ГЛІ́НА,

пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш. Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал. хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).

Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).

На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),

дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.

Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.

Арматура жалезабетонных канструкцый: 1 і 2 — арматура перыядычнага профілю; 3 — дрот перыядычнага профілю; 4 — сямідротавая пасма; 5 — двухрадны канат.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч., plastikos прыдатны для лепкі, падатлівы) матэрыялаў, уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) пад уздзеяннем мех. нагрузак зменьваць без разбурэння сваю форму і захоўваць частку атрыманай дэфармацыі пасля спынення ўздзеяння. Залежыць ад структуры цела і ўмоў яго дэфармавання (скорасці нагружэння, т-ры, ціску і інш.). Малое значэнне або адсутнасць П. азначае процілеглую ўласцівасць — крохкасць матэрыялаў. Улік П. дазваляе вызначаць запасы трываласці, дэфармавальнасці і ўстойлівасці канструкцый, магчымасці апрацоўкі матэрыялаў ціскам (валачэння, коўкі, пракаткі, штампоўкі). Вывучаюць П. пластычнасці тэорыя, супраціўленне матэрыялаў і інш.

Пластычная дэфармацыя звязана з разрывам некат. міжатамных сувязей і ўтварэннем новых. П. аморфных цел вызначаецца імавернасцю рэлаксацыйных перагруповак атамаў і малекул (гл. Рэлаксацыя), а цел з крышт. будовай — утварэннем, перамяшчэннем і ўзаемадзеяннем дэфектаў у крышталях. У залежнасці ад колькасці атамаў, што ўдзельнічаюць у элементарным акце пластычнай дэфармацыі, адрозніваюць П.: самадыфузійную і дыфузійную (перамяшчэнне атамных слаёў крышталя, на якія ўздзейнічаюць знешнія сілы, на ўчасткі, дзе дзейнічаюць расцягвальныя сілы), краўдыённую (спараджэнне і перамяшчэнне краўдыёнаў — згушчэнняў атамаў уздоўж шчыльна ўпакаваных шэрагаў атамаў), дыслакацыйную (слізганне па крышталеграфічных плоскасцях, гл. Дыслакацыі ў крышталях), звязаную з дэфармацыяй элементарнай ячэйкі крышталя (гл. Двайнікаванне), з працяканнем фазавага пераўтварэння (гл. Фазавыя пераходы).

Літ.:

Хоникомб Р. Пластическая деформация металлов: Пер. с англ. М., 1972;

Полухин П.И., Горелик С.С., Воронцов В.К. Физические основы пластической деформации. М. 1982;

Кайбышев О.А. Сверхпластичность промышленных сплавов. М., 1984;

Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.​Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.​В.​Сабалеўскі.

Г.П.Глебаў. Мастак І.​Ахрэмчык. 1943.
Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».
Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),

змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.

У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.

І.​І.​Леановіч.

Дэфармацыі: 1 — расцяжэння; 2 — сціскання; 3 — зруху; 4 — кручэння; 5 — выгіну.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн. буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).

Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв. інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.​Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЛЬЕ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў; галіна скульптуры дробных форм. Творы М.м. вырабляюцца з медзі, серабра, золата, бронзы і інш. матэрыялаў, якія дазваляюць рабіць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце; дэкар. і выставачныя медалі вырабляюць і ў тэхніцы керамікі. М.м. ўласцівы пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арган. спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асн. іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму.

Узнікла ў 7—6 ст. да н.э. разам з вырабам метал. манет у Лідыі і Стараж. Грэцыі. У старажытнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаванага металу з гравіраванымі негатыўнымі выявамі. Буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Ант. манетам уласцівы прастата і гарманічнасць вобразаў божастваў і міфалагічных сцэн. У эпоху сярэднявечча ў кампазіцыі пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы. Манеты краін Азіі вызначаліся прыгажосцю каліграфічных надпісаў. З 14—16 ст. вядомы выраб памятных медалёў. Творам М.м. эпохі Адраджэння ўласцівы індывідуальнасць партрэтных характарыстык і пластычная дасканаласць алегарычных фігур (медальеры Пізанела, Б.​Чэліні ў Італіі, Ж.​Пілон у Францыі і інш.). У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў (Ж.​Варэн, Г.​Дзюпрэ ў Францыі, І.​Хён, Ф.​Г.​Мюлер у Германіі, П.​Уткін, Ф.​Талстой у Расіі, і інш.). Эпоха рамантызму прыўнесла ў М.м. пошукі жывапіснасці і свабоды пластычнай святлоценявой лепкі (П.​Ж.​Давід д’Анжэ ў Францыі). У 20 ст. значна пашырыліся выразныя сродкі (контррэльеф, паглыблены контур, чарненне, эмаль) і тэматыка, ускладнілася кампазіцыя, пластычная мова і фактура твораў М.м. (А.​Л.​Галцье, Р.​Дэламар, Ж.​Лей, А.​Ж.​Адам у Францыі, Я.​Фішэр, І.​Прадлер у Чэхіі і інш.).

На Беларусі М.м. развівалася ў рэчышчы асн. маст. эпох і стыляў. З канца 15 ст. манеты выраблялі на Віленскім манетным двары. З пач. 16 ст. вядомы медалі ў гонар польскіх каралёў, вял. князёў ВКЛ і чл. іх сямей, у т. л. Жыгімонта I Старога, Жыгімонта II Аўгуста, Боны Сфорцы і інш., якія стваралі замежныя медальеры Г.​Шварц, Я.​М.​Муска Падавана, Д.​Венетус і інш. З сярэдзіны 16 ст. на Віленскім манетным двары пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка, медалі з нагоды ваен. перамог. Паводле заказу кн. Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў Г.​Кель, Г.​Трыльнер, манаграміст «HD». З 18 ст. пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў рэліг. тэматыкі, прысвечаных важным дзярж. і грамадскім падзеям. Найб. вядомы медальер 18 ст. — І.​Ф.​Гольцгаўзер. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай творы М.м., звязаныя з бел. тэматыкай, ствараліся ў Расіі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—31 і 1863—64, А.​Міцкевічу, Т.​Касцюшку і інш. У 1960-я г. бел. М.м. аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, гадавінам бел. гарадоў, навук. устаноў, прадпрыемстваў, падзеям культ. жыцця, значным асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш. Да М.м. ў сваёй творчасці звяртаюцца Г.​Асташонак, М.​Байрачны, С.​Вакар, Г.​Гаравая, С.​Гарбунова, А.​Зіменка, А.​Кашкурэвіч, В.​Ларчанка, У.​Лятун, У.​Слабодчыкаў, Л.​Талбузін, А.​Фінскі і інш. Творы М.м. экспануюцца на выстаўках. Гл. таксама Манета, Медаль.

Літ.:

Одноралов Н.В. Техника медальерного искусства. М., 1983.

Да арт. Медальернае мастацтва. Медальён у 8 солідаў. Рымская імперыя. Каля 337—361.
Да арт. Медальернае мастацтва. Златнік Уладзіміра Святаславіча. Канец 10 — пач. 11 ст.
Да арт. Медальернае мастацтва. Л.​Талбузін. Медаль «Мікола Гусоўскі». 1960.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,

тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр. купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжаны лац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.

Т.​В.​Габрусь.

Крыжова-купальны храм.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,

адзін з найб. стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.

Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав. карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.

Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб. стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж. акад. нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.

Літ.:

Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».

т. 11, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)