КАРНІ́З (ням. Karnies ад грэч. kōronis канец, завяршэнне),
гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах (пакрыццё) будынка і ахоўвае сцяну ад сцёку вады; мае і дэкар. значэнне. К. бываюць: верхні (завяршае антаблемент), прамежкавы (падзяляе фасад на асобныя ярусы), цокальны (завяршае цокаль будынка), надаконны, падаконны і інш.; вонкавыя і ўнутраныя. Былі пашыраны ў архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, стыляў барока, ракако, класіцызму. У бел.манум. архітэктуры К. з’явіліся ў 11—12 ст., у драўляным дойлідстве — у 2-й пал. 18 ст. У нар. архітэктуры (Усх. Палессе, Падняпроўе) К. аздабляюць разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНКЕ́ВІЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 18 ст. на могілках. Царква — трохзрубная з прамавугольнымі ў плане аб’ёмамі роўнай вышыні. Цэнтр. зруб асн. аб’ёму завершаны невысокім чацверыком, накрыты 4-схільным шатром (знутры 8-схільным). Апсіда і бабінец пад вальмавымі дахамі з невял. гранёнымі галоўкамі. На адной восі з царквой пастаўлена зрубна-каркасная званіца; звонку 2-ярусная, мае схаваны прамежкавы ярус, накрыта 4-схільным шатром. У 1978—80 сцены будынкаў вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і аздоблены падзорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРАМА́ТЫ,
солі вальфрамавых кіслот. Адрозніваюць нармальныя (монавальфраматы) — солі вальфрамавай к-ты H2O∙WO3 (H2WO4) і полівальфраматы (метавальфраматы, паравальфраматы і інш.) — солі не вылучаных у свабодным стане полікіслот. Монавальфраматы трапляюцца ў выглядзе мінералаў (гл.Вальфрамавыя руды).
Солі M2WO4 (M — аднавалентны метал) плавяцца пры т-ры 600—1000 °C без раскладання. Монавальфраматы шчолачных металаў, магнію і аднавалентнага талію добра раствараюцца ў вадзе. Полівальфраматы атрымліваюць падкісленнем раствораў монавальфраматаў. Практычнае значэнне мае паравальфрамат амонію (NH4)10[H2W12O42]∙xH2O, прамежкавы прадукт у вытв-сці вальфраму.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці вальфрамавых бронзаў (вальфраматы калію і натрыю), як кампаненты люмінафораў (вальфраматы магнію, кадмію, цынку), лазерных матэрыялаў (вальфраматы рэдказямельных элементаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́НАС Яўген Дамінікавіч (н. 18.2.1944, Масква),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Мінскі радыётэхнічны ін-т (1972). Працаваў у газ. «Знамя юности», уласным карэспандэнтам АДН па Беларусі, спец. карэспандэнтам па Беларусі і Прыбалтыцы час. «Дружба народов». З 1990 — старшыня праўлення выд-ва «Паліфакт» (Мінск). У кнігах нарысаў і публіцыстыкі «Адзін практычны крок» (1983), «Дом у сельскай мясцовасці» (1985), «Дзеючыя асобы» (1986) разглядае агр. і сац. праблемы, перспектывы сучаснай вёскі. У рамане-даследаванні «Прамежкавы чалавек» (1990) — крытычны погляд на сутнасць улады ў сацыяліст. перыяд жыцця. Аўтар сцэнарыяў маст. («З юбілеем пачакаем», «Ліфт для прамежкавага чалавека») і дакумент. фільмаў. Выдавец шматтомнай серыі «Вынікі стагоддзя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЁСЫ, воз,
тып гужавых трансп. сродкаў. Традыц.бел. сялянскія К. мелі простую канструкцыю: 4 колы, насаджаныя на драўляныя восі пярэдняга і задняга ходаў, што злучаліся паміж сабой выгнутай трайнёй і жэрдкамі — біламі, або ляжэйкамі, якія ўтваралі аснову кузава. У падушкі пярэдняга і задняга ходаў забівалі ручкі, на іх замацоўвалі гнутыя дужкі (вязы), якія давалі магчымасць заціскаць сюды бартавыя дошкі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ва ўсх. Беларусі часцей карысталіся канструкцыяй са стацыянарным кузавам з дошак (прамежкавы варыянт паміж рабочым возам і брычкай) ці платформай замест яго (рабочыя К.). У цэнтр. і зах. раёнах найб. пашыраным тыпам рабочых К. была мажара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЫЛЕ́Н, этэн,
арганічнае ненасычанае злучэнне, першы член гамалагічнага рада алкенаў, CH2=CH2 У прыродзе практычна не сустракаецца. У нязначнай колькасці ўтвараецца ў тканках раслін і жывёл як прамежкавы прадукт абмену рэчываў. Мае ўласцівасці фітагармонаў.
Бясколерны газ са слабым эфірным пахам, шчыльн. пры 0 °C 1,245 кг/м³, tпл -169.5 °C, tкіп -103,7 °C. Слаба раствараецца ў вадзе, добра — у дыэтылавым эфіры і вуглевадародах. З паветрам утварае выбухованебяспечныя сумесі. Э. вельмі рэакцыйназдольны. Асн. метад атрымання — піроліз нафтапрадуктаў. Выкарыстоўваюць як зыходнае злучэнне для атрымання поліэтылену, вокісу этылену і інш., для дэфаліяцыі раслін і зніжэння заўчаснага ападання пладоў. Валодае слабым наркатычным дзеяннем; ГДК 50 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУ́ШЧАВЫ АБМЕ́Н, ліпідны абмен,
сукупнасць працэсаў пераўтварэнняў тлушчаў у арганізме чалавека і жывёл. Уключае ператраўліванне і ўсмоктванне тлушчаў і прадуктаў іх распаду ў страўнікава-кішачным тракце, прамежкавы Т.а., выдаленне з арганізма. Ліпіды забяспечваюць да 40% агульнай колькасці калорый, выконваюць пластычную функцыю пабудовы мембран клетак і інш.Найб. важныя ліпіды — трыацылгліцэролы (ТАГ) або нейтральныя тлушчы. Расшчапленне тлушчаў расл. і жывёльнага паходжання ў дарослых людзей пачынаецца ў кішэчніку (у грудных дзяцей у страўніку). Пад уплывам жоўці адбываецца эмульгаванне тлушчаў і актывацыя ліпазы. ТАГ расшчапляюцца да ды-, монагліцэрыдаў, гліцэрыны і тлустых кіслот. 25—30% эмульгаваных тлушчаў усмоктваецца кішэчнікам і пераходзіць у кроў без змены. Тлустыя к-ты ўсмоктваюцца ў комплексе з жоўцевымі к-тамі. Частка гліцэрыны і тлустых к-т у слізістай абалонцы кішэчніка ідзе на рэасінтэз тлушчаў, астатняя пераходзіць у кроў і лімфу.
Прамежкавы Т.а. уключае расшчапленне ТАГ у тканках з утварэннем вышэйшых тлустых к-т і гліцэрыны, мабілізацыю тлустых к-т з тлушчавых дэпо, іх акісленне, утварэнне кетонавых цел, біясінтэз вышэйшых тлустых к-т і інш. Тлустыя к-ты паступаюць у органы і тканкі, далей акісляюцца ў цыкле трыкарбонавых к-т. Каля 30% тлустых к-т затрымліваецца ў печані пры аднаразовым праходжанні праз яе. У печані ўтвараюцца ліпапратэіды рознай шчыльнасці, якія ўдзельнічаюць у Т.а. ўсіх органаў і тканак. Сінтэз ТАГ ажыццяўляецца гал. чын. у тлушчавай тканцы, печані, сценцы кішэчніка. Асн. шлях выдалення тлушчу — праз скуру з сакрэтамі сальных і потавых залоз, невял. ч. — з фекаліямі, мачой. Т.а. узмацняецца пры фіз. нагрузцы, галаданні, ахаладжэнні і інш. стрэсавых уздзеяннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАДАКУМЕ́НТЫ,
выяўленчыя дакументы, якія ствараюцца пры дапамозе фатаграфічнай тэхнікі і фіксуюць рэчы, падзеі, з’явы рэчаіснасці ў выглядзе адлюстраванняў; від гіст. крыніц. Выяўленчыя ўласцівасці Ф. разглядаюць адначасова і як гіст. крыніцу, і як твор мастацтва, што пашырае магчымасці іх крыніцазнаўчага аналізу. Візуальная інфармацыя абавязкова патрабуе тэкставага суправаджэння. якое адыгрывае істотную ролю пры крыніцазнаўчым аналізе. Ад якасці фотаздымка і суправаджальнага тэксту залежыць ступень уяўлення пра іх паходжанне і змест. Без анатацый Ф. часта не можа быць выкарыстаны як паўнацэнны гіст.дакумент. Адрозніваюць арыгіналы і копіі. Арыгіналы атрымліваюць на святлоадчувальнай плёнцы і інш. носьбітах у выніку аўтарскай здымкі: негатыў, пазітыў на абарачальнай плёнцы, дыяпазітыў (слайд). Копіі Ф. атрымліваюць у выніку адна- ці шматразовага капіравання арыгінала: пазітыў і прамежкавы пазітыў, кантратып (дубль-негатыў). Прамежкавы пазітыў — копія, вырабленая з негатыву на спец. плёнцы, для друкавання кантратыпу. Кантратып вырабляюць з прамежкавага пазітыва ці непасрэдна з негатыва для друкавання Ф. Класіфікуюць Ф. паводле тэматыкі, партрэты і пейзажы — паводле аб’екта і месца здымкі. У архівах Ф. сістэматызуюць па відах: негатывы, пазітывы, фотаальбомы, дыяпазітывы (слайды). Унутры відаў негатывы і дыяпазітывы размяшчаюць па каляровасці, негатывы — па памерах. За адзінку захавання Ф. прымаюцца: негатыў, кантратып (дубль-негатыў), які паступіў у архіў на правах арыгінала; фотаальбом, які складаецца з групы пазітываў; дыяпазітыў (слайд). Багатая гісторыя бел. фатаграфіі (верагодна, 1-е на Беларусі фотаатэлье С.А.Юркоўскага ў Віцебску адкрыта ў 1867) дае добрыя магчымасці для творчага выкарыстання Ф. як гіст. крыніц. На Беларусі найб. сховішча Ф. — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў. Багатую фотатэку мае Бел. тэлеграфнае агенцтва, у тэматычных раздзелах якой зберагаецца каля 60 тыс. чорна-белых і каляровых негатываў і слайдаў.
Літ.:
Міхальчанка А. Фотадакументы БелТА як гістарычныя крыніцы // Бел.гіст.часоп. 2000. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАМІ́Н,
L-p-амід-L-глутамінавай кіслаты, C5H10O3N2, заменная амінакіслата ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў; амінакіслотны кампанент бялкоў і поліпептыдаў. У свабодным стане ў значнай колькасці ёсць у раслін, сардэчнай і шкілетных мышцах, мозгу. Важнейшае злучэнне азоцістага абмену, з дапамогай якога пераносяцца амінагрупы (пераамінаванне). Пры ўтварэнні глутаміну з глутамінавай к-ты ў раслін і многіх жывёл абясшкоджваецца таксічны аміяк. Адзін з прадуктаў першаснага звязвання малекулярнага азоту клубеньчыкавымі бактэрыямі і свабодна жывучымі азотфіксатарамі. Дае пачатак біясінтэзу шэрагу амінакіслот (трыптафану, гістыдзіну, гліцыну, аспарагіну, аланіну і інш.), пурынавых і пірымідзінавых асноў, гексозаміну, рыбафлавіну, фоліевай к-ты і інш.; можа ператварацца ў 1-кетаглутарат — прамежкавы прадукт цыкла лімоннай к-ты, які пастаўляе вуглярод на сінтэз глюкозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПЯЛЁСНІК (Circaea),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. 12 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 віды: Д. альпійскі (C. alpina) і парыжскі, або вядзьмак-трава (C. lutetiana). Растуць у сырых і цяністых лясах, у хмызняках, ярах, на пнях і калодах. Утвараюць гібрыдную форму — Д. прамежкавы (C. intermedia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам і прамастойным або ўзыходным простым ці галінастым сцяблом. Лісце супраціўнае, суцэльнае, на чаранках, яйца- ці сэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, ружаватыя ці бэзаватыя, у канцавых простых або галінастых гронках. Вяночак з 2 адваротнаяйцападобных пялёсткаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны, 1—2-гнездавы, укрыты кручкападобна сагнутымі валаскамі. Лек. і фарбавальныя расліны.