіраванай перадачы светлавой энергіі.

У адкрытай прасторы перадача светлавой энергіі магчыма толькі ў межах прамой бачнасці і звязана са стратамі, абумоўленымі пач. разыходнасцю выпрамянення, яго паглынаннем і рассеяннем у атмасферы. Выкарыстанне С. дае магчымасць значна зменшыць страты светлавой энергіі, а таксама перадаваць яе па крывалінейных трасах. Паводле канструкцыі адрозніваюць С. лінзавыя, валаконныя, планарныя, палоскавыя і інш. Лінзавыя С. — сістэма размешчаных у трубе лінзаў, якія служаць для перыядычнай карэкцыі хвалевага фронту светлавога пучка. Найб. распаўсюджаны валаконныя С. (гл. Валаконная оптыка). Для патрэб інтэгральнай оптыкі распрацаваны планарныя і палоскавыя С. — тонкая (парадку даўжыні светлавой хвалі) празрыстая святловядучая плёнка, нанесеная на аднародную падложку. Паказчык пераламлення плёнкі большы, чым паказчык пераламлення падложкі і асяроддзя над С. Светлавая хваля ў такім С. распаўсюджваецца ў працэсе шматкратнага поўнага адбіцця ад яго сценак. Палоскавыя С. адрозніваюцца ад планарных шырынёй (сувымерная з даўжынёй светлавой хвалі).

Літ.:

Унгер Х.-Г. Планарные и волоконные оптические волноводы: Пер. с англ. М., 1980;

Волоконно-оптические системы передачи.М., 1992.

Я.​В.​Алішаў.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМЫКА́ННЕ,

выкраданне нявесты ў яе бацькоў; стараж. форма шлюбу. Узыходзіць да эпохі першабытна-родавай абшчыны і звязана са з’яўленнем парнай сям’і. Рэшткі У. захаваліся ў шлюбных звычаях усіх народаў.

На Беларусі гэты звычай часткова захаваўся да пач. 19 ст., а рэшткі яго сустракаліся і пазней (выкраданне нявесты дазваляла пазбегнуць выдаткаў на вясельнае застолле). У паўн.-ўсх. паветах Беларусі выкраданне дзяўчат без ведама бацькоў яшчэ ў пач. 20 ст. было даволі звычайнай з’явай на масленічных кірмашах. Элементы звычаю У. захаваліся ў абрадах бел. вяселля: у абрадзе бою за дзяўчыну і яе захопу ў час прыезду маладога па маладую, а таксама ў доме жаніха ў час падрыхтоўкі і ад’езду маладога да маладой, у абрадзе продажу касы маладой.

Больш шырока быў распаўсюджаны звычай куплі-продажу нявесты. Гэта тлумачыцца тым, што дагаворны шлюб (шлюб па згодзе) доўгі час насіў характар гасп. пагаднення — род нявесты страчваў работніка і заўсёды імкнуўся атрымаць пэўную матэрыяльную кампенсацыю. Такія шлюбы былі засн. не столькі на пачуццёвых схільнасцях або каханні маладых, колькі на гасп. неабходнасці. Звычай У. захаваўся ў вясельным абрадзе выкупу нявесты.

Л.​А.​Малаш.

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)