ЭТЫЛЕ́Н, этэн,

арганічнае ненасычанае злучэнне, першы член гамалагічнага рада алкенаў, CH2=CH2 У прыродзе практычна не сустракаецца. У нязначнай колькасці ўтвараецца ў тканках раслін і жывёл як прамежкавы прадукт абмену рэчываў. Мае ўласцівасці фітагармонаў.

Бясколерны газ са слабым эфірным пахам, шчыльн. пры 0 °C 1,245 кг/м³, tпл -169.5 °C, tкіп -103,7 °C. Слаба раствараецца ў вадзе, добра — у дыэтылавым эфіры і вуглевадародах. З паветрам утварае выбухованебяспечныя сумесі. Э. вельмі рэакцыйназдольны. Асн. метад атрымання — піроліз нафтапрадуктаў. Выкарыстоўваюць як зыходнае злучэнне для атрымання поліэтылену, вокісу этылену і інш., для дэфаліяцыі раслін і зніжэння заўчаснага ападання пладоў. Валодае слабым наркатычным дзеяннем; ГДК 50 мг/м³.

т. 18, кн. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)