КРЭМА́ЦЫЯ (ад лац. crematio спальванне),

трупаспаленне. Звычай К. быў шырока распаўсюджаны ў старажытнасці. Існавала мноства яе разнавіднасцей, найчасцей трапляецца змяшчэнне рэшткаў К. ў пахавальную урну. У наш час К. адбываецца ў крэматорыі.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭПЕ́ (цюрк.),

узгоркі выш. да 30—40 м, што ўтварыліся з рэшткаў старажытных, пераважна глінабітных будынкаў, якія запоўнены культ. напластаваннямі. Распаўсюджаны ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Б.​Усходзе (араб. — тэль), у Індыі і на Балканах.

т. 16, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫ́Р, бахадур (цюрк.-манг.),

ганаровае званне ў цюркаў і манголаў, якое давалася за воінскія подзвігі. З батыраў фарміравалася феад. знаць. Тэрмін «батыр» з’явіўся не пазней як у 6 ст., шырока распаўсюджаны ў фальклоры і побыце цюрк. народаў.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́НКА (малайскае djong, скажонае кіт. чуань судна),

грузавое драўлянае ветразевае судна з шырокімі і высока прыўзнятымі кармой і носам. Мае 2—4 мачты. Ветразі чатырохвугольнай формы з цыновак і бамбукавых рэек. Асадка невялікая, грузападымальнасць да 600 т. На Дж. перавозяць грузы, выкарыстоўваюць як жыллё. Распаўсюджаны ў Паўд.-Усх. Азіі.

Джонка.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ ТАБЛІ́ЦА,

схема радаводу ў выглядзе табліцы; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Найб. распаўсюджаны верт. і гарыз. радковыя геналагічныя табліцы, якія паказваюць узыходную або зыходную роднасць. Кальцавыя генеалагічныя табліцы паказваюць узыходную роднасць і маюць выгляд канцэнтрычных кругоў, дзе ў цэнтральным змяшчаюць даныя пра пэўную асобу, у наступным крузе — даныя пра яе бацькоў і г.д.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЭРАФАСФАТЫ́ДЫ, фосфагліцэрыды,

адна з груп фосфаліпідаў (фасфатыдаў). Да гліцэрафасфатыдаў адносяцца вытворныя 1,2-дыацыл-sn-гліцэрол-3-фасфату (фасфатыднай к-ты). Найб. распаўсюджаны дыацылгліцэрафасфатыды і плазмалагены. Гліцэрафасфатыды адыгрываюць ролю асн. фосфаліпіднага кампанента клетачных мембран жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаючы іх будову і пранікальнасць, а таксама актыўнасць шэрагу лакалізаваных у мембранах ферментаў. З бялкамі ўтвараюць ліпапратэінавыя комплексы. Розным біял. мембранам уласцівы пэўны састаў гліцэрафасфатыдаў.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТАЗАО́ЗЫ,

група хвароб жывёл, якія выклікаюцца паразітычнымі прасцейшымі. Шырока распаўсюджаны. Узбуджальнікі паразітуюць у розных тканках і органах, напр., у плазме (трыпанасомы) ці клетках крыві (піраплазмы, бабезіі), у эпітэліі кішэчніка (балантыдыі), печані, нырак (какцыдыі), палавых органаў (трыхаманады) і інш. Перадаюцца праз корм, піццё, таксама кляшчамі, насякомымі-крывасмокамі, кантактным шляхам. П. праходзяць востра, хранічна або ў форме паразітаноснасці. На Беларусі адзначаюцца анаплазмоз, балантыдыёз, какцыдыёз, піраплазмідозы, трыхаманоз і інш.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЯГО́РНЫ РЭЛЬЕ́Ф, сярэднягор’і, сярэдневышынныя горы,

тып рэльефу, уласцівы гарам з адноснымі вышынямі 500—2000 м, а абсалютныя вышыні звычайна ніжэй за 3000 м (напр., Карпаты, Урал, Апалачы). Характэрны мяккія абрысы грабянёў, акруглыя вяршыні, адносна пакатыя схілы, участкі паверхняў выраўноўвання. У фарміраванні рэльефу вядучую ролю адыгрываюць эразійныя працэсы. Шырока распаўсюджаны рыхлыя адклады, схілы здзірванелыя, часта парослыя лесам. Горы звычайна не дасягаюць снегавой лініі і пазбаўлены ледавіковых форм рэльефу.

т. 15, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́НДРАВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

група глеб, якія распаўсюджаны пераважна ў раўнінных і горных тундрах. Фарміруюцца ва ўмовах халоднага клімату, пастаяннага пераўвільгатнення на пародах цяжкага мех. складу, пад малапрадукцыйным расл. покрывам. Звычайна маламоцныя, грубагумусныя, з нізкай мікрабіял. актыўнасцю, часта адзначаюцца прыкметы мярзлотных з’яў. Падзяляюцца на глеевыя, падзолістыя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя і інш. Пашыраны ў паўн. ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі, на в-ве Грэнландыя, некат. астравах Паўн. Ледавітага акіяна.

т. 16, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКСІЛА́ЗЫ, монааксігеназы,

ферменты класа аксідарэдуктаз. Каталізуюць уключэнне ў малекулу арган. субстрату аднаго з двух атамаў кіслароду ў выглядзе гідраксільнай групы (адсюль назва), другі атам аднаўляецца да вады H2O. Гідраксілазы называюць таксама аксігеназамі са змешанай функцыяй (акісляюць адначасова 2 розныя субстраты). Вызначаюцца складаным механізмам уздзеяння. Шырока распаўсюджаны ў прыродзе, біял. тканках; асабліва шмат гідраксілаз у мікрасомах наднырачнікаў млекакормячых, дзе яны ўдзельнічаюць у акісленні прамежкавых прадуктаў абмену стэроідных гармонаў (цытахром-P-450-гідраксілазы).

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)