ПАІЗІЕ́ЛА, Паэзіела (Paisiello, Paesiello) Джавані Грэгорыо Катальда (9.5.1740, г. Таранта, Італія —5.6.1816), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Чл. парыжскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (1809). Вучыўся ў кансерваторыі «Сант-Анофрыо а Капуана» ў Неапалі (1754—63). З 1776 прыдворны кампазітар у Пецярбургу. З 1784 прыдворны кампазітар і капельмайстар караля Неапалітанскага. У 1802—03 арганізатар і кіраўнік асабістай капэлы Напалеона ў Парыжы. Майстар оперы-буфа, аўтар каля 100 опер-серыя. Стварыў яскравыя ўзоры італьян. камічнай оперы, узбагаціў яе выразныя сродкі, павялічыў ролю аркестра. Сярод твораў: оперы «Балбатун» (паст. 1764), «Ахіл на Скірасе» (паст. 1778), «Служанка-пані» (паст. 1781), «Севільскі цырульнік, або Марная засцярога» (паст. 1782), «Месяцавае святло» (паст. 1783), «Млынарыха» і «Ніна, або Звар’яцелая ад кахання» (паст. абедзве 1789), «Піфагарэйцы» (паст. 1808); 3 духоўныя араторыі, кантаты, 2 рэквіемы; 12 сімфоній; 6 стр. і 12 фп. квартэтаў; п’есы для фп., арфы і інш.
Літ.:
Крунтяева Т. Дж.Паизиелло // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в Л., 1981.
чэшская пісьменніца. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1953). Дэбютавала зб.аўтабіягр.апавяд. «Пад крыламі» (1917). У зб. «Апавяданні з гарадскога саду» (1920) і рамане «Пацыентка доктара Гегла» (1931) маральна-этычныя праблемы. Уражанні ад паездкі ў СССР у кн. рэпартажаў-нарысаў «Погляд на новую зямлю» (1932). У трылогіі «Людзі на раздарожжы» (1937), «Гульня з агнём» (1948), «Жыццё супраць смерці» (1952) адлюстравана жыццё краіны ў 1920—40-я г. Аўтар паэт. зб-каў «Песеннік» (1939), «Мацярынскія вершы» (1940), «Прызнанне ў каханні» (1949), «Мільёны галубак» (1950), аповесцей «Прадчуванне» (1942), «Сястра Алена» (1958), ліра-эпічнай паэмы «Пані Кюры» (1957), апавяданняў, нарысаў, рэпартажаў. Яе творам уласцівы публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм, лірызм, гумар. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі К.Паўтаржыцкі, У.Юрэвіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1937, 1948, 1951, 1953, 1955.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—5. М., 1960—61.
Літ.:
Бернштейн И.А. Творческий путь Марии Пуймановой. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТ (Расціслаў Янавіч) (13.12.1908, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.6.1989),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Вучыўся на драм. курсах пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага. З 1927 акцёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Завадскага, з 1938 — Т-ра імя Ленінскага камсамола, з 1941 — Маскоўскага т-ра драмы, з 1943 — Т-ра імя Массавета. Яго творчасць вылучалася шырокім артыстычным дыяпазонам, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення, інтэлектуальнасцю, іранічнасцю. Сярод роляў: Крогстад («Нора» Г.Ібсена, 1939, 1959), Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, 1941), Нінкавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча, 1946), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці, 1963), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу, 1964), Барлей Купер («Далей — цішыня» В.Дэльмар, 1969), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага, 1980) і інш. З 1938 здымаўся ў кіно: «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Масква—Генуя» (1964), «Іду на навальніцу» (1966), «Пасляслоўе» (1984), у тэлефільмах «Ўся каралеўская раць» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш. Аўтар кн. «Без эпілога» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1982.
Літ.:
Р.Я.Плятт: Воспоминания друзей и коллег. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА (Вера Мікалаеўна) (7.2.1901, Мінск — 15.10.1989),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1953). Прафес. падрыхтоўку атрымала ў Е.А.Міровіча. У 1922—77 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова выступала на эстрадзе як выканаўца бел.нар. песень. Актрыса яркага камед. таленту. Яе мастацтву былі ўласцівы гранічная тыповасць створаных вобразаў, псіхал. дакладнасць, шматграннасць характараў. Найб. значныя ролі: Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Малання («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Кацярына, Ганна Паўлаўна, Насця, Паўліна Бохан («Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Канец дружбы», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; за апошнюю ролю Дзярж. прэмія СССР 1952), Марыля («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Карміцелька («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Дуэння («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Жыўка Попавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча), Прастакова («Недаростак» Дз.Фанвізіна), Лябёдкіна, Манефа, Белацелава, Карміна («Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Жаніцьба Бальзамінава», «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага, апошняя з М.Салаўёвым), графіня Чарская («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава). Знялася ў фільмах «Хвоі гамоняць», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́НА (сцэн.псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар.арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел.тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял.сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел.т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.
Літ.:
Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;
Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Браніслававіч) (8.4.1903, Масква — 21.4.1978),
рэжысёр і педагог. Засл. дз. маст. Удмурціі (1945). Засл. дз. маст. Беларусі (1952). Скончыў Дзярж. эксперыментальныя тэатр. майстэрні ў Маскве (1926, клас А.Таірава). З 1927 працаваў у розных тэатрах. У 1958—70 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. У 1949—58 гал.рэж.Бел.т-ра імя Я.Коласа. Пастаноўкі С. вызначаліся яснасцю рэжысёрскай задумы, дакладным адборам выяўл. сродкаў, глыбокай псіхал. характарыстыкай персанажаў, маштабнасцю сац. абагульненняў. З лепшых спектакляў бел. драматургіі: «Раскіданае гняздо» Я Купалы (1951), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка (1953), «Машэка» В.Вольскага (1954), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Сярод інш. пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1949), «Жывы труп» Л.Талстога, «Тры сястры» А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (усе 1951), «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1952), «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1953), «Ноч памылак» О.Голдсміта (1954), «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (1956), «Чужы цень» (1949) і «Гісторыя аднаго кахання» (1954) К.Сіманава. Аўтар тэатразнаўчых прац.
Тв.:
Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954.
Літ.:
Няфёд У. Аляксандр Скібнеўскі // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сын рэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першы гіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял.гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т. л. «З Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУЭ́ (Clouet),
сям’я французскіх жывапісцаў эпохі Адраджэння.
Найб. вядомыя: Жан К. Малодшы [празваны Жанэ (Janet); каля 1485—90, вобл. Фландрыя — каля 1540—41], партрэтыст. Вучыўся ў свайго бацькі Жана К. Старэйшага. Прыдворны мастак Францыска I (з 1516). У 1521—25 у г. Тур (Францыя), пазней у Парыжы. Творы вызначаюцца мініяцюрнай дакладнасцю выканання, яркімі і чыстымі тонамі, характарнасцю вобразаў з некаторай аднастайнасцю ўрачыста застылых поз. Прыпісваюць аўтарства партрэтаў Людовіка Клеўскага, графа Неверскага, дафіна Францыска (каля 1519), пані Канапель (каля 1523), герцага К. Гіза (каля 1525), Францыска I (каля 1525—30), Луі дэ Клеў (1530), Францыска I на кані (1540) і інш., строгіх паводле графічнай манеры малюнкаў. Франсуа К. (Жанэ; паміж 1505—10, г. Тур, Францыя — 22.9.1572), сын і вучань Жана К. Малодшага. Зазнаў уплывы Г.Гольбейна Малодшага. З 1540 прыдворны мастак Францыска I і яго пераемнікаў. Працаваў у Парыжы. Рабіў пераважна партрэты, таксама жанравыя кампазіцыі. Творам уласцівы насычанасць каларыту, яскравасць характарыстык, якая спалучаецца з рэпрэзентатыўнасцю. Аўтар партрэта аптэкара П.Кюта (1562), карціны «Жанчына купаецца» (каля 1571); яму прыпісваюць партрэты Генрыха II (1559), Карла IX (1561), карціну «Купанне Дыяны» (каля 1550—60) і інш., партрэтныя малюнкі.
Да арт.Клуэ. Ж.Клуэ Малодшы. Партрэт Людовіка Клеўскага, графа Неверскага.Да арт.Клуэ. Ф.Клуэ. Жанчына купаецца. Каля 1571.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),
абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).