ФОТАДАКУМЕ́НТЫ,
выяўленчыя дакументы, якія ствараюцца пры дапамозе фатаграфічнай тэхнікі і фіксуюць рэчы, падзеі, з’явы рэчаіснасці ў выглядзе адлюстраванняў; від гіст. крыніц. Выяўленчыя ўласцівасці Ф. разглядаюць адначасова і як гіст. крыніцу, і як твор мастацтва, што пашырае магчымасці іх крыніцазнаўчага аналізу. Візуальная інфармацыя абавязкова патрабуе тэкставага суправаджэння. якое адыгрывае істотную ролю пры крыніцазнаўчым аналізе. Ад якасці фотаздымка і суправаджальнага тэксту залежыць ступень уяўлення пра іх паходжанне і змест. Без анатацый Ф. часта не можа быць выкарыстаны як паўнацэнны гіст. дакумент. Адрозніваюць арыгіналы і копіі. Арыгіналы атрымліваюць на святлоадчувальнай плёнцы і інш. носьбітах у выніку аўтарскай здымкі: негатыў, пазітыў на абарачальнай плёнцы, дыяпазітыў (слайд). Копіі Ф. атрымліваюць у выніку адна- ці шматразовага капіравання арыгінала: пазітыў і прамежкавы пазітыў, кантратып (дубль-негатыў). Прамежкавы пазітыў — копія, вырабленая з негатыву на спец. плёнцы, для друкавання кантратыпу. Кантратып вырабляюць з прамежкавага пазітыва ці непасрэдна з негатыва для друкавання Ф. Класіфікуюць Ф. паводле тэматыкі, партрэты і пейзажы — паводле аб’екта і месца здымкі. У архівах Ф. сістэматызуюць па відах: негатывы, пазітывы, фотаальбомы, дыяпазітывы (слайды). Унутры відаў негатывы і дыяпазітывы размяшчаюць па каляровасці, негатывы — па памерах. За адзінку захавання Ф. прымаюцца: негатыў, кантратып (дубль-негатыў), які паступіў у архіў на правах арыгінала; фотаальбом, які складаецца з групы пазітываў; дыяпазітыў (слайд). Багатая гісторыя бел. фатаграфіі (верагодна, 1-е на Беларусі фотаатэлье С.А.Юркоўскага ў Віцебску адкрыта ў 1867) дае добрыя магчымасці для творчага выкарыстання Ф. як гіст. крыніц. На Беларусі найб. сховішча Ф. — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў. Багатую фотатэку мае Бел. тэлеграфнае агенцтва, у тэматычных раздзелах якой зберагаецца каля 60 тыс. чорна-белых і каляровых негатываў і слайдаў.
Літ.:
Міхальчанка А. Фотадакументы БелТА як гістарычныя крыніцы // Бел. гіст. часоп. 2000. № 4.
А.М.Міхальчанка.
т. 16, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)