помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу ў в. Шумакі Брэсцкага р-на. Пабудавана ў 1609 князямі Шуйскімі. Невялікі 1-нефавы мураваны храм вырашаны ў простых масіўных формах. Да прамавугольнага ў плане асн. нефа прылягаюць бабінец і паўкруглая алтарная апсіда. Неф і апсіда накрыты агульным 2-схільным дахам з галоўкай на 8-гранным барабане ў цэнтры. Над бабінцам была квадратная ў плане вежа з высокім шатровым дахам (не захавалася). Сцены аздоблены шырокімі пілястрамі, завершаны прафіляваным карнізам. Аконныя праёмы са стральчатымі і лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры разныя царскія вароты ў стылі барока, іканастас 18 ст., надмагільная пліта 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл.Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл.Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл.Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКУ́ША,
1) сельскагаспадарчая прылада для веснавой перадпасяўной апрацоўкі зябліва. Бываюць брусковыя, цвіковыя, шлейф-В. Выраўноўваюць паверхню поля і ствараюць слой рыхлай дробнакамякаватай глебы.
2) Прыстасаванне для падбору сена і саломы з валкоў у копы і транспартавання іх да месца сціртавання. Сена з валкоў падбіраюць навяснымі грабельнымі валакушамі, копы сена ці саломы (па 10—15) транспартуюць прычапнымі бязрамнымі або рамачнымі валакушамі.
3) Палазовае прыстасаванне для перавозкі грузаў ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, замацаваныя папярочкамі жэрдкі, адны канцы якіх служылі палазамі, другія аглоблямі. Былі валакушы і без аглобляў, каня ў іх запрагалі з дапамогай пастронкаў і ворчыка. Валакушы перавозілі бярвёны ў лесе, каменне з палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ПЛЯ,
невялікі аб’ём вадкасці, абмежаваны ў стане раўнавагі паверхняй вярчэння. Утвараецца пры павольным выцяканні вадкасці з невял. адтуліны, пры сцяканні яе з краю паверхні, пры распыленні і эмульгаванні вадкасці, а таксама пры кандэнсацыі пары на цвёрдай нязмочвальнай паверхні ці ў газавым асяроддзі на цэнтрах кандэнсацыі.
Форма К. вызначаецца ўздзеяннем паверхневага нацяжэння і знешніх сіл, напр., сілы цяжару; у стане бязважкасці К. мае форму шара. На змочвальнай паверхні К. прымае форму шаравога сегмента з вострым краявым вуглом, на нязмочвальнай — з тупым. Ціск пары каля паверхні К. залежыць ад яе радыуса і вызначаецца Кельвіна ўраўненнем. Гл. таксама Змочванне.
Выцяканне вады з капілярнай трубкі з утварэннем кропель (павялічана ў 3 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКУ́Н, буркун (Melilotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.
Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІ́ЦА,
1) у Рус. дзяржаве 15—17 ст. конны атрад (60—100 чал.), які высылалі на паўд. і паўд.-ўсх. межы краіны для аховы і папярэджання нечаканага нападу праціўніка.
2) Невялікі атрад суправаджэння пасланца казацкага войска для вядзення перагавораў з інш. казацкім войскам або суседняй дзяржавай. Выраз «паслаць грамату са станіцай» азначаў паслаць грамату ў суправаджэнні атрада.
3) Дэлегацыя («пасольства») казацкага войска (16—18 ст.), якая накіроўвалася ў сталіцу Расіі для выказвання гатоўнасці служыць рус. царам, а таксама для сувязі з урадам.
4) У Расіі 17—18 ст. казацкае пасяленне, з 19 ст.адм.-тэр. адзінка і яе цэнтр у казацкіх абл., якая аб’ядноўвала некалькі хутароў і пасёлкаў; афіц. назва буйных сёл на тэр.б. казацкіх войск (у Краснадарскім, Стаўрапольскім краях, Растоўскай вобл. і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРГА́Н, вурган (лац. organum ад грэч. organon прылада, інструмент; магчыма, ад стараслав. варга рот),
старажытны самагучальны язычковы муз. інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі. Бываюць пласціністы варган (у выглядзе пласцінкі з дрэва, косці, бамбуку, трыснягу) і падковападобны металічны; да пласцінкі ці пасярэдзіне падковы прымацаваны язычок з трыснягу або сталі. У час ігры варган заціскаюць зубамі або прыціскаюць да іх, а рот служыць рэзанатарам. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікае бурдон; са зменай артыкуляцыі вуснаў атрымліваюць тоны, неабходныя для выканання мелодыі. Дыяпазон невялікі — кварта або квінта, што абмяжоўвае рэпертуар простымі песеннымі і танц. мелодыямі і найгрышамі. На пач. 19 ст. створаны канцэртны прафес. інструмент з храматычным гукарадам — аўра (некалькі варганаў, замацаваных на метал. дыску). На Беларусі існаваў у 12—19 ст. як сольны і ансамблевы інструмент. У наш час сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),
род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.
Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц АГІ́НСКАГА.
Існаваў у 17 — 1-й пал. 19 ст. ў Віцебску на тэр. Ніжняга замка. Будынак з рысамі готыкі і рэнесансу меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асн. 2-павярховы ў плане аб’ём завяршаўся 2-схільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прымыкала высокая гранёная вежа з купалам, з другога — невялікі аб’ём, аформлены ў 2-м ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбяной балюстрадай. Гал. ўваход быў у выглядзе 8-граннай вежы з шатровым пакрыццём. Палац як сімвал горада адлюстраваны на пач. 18 ст. на «Чарцяжы Заходняй Дзвіны», яго выява змешчана на «Чарцяжы» Віцебска 1664. На пач. 19 ст. ў палацы размяшчалася базыльянская школа.
Літ.:
Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991. С. 69.
А.М.Кулагін.
Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНЫ АРКЕ́СТР,
невялікіаркестр, аснову якога складае струнная група, часам яе дапаўняюць клавесін, духавыя і ўдарныя інструменты. Яго асаблівасці: няўстойлівасць і ненарміраванасць складу, індывідуалізацыя партый (кожная партыя часам выконваецца адным салістам). Вызначэнне «К.а.» ўведзена ў 20 ст. ў сувязі з імкненнем узнавіць арыгінальнае гучанне барочнай і раннекласічнай музыкі і характэрнымі тэндэнцыямі сучаснай кампазітарскай творчасці: павелічэннем ролі поліфаніі, эканоміяй муз. сродкаў, рэакцыяй на «звышаркестр», што склаўся да пач. 20 ст. Для К.а. значны рэпертуар стварылі кампазітары П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч, Я.Раэтс, А.Шнітке, бел. Г.Вагнер, В.Войцік, Я.Глебаў, В.Капыцько, В.Кузняцоў і інш.
Сярод вядомых калектываў: К.а. пад кіраўніцтвам В.Штроса (Германія), «Новыя віртуозы Рыма» (Італія), К.а. лад кіраўніцтвам В.Траццякова, «Віртуозы Масквы», «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам Ю.Башмета (Расія), Літоўскі пад кіраўніцтвам С.Сандэцкіса, К.а. Грузіі пад кіраўніцтвам Л.Ісакадзе, Ерэванскі К.а. і інш., на Беларусі — Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.