СЯЎКО́ Баляслаў Іванавіч (15.5.1940, в. Межырэчы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. —2.6.2002),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1965 акцёр Нац.акад.т-ра імя Я.Коласа. Выканаўца драм. і характарных роляў, якія вылучаліся псіхал. дакладнасцю, эмацыянальнай насычанасцю вобразаў, пластычнасцю і экспрэсіяй: Юрка, Валодзька, Сын («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Сярожа, дзядзька Шура [«Скорыя цягнікі», «Таму што люблю» («Дзень карабля») А.Паповай], Чорт («Блудны муж і яго жонка Варвара» паводле Г.Марчука), Фатограф («Шагал... Шагал...» У.Драздова), Алёша («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Аўгуст Фіш («Аз і Ферт» П.Фёдарава), Колесаў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), граф фон Моар («Я, ты, ён, яна, яны... яно» («Разбойнікі») Ф.Шылера], Сільвіо («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Фрыц, Наведвальнік («Пісьменныя» паводле М.Чокэ) і інш. Здымаўся ў кіно. Арганізатар і кіраўнік (з 1969) Віцебскага нар.т-ра пантамімы «Мім».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЧА (Carpaccio) Віторэ (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.
Літ.:
Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;
Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.
І.М.Каранеўская.
В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).
Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.
Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ Уладзімір Емяльянавіч (сапр. Самсонаў Леў Аляксандравіч; 27.11.1930, Масква — 26.3.1995),
расійскі пісьменнік, публіцыст. З 1974 у эміграцыі. Жыў у Парыжы, Бруселі. Гал. рэдактар час. «Континент» (1974—92). Друкаваўся з 1952. Аповесць «Жывы чалавек» (1962; інсцэніроўка 1965) пра падлетка, які апынуўся пасля арышту бацькі па-за грамадствам. У раманах «Сем дзён тварэння» (1971), «Каранцін» (1973) драматызм штодзённага жыцця ва ўмовах сав. рэчаіснасці, зварот да хрысціянскага ідэалу. Раманы «Зазірнуць у бездань» пра адмірала Калчака, «И аз воздам» (абодва 1986) пра лёс казакоў і Расіі. Аўтар зб-ка вершаў і паэм «Пакаленне на варце» (1956), апавяданняў і аповесцей «Мы абжываем зямлю» (1961), «Як у садзе пры даліне» (1993), раманаў «Каўчэг для няпрошаных» (1976), «Качаванне да смерці» (1994), п’есы «Пазыўныя тваіх паралелей» (1964), аўтабіягр.кн. «Развітанне з ніадкуль» (кн. 1—2, 1974—82), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЧАНЧУ́К Уладзімір Андрэевіч (н. 5.8.1946, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 акцёр і дырэктар Гродзенскага абл.драм.т-ра. З 1985 заг. кафедры, з 1990 дэкан тэатр. факультэта Бел.АМ. Характарны акцёр. Творчасць адметная мастацтвам імправізацыі, разнастайнасцю сцэн. фарбаў. Найб. значныя работы стварыў у камед. рэпертуары. Сярод роляў: Быкоўскі і Кутас («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), Жлукта («Мілы чалавек» К.Крапівы), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гатоўчык («Апошні шанц» В.Быкава), доктор Пінч і Балтазар («Камедыя памылак» У.Шэкспіра), Кісельнікаў («Багна» А.Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Ларыёсік («Дні Гурбіных» М.Булгакава), Зямцоў («Жорсткія гульні» А.Арбузава), Залатуеў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Голубеў («Сам-насам з усімі» А.Гельмана) і інш. Здымаецца ў кіно: «Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Прыступіць да ліквідацыі» (1984), «Маці Урагану» (1990), «Апёк» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРА́С,
расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.
Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар.арт. Расіі (1963). Нар.арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар.арт.СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф.арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЖЫРАЎ Аляксандр Пятровіч (н. 6.9.1923, Масква),
расійскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1948), у 1967—92 выкладаў у ім. Зб-кам «Дарога далёкая» (1947), «Вяртанне» (1955), паэмам «Вага вёрстаў» (1945), «На рубяжах» (1945—47) і інш. уласцівы інтанацыі рэквіема, імкненне да высокай сімволікі. У зб-ках «Ветравое шкло» (1961), «Развітанне са снегам» (1964), «Ладажскі лёд» (1965), «Падкова» (1967), «Познія вершы» (1971), «Пад старым небам» (1976), «Абрысы рэчаў» (1977), «Медальён» (1979), «Проза ў вершах» (1982; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Барматуха» (1991), паэмах «Балада пра цырк» (1961), «Alter ego» (1975) і інш. успрыняцце рэчаў у маштабе часу і вечнасці, сімвалізацыя дэталей, проціпастаўленне гульні афіцыйнасці і дэмагогіі, цырк як сімвал уласнага жыцця, творчага лёсу, сусвету. Паэзія М. адметная філасафічнасцю, драматызмам, спалучэннем фантазіі з непасрэднай рэальнасцю перажывання, літ. рэмінісцэнцыямі. Аўтар вершаў на бел. тэматыку («З вайны»). На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі А.Вялюгін, С.Гаўрусёў, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІКАЎ Андрэй Андрэевіч (н. 22.2.1919, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1968). Нар. мастак СССР (1976).
Акад. АМСССР (1966). Герой Сац. Працы (1989). Віцэ-прэзідэнт Рас.АМ (з 1997). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946), выкладае ў ім (з 1967 праф.). З 1962 кіраўнік творчай майстэрні Рас.АМ. Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт. і гіст. жанрах, пейзажы, партрэце, а таксама ў манум.-дэкар. мастацтве, графіцы, скульптуры. Творы вызначаюцца драм.-эмацыянальным ладам, кампазіцыйнай яснасцю, яркасцю каларыту: «Партрэт маці» (1947), «На мірных палях» (1951), «Партрэт дачкі» (1955, 1964), «Белая ноч» (1963), «Партрэт С.Канёнкава» (1970), «Даша» («Прынцэса», 1971), «Раніца» (1972), «Развітанне» (1975), «Іспанскі трыпціх» («Распяцце», «Карыда», «Смерць Гарсія Лоркі», 1979—83), «Цішыня» (1987), «Распяцце» (1995) і інш. Аўтар мазаік для станцый метрапалітэна (1955) і манум. размалёвак у Т-ры юнага гледача (1962) у С.-Пецярбургу. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1977. Ленінская прэмія 1984.
Літ.:
Каганович А.Л. А.А.Мыльников. Л., 1980;
А.А.Мыльников: [Альбом]. Л., 1977.
А.Мыльнікаў. Карыда. Цэнтральная частка «Іспанскага трыпціха». 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́ВА Алена Георгіеўна (н. 12.10.1947, г. Лягніца, Польшча),
бел.драматург. Дачка Г.Л.Папова. Скончыла Літ.ін-т імя М.Горкага (1973). У 1973—77 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Друкуецца з 1967. Піша на рус. мове. У п’есах «Скорыя цягнікі» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1978), «Ціхі прыстанак» (паст. 1979), «Аб’ява ў вячэрняй газеце» (паст.Рус.драм. т-рам імя М.Горкага, 1982), «Жыццё Карыцына» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1988), «Маленькія радасці жывых» (паст. 1990), «Улюбёнцы лёсу» (паст.Рус.драм. т-рам, 1997; 1-я прэмія на Еўрап. конкурсе п’ес у Германіі, 1994; уключана ў анталогію «Жанчыны-пісьменніцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Лондан, 1999), «Дзень Карабля» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1998), «Развітанне з Радзімай» (паст.Рэсп. т-рам бел. драматургіі, 1998), «Вандроўнікі» (паст.Нац. т-рам імя Я.Купалы, 2000) і інш. роздум пра сэнс чалавечага існавання, вострыя маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана «Узыходжанне Зенты» (2000), апавяданняў, артыкулаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ Іван Міхайлавіч (н. 1.2.1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак-акварэліст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1957), Маскоўскі паліграф.ін-т (1965).
З 1958 працаваў у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у выд-вах «Ураджай», «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1985—2000 у час. «Работніца і сялянка». Творы вылучаюцца дакладнасцю малюнка, тонкім пачуццём колеру, змястоўнай і эмац. напоўненасцю. Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Навальніца над Нараччу» (1972), «Стары Браслаў» (1976), «Восень у Вязынцы» (1980), «Вечны кліч. Адвечнае» (1982), «Вячэрні звон» (1998) і інш. Сярод тэматычных карцін: «Мелодыя роднага краю» (1969), «Случчына мая, мае бацькі» (1971), «Маці. Прысвячаецца Н.Ф.Купрыянавай і яе сынам» (1975), «Вяселле ў Падгор’і» (1978), «Набат 1863 г. К.Каліноўскі і Марыся» (1989), «Трывожныя сны ветэрана» (1995); трыпціх «Балада» (памяці А.Міцкевіча; 1998); партрэтаў П.Броўкі і «Думы Цёткі (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Кірыла Тураўскі» (1979), «Развітанне ў Ляўках Я.Коласа і Я.Купалы» (1982), «Кветкі Радзімы. Францыск Скарына» (1988), «Асветніца Ефрасіння Полацкая» (1990), «Партрэт бацькі» (1999). Аўтар серый помнікаў стараж. архітэктуры Беларусі (1979—81), «Акорды роднай мелодыі» (2000), малюнкаў.