ГАМБЕ́ТА ((Gambetta) Леон Мішэль) (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬФАНД (Аляксандр Лазаравіч) (псеўд.Парвус; 1869, г. Беразіно Мінскай вобл. — 1924),
дзеяч рас. і герм.рэв. руху. Скончыў Базельскі ун-т (1891). З 1886 у эміграцыі ў Германіі і Швейцарыі. Прымыкаў да левага крыла герм. сацыял-дэмакратыі, крытыкаваў погляды Э.Бернштэйна. З 1900 прымаў удзел у выданні газ.«Искра». З 1903 меншавік. У 1905 прыбыў у Расію, быў адным з кіраўнікоў Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, асуджаны на 3 гады высылкі. Пасля ўцёкаў жыў у Германіі, Турцыі. У 1-ю сусв. вайну выступаў за перамогу Германіі, падтрымліваў сувязі з герм.Ген. штабам. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 не атрымаў дазволу вярнуцца ў Расію. Пасля 1918 адышоў ад паліт. дзейнасці, арганізаваў у Германіі Ін-т па вывучэнні сусв. вайны. Адзін са стваральнікаў тэорыі «перманентнай рэвалюцыі». Адмоўную характарыстыку Гельфанда як паліт. авантурыста і махінатара даў М.Горкі ў нарысе «У.І.Ленін» і А.І.Салжаніцын у рамане «Ленін у Цюрыху».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,
польскае нац.-вызв. паўстанне супраць прускага панавання, якое адбылося 20 сак. — 9 мая ў Пазнанскім вялікім княстве. Пасля атрымання звестак пра рэв. падзеі 1848 у Францыі і Германіі 20 сак. ў г. Познань створаны Нац.к-т. Паўстанне было скіравана супраць праекта падзелу Пазнанскага княства і далучэння значнай яго ч. да Прусіі. Рух набыў форму напаўлегальнага захопу ўлады ў правінцыі. Нац.к-т стварыў тайны Нац. ўрад (К.Лібельт, Г.Патвароўскі, В.Стафанскі), кіраўніком паўстання 10 крас. стаў Л.Мераслаўскі. Прускія ўлады, у парушэнне заключанага 11 крас. ў Яраслаўцы пагаднення, якое легалізавала існаванне польскіх узбр. сіл (3 тыс.чал.), пачалі задушэнне паўстання. 29 крас. прускія войскі разграмілі польскі атрад у Ксенжы. 30 крас. паўстанцы атрымалі перамогу пад Мілославам, 2 мая — пад Вжэсняй-Саколавам. Аднак шляхта выступіла супраць працягу барацьбы, а спробы разгарнуць партыз. дзеянні скончыліся беспаспяхова. 9 мая падпісана капітуляцыя. Разгром паўстання стаў першым поспехам контррэвалюцыі ў Еўропе ў 1848.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творы груз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНАЦЕ́НКА (Іларыён Мяфодзьевіч) (н. 28.12.1919, в. Дамамеркі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. гісторык. Акад.Нац.АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-ргіст.н. (1965), праф. (1966). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1950). З 1948 пракурор г. Гомель, сакратар Мінскага гаркома КПБ, у БДУ. У 1966—80 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККПБ, Ін-та гісторыі АН Беларусі, з 1980 заг. аддзела, з 1991 гал.навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе гісторыю Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, нац.-вызв. руху 20 ст. Аўтар прац «Бяднейшае сялянства — саюзнік пралетарыяту ў барацьбе за перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі (1917—1918 гг.)» (1962), «Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на Беларусі» (1986), «Кастрычніцкая рэвалюцыя і самавызначэнне Беларусі» (1992), «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» (1995), «Рэвалюцыя ў гістарычным працэсе» (1997) і інш.Чл.ЦККПБ у 1976—81. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1975—86.
Літ.:
И.М.Игнатенко: (К 70-летию со дня рождения): Биобиблиогр. указ. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАГА МА́Я,
міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 ў Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш.сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1946,
міжнародная канферэнцыя (29 ліп. — 15 кастр., Парыж) па разглядзе падрыхтаваных на Патсдамскай канферэнцыі 1945 Саветам міністраў замежных спраў (СМЗС) СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая праектаў мірных дагавораў паміж дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, якія перамаглі ў другой сусветнай вайне 1939—45, і б. саюзнікамі Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Склікана паводле рашэнняў Маск. нарады міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (снеж. 1945). Прысутнічалі дэлегацыі 21 краіны, у т. л.СССР, БССР і УССР (удзел апошніх 2 сав. рэспублік тлумачыўся іх членствам у ААН і іх укладам у перамогу над фаш. дзяржавамі). Абмяркоўваліся паліт., тэр. і эканам. пытанні ў 10 камісіях. Бел. дэлегацыя (паўнамоцныя дэлегаты: К.В.Кісялёў — кіраўнік, А.Г.Бондар, П.В.Лютаровіч, Г.Г.Навіцкі, В.І.Фясько, А.А.Чыжоў, Ф.П.Шмыгаў і 2 прадстаўнікі: Н.П.Новік, В.І.Яшумаў) найб. абараняла інтарэсы СССР і яго саюзнікаў (краін Усх. Еўропы) па працэдуры галасавання, выступала ў падтрымку рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада, але не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі), Югаславіі (за далучэнне да яе Трыеста), Балгарыі (супраць адрыву ад яе тэр. на карысць Грэцыі). Тэксты дагавораў канчаткова ўзгоднены на сесіі СМЗС у Нью-Йорку 4.11—12.12.1946 і падпісаны 10.2.1947 у Парыжы (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947).
Літ.:
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг.Мн., 1997. С. 46—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,
рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр.Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогусац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш.нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.
Літ.:
Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ФАЛЬКЛО́Р,
вуснапаэтычныя творы, складзеныя бел. народам на тэрыторыі, акупіраванай ням. фашыстамі ў гады Вял.Айч. вайны. У іх — нянавісць да акупантаў, вера ў перамогу, услаўленне подзвігаў нар. мсціўцаў. Асабліва папулярнымі былі партызанскія песні, прыпеўкі, анекдоты, прымаўкі і прыказкі. Бытавалі таксама легенды, сказы, казкі. Характэрная асаблівасць многіх твораў — маст. адлюстраванне подзвігаў рэальных нар. герояў, у т. л. К.Заслонава, С.Каўпака, дзе сапраўдныя жыццёвыя факты спалучаліся з выдуманымі і падаваліся як рэальныя. Так, у казцы «Як конь Заслонава Парыў ад смерці яго выратаваў» матывы гераічнага эпасу аб’ядноўваюцца з эпізодамі, уласцівымі чарадзейным казкам. У легендах і апавяданнях сцвярджалася бессмяротнасць славутых змагароў з фашыстамі, расказвалася пра храбрасць і надзвычайную ваен. хітрасць легендарных партыз. камандзіраў. Выкарыстоўваліся традыц.фалькл. сюжэты, маст. прыёмы і сродкі, элементы прафес. мастацтва і л-ры. Вял. камічны эфект мелі творы малых форм: анекдоты, жарты, гумарэскі. У іх высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фаш. прапаганда. На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану складзена сатыр. пісьмо бел. партызан «бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру». Сатыр. накіраванасць уласціва многім прыказкам і прымаўкам. Бязлітасная сатыра на фаш. захопнікаў і іх памагатых, нянавісць да іх адпавядала Думкам і настроям людзей, якія ў акупацыі не скарыліся ворагу і працягвалі барацьбу.
Публ.: Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Ми., 1961; Паэзія барацьбы. Мн 1985.