ВЕНЕ́ДЫ,
венеты (лац. Venedi, Veneti), старажытны індаеўрапейскі народ, роднасны, верагодна, ілірыйцам і лацінянам. Упершыню ўпамінаецца ў «Іліядзе» Гамера, пазней у творах Карнелія Непота, Ціта Лівія, Герадота, Страбона і інш. Найб. распаўсюджаны погляд, што найстаражытнейшым венедам належала археал. лужыцкая культура ў Цэнтр. і Паўн. Еўропе. У 2—1-м тыс. да н.э. яе носьбіты рассяліліся і фіксуюцца на Балканах, у М. Азіі (энеты), Адрыятыцы (пазнейшая вобласць і горад Венецыя), на Пн і Пд Германіі, у Галіі (пазнейшая вобласць Вандэя), Брытаніі, на Ютландскім п-ве, у Прыбалтыцы. На ўсіх тэр. рассялення венедаў асіміляваны. У першых ст. н.э. венеды ўпамінаюцца Плініем Старэйшым, Тацытам, Пталамеем па цячэнні Віслы, дзе яны асіміляваны славянамі, на якіх у сярэднявеччы перайшла назва венеды (у форме вендэн, віндэн). Ад венедаў паходзяць сучасныя назвы рускіх з боку эстонцаў (венеласед), фінаў (веная).
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)