Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),
ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.
Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял.Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл.Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл.Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,
бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыкладнар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус.геагр.т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць ў выніку перыядычнай змены параметраў вагальнай сістэмы (масы, пругкасці, індуктыўнасці, ёмістасці, эл. супраціўлення і інш.). Назіраюцца ў любой вагальнай сістэме пры пэўных суадносінах паміж частатой аднаго з уласных ваганняў сістэмы і частатой змен параметраў.
Класічны прыклад П.в. — узнікненне папярочных ваганняў струны (параметрычны рэзананс) пры перыяд. зменах яе нацяжэння, якое найлягчэй адбываецца, калі частата асн. тону (ці якой-н. гармонікі; гл.Абертон) струны ўдвая большая за частату змен нацяжэння (пры звычайным узбуджэнні вымушаных ваганняў рэзананс настае, калі іх частата супадае з частатой аднаго з уласных ваганняў струны). Пры ўзбуджэнні П.в. стан раўнавагі вагальнай сістэмы ў выніку перыяд. ўздзеяння становіцца няўстойлівым і сістэма пачынае рабіць ваганні каля становішча раўнавагі. Шырыня абласцей няўстойлівага стану павялічваецца з ростам амплітуды змен параметраў. Прынцыпы ўзбуджэння П.в. выкарыстоўваюцца ў параметрычных крыніцах святла (параметрычны лазер), параметрычных генератарах і ўзмацняльніках эл.-магн. ваганняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛА́Х-АД-ДЗІН, Саладзін,
Юсуф ібн Айюб (1138—4.3.1193), султан Егіпта [1171—93]. Курд па паходжанні. Быў спачатку на службе сірыйскага султана Нур-ад-дзіна, у 1164—68 удзельнік паходаў у Егіпет. З 1169 візір — фактычны правіцель Егіпта пры намінальнай уладзе халіфа з дынастыі Фатымідаў. Пасля смерці апошняга з Фатымідаў абвясціў сябе султанам Егіпта. У 1174 падпарадкаваў сабе Сірыю і некат. раёны Ірака. У 1187 пачаў вайну супраць дзяржаў крыжаносцаў на Б. Усходзе, разбіў іх войскі 3—4.7.1187 у бітве пры Хіціне. 2.10.1187 заняў Іерусалім, што выклікала 3-і крыжовы паход (1189—92, гл. ў арт.Крыжовыя паходы). Вёў вайну з войскам крыжаносцаў на чале з англ. каралём Рычардам I. Пасля паражэння свайго войска пры Арсуфе ў вер. 1191 заключыў з Рычардам мірны дагавор, паводле якога захаваў б.ч. сваіх заваяванняў, у т. л. Іерусалім. У зах.-еўрап. л-ры вобраз С. часта ўжываўся як прыклад высакароднасці і дабрадзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРА́Т (Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),
старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст.Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНЦ ((Lenz) Зігфрыд) (н. 17.3.1926, г. Элк, Польшча),
нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Ястрабы ў небе» (1951). Вядомасць прынёс раман «Урок нямецкай» (1968) пра антыфаш. Супраціўленне ў 2-ю сусв. вайну. У раманах «Хлеба і відовішчаў» (1959), «Жывы прыклад» (1973), «Краязнаўчы музей» (1978), «Страта» (1981), «На пляцы» (1985) узаемадачыненні асобы і гісторыі, маральныя паводзіны чалавека ў трагічных абставінах 2-й сусв. вайны, пошукі ідэальнага героя. Аўтар зб-каў апавяд. «Такой пяшчотнай была Зулейкен» (1955), «Парушальнік спакою» (1965), «Эйнштэйн перасякае Эльбу каля Гамбурга», «Пах мірабелі» (абодва 1975), філас. драмы-прытчы «Час бязвінных» (1961), радыёп’ес. Яго творам уласцівы сюжэтная разгалінаванасць, дакладнасць дэталі, ускладненасць сімволікі, уплыў філасофіі экзістэнцыялізму.
Тв.:
Рус.пер. — Урок немецкого. М., 1971;
Хлеба и зрелищ. М., 1975;
Живой пример. М., 1977;
Краеведческий музей. М., 1982;
Эйнштейн пересекает Эльбу близ Гамбурга. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЕНІКІ (Geometridae),
сямейства лускакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах. Пераважна змрокавыя і начныя матылі. На Беларусі больш за 12 родаў, каля 300 відаў. Найб. трапляюцца П.: асенні (Oporinia autumnata), зімовы (Operophtera brumata), хваёвы (Bulapns piniarius), чубаты (Colotois pennaria), яловы вуглакрылы (Semiothisa liturata) і інш. Некат. віды — шкоднікі лесу і с.-г. раслін.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка разнастайная. Вусені шараватыя або зеленаватыя, нагадваюць сучкі, галінкі, сцяблінкі (яскравы прыкладмімікрыі), маюць звычайна 2 пары брушных ног. Пры перамяшчэнні дугападобна выгінаюць цела ўверх — рухаюцца «пядзямі» (адсюль назва). Кормяцца лісцем, бутонамі, кветкамі, пупышкамі раслін; многія — паліфагі; ёсць драпежнікі.
Пядзенікі: 1 — зімовы (а — самец, б — самка); 2 — агрэставы; 3 — асенні; 4 — чубаты; 5 — яловы вуглакрылы; 6 — хваёвы (а — самец, б — самка); 7 — вусені (а — у руху, б — у позе абароны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́РСКІ (Аляксандр Іванавіч) (1798, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 28.6.1833),
ваенны дзеяч, герой руска-турэцкай вайны 1828—29, капітан 1-га рангу (1831). Скончыў Мікалаеўскае марское вучылішча (1814). Служыў на Чарнаморскім флоце (1814—17 і 1820—30), Дунайскай ваен. флатыліі (1817—20). У 1828 вызначыўся пры ўзяцці крэпасцей Анапа і Варна. У час разведкі 26.5.1829 каля Басфора 18-гарматны брыг «Меркурый» на чале з К. вёў 4-гадзінны бой з тур. лінкорамі «Селіміе» (110 гармат) і «Рэал-бей» (74 гарматы) і вымусіў іх адступіць. У 1831 К. адшукаў найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Пецярбург па рэках і азёрах з Белага м. ў Ладажскае воз. (праз 100 гадоў гэты шлях рэалізаваны ў Беламорска-Балтыйскі канал). У Севастопалі яму пастаўлены помнік з надпісам «Казарскаму. Нашчадкам у прыклад. 1834 год». Подзвігу экіпажа «Меркурыя» прысвечаны карціны І.К.Айвазоўскага «Брыг «Меркурый» пасля перамогі над двума турэцкімі суднамі сустракаецца з рускай эскадрай» (1848) і «Брыг «Меркурый», атакаваны двума турэцкімі караблямі» (1892).
Літ.:
Жизнеописания русских военных деятелей. Т. 1, вып. 2. СПб., 1885;
Ермоленко В.А. Моряк из Дубровно // Нёман. 1998. № 9.