ПАНО́ (франц. panneau ад лац. pannus кавалак тканіны),

1) частка сцяны, абмежаваная стужкай арнаменту ці лепкай і запоўненая жывапіснай ці скульптурнай выявай.

2) Жывапісны твор дэкар. характару, а таксама мазаічныя, ляпныя, разныя, тканыя, вышываныя, вязаныя, плеценыя і інш. кампазіцыі з металу, шкла, керамікі, дрэва, нітак, саломы і інш., прызначаныя для аздаблення пэўнага ўчастка сцяны (насценнае П.) або столі (плафон). П. аздаблялі сцены культавых і грамадз. збудаванняў у Стараж. Егіпце і Грэцыі. Мастацтва П. дасягнула значнага росквіту ў Зах. Еўропе ў 17—18 ст. На Беларусі вядома з 17 ст. ў аздабленні інтэр’ераў культавых збудаванняў. З 18 ст. шырока распаўсюджаны ў рэзідэнцыях магнатаў. У 20 ст. П. ўпрыгожваюць інтэр’еры і экстэр’еры грамадскіх і жылых будынкаў: творы Л.​Асецкага, І.​Ахрэмчыка, Г.​Вашчанкі, І.​Давідовіча, С.​Катковай, Т.​Кіршчынай, А.​Кішчанкі, У.​Крываблоцкага, Я.​Кузняцова, У.​Стальмашонка і інш.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)