ВАРГА́Н, вурган (лац. organum ад грэч. organon прылада, інструмент; магчыма, ад стараслав. варга рот),

старажытны самагучальны язычковы муз. інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі. Бываюць пласціністы варган (у выглядзе пласцінкі з дрэва, косці, бамбуку, трыснягу) і падковападобны металічны; да пласцінкі ці пасярэдзіне падковы прымацаваны язычок з трыснягу або сталі. У час ігры варган заціскаюць зубамі або прыціскаюць да іх, а рот служыць рэзанатарам. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікае бурдон; са зменай артыкуляцыі вуснаў атрымліваюць тоны, неабходныя для выканання мелодыі. Дыяпазон невялікі — кварта або квінта, што абмяжоўвае рэпертуар простымі песеннымі і танц. мелодыямі і найгрышамі. На пач. 19 ст. створаны канцэртны прафес. інструмент з храматычным гукарадам — аўра (некалькі варганаў, замацаваных на метал. дыску). На Беларусі існаваў у 12—19 ст. як сольны і ансамблевы інструмент. У наш час сустракаецца рэдка.

І.​Дз.​Назіна.

Варган.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫЯ АНСА́МБЛІ,

устойлівыя групы народных музыкантаў, аб’яднаных сумесным выкананнем. Вядомы многім народам свету. Нар. вызначэнні на Беларусі — музы́кі, музы́ка, капэла, кампанія, гурт, скамарохі, вясёлыя людзі (вясельныя музыканты). Ансамблевая ігра, якая суправаджала многія каляндарныя і сямейныя абрады, нар. святкаванні (бяседы, вечарынкі), — адна з даўніх форм бел. нар. выканальніцтва. Традыцыйныя ансамблі звычайна невял. складу (2—4 інструменты). Некаторыя з папулярных у мінулым інстр. складаў (дуда і скрыпка, скрыпка і вугольнік, скрыпка і басэтля, 3 скрыпкі і інш.) зніклі. У наш час існуюць ансамблі з інструментаў адной групы (т. зв. «струнная музыка» — 2 скрыпкі, скрыпка і балалайка, скрыпка і цымбалы) і розных (скрыпка і бубен, гармонік і скрыпка, скрыпка і кларнет, гармонік і цымбалы; цымбалы, гармонік, скрыпка і турэцкі барабан і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі пашыраны ансамблі большага складу — «аркестры» (скрыпкі, гармонік, балалайка, кларнет, барабан і бразготка; скрыпкі, цымбалы, баян, кларнет, бубен і інш.). Існуюць нар. духавыя аркестры, якія часцей трапляюцца ў невял. гарадах. пасёлках, вял. вёсках і абслугоўваюць значную тэрыторыю. Іх рэпертуар уключае вясельныя маршы, традыц. і сучасныя танцы і песні. У ансамблі дакладна вызначаны функцыі кожнага выканаўцы: напр., у ансамблі з 2 скрыпак і бубна 1-ы скрыпач «трымае вярхі», другі «туруе» (суправаджае), бубніст «паддае тахціку» (адбівае такт), «выбівае рытм»; у ансамблі са скрыпкі і цымбалаў скрыпач «вядзе матыў», цымбаліст спалучае меладычна-падгалосачную, рытмічную і гарманічную функцыі. У Н.і.а. рэалізуюцца розныя прынцыпы спалучэння ансамблевых галасоў — поліфанічны (падгалосачнага, кантрастнага відаў) і гамафонна-гарманічны з элементамі скрытай поліфаніі, што фарміраваліся ў залежнасці ад мясц. традыцый песенна-хар. шматгалосся, тыпу ансамбля і жанру музыкі. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да значнай рухомасці ансамблевых складаў, абумоўленая знікненнем многіх традыц. інструментаў, актыўным асваеннем нар. музыкантамі новых (баяна, акардэона, саксафона, электрагітары), спалучэннем у адным ансамблі традыц. інструментаў з прафесійнымі (напр., гармонік, труба, бубен), увядзеннем у склад нар. духавога аркестра скрыпкі і гармоніка, пашырэннем мяшаных вак.-інстр. ансамбляў.

Літ.:

Назіна І.​Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),

польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер ​3/4 ці ​3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.​Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес. бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.​Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.​Ельскія, Ф.​Міладоўскі, у 20 ст. А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Э.​Тырманд і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ АКАДЕ́МИЯ»,

штоквартальны музычны навук.-тэарэт. і крытыка-публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1933 у Маскве на рус. мове, да 1992 наз. «Советская музыка». Асвятляе падзеі муз. культуры Расіі і замежных краін. Мае рубрыкі: «Духоўная культура Айчыны», «Спадчына», «Пра музыку, пра сябе», «Па гарадах Расіі», «На скрыжаванні мастацтваў», «Гістарычныя эцюды», «За рубяжом» і інш. Змяшчае праблемныя навук.-тэарэт. матэрыялы, дыскусійныя артыкулы, пераклады, рэдкія і архіўныя дакументы, звесткі пра творчасць кампазітараў, фестывалі, конкурсы, прэм’еры, нотныя і муз.-бібліягр. выданні і інш. У розныя гады ў часопісе друкаваліся бел. кампазітары: Г.​Вагнер, Г.​Гарэлава, У.​Дарохін, С.​Картэс, В.​Кузняцоў, І.​Лучанок, Р.​Пукст, Ю.​Семяняка, Я.​Цікоцкі, Л.​Шлег, М.​Шчаглоў, музыказнаўцы Р.​Аладава, Т.​Дубкова, І.​Зубрыч, А.​Ладыгіна, З.​Мажэйка, Т.​Мдывані, Л.​Мухарынская, І.​Назіна, І.​Нісневіч, А.​Ракава, К.​Сцепанцэвіч, Т.​Шчарбакова, Н.​Юдзеніч і інш.

Т.​А.​Цітова.

т. 11, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ МУЗЫ́ЧНАЯ,

галіна музычна-гістарычнай навукі, якая распрацоўвае праблемы музычнай культуры старажытнага свету на аснове археал. матэрыялаў; частка агульнай археалогіі. Сярод археал. матэрыялаў муз. інструменты (або іх фрагменты) з каменю, косці, гліны, металу, помнікі стараж. выяўл. мастацтва з муз. сюжэтамі (наскальныя малюнкі, фрэскі, каменная і гліняная скульптура). Пачынальнік археалогіі музычнай — ням. музыказнавец і этнограф К.​Закс (1930—40-я г.). Наконт зместу, межаў і магчымасцяў археалогіі музычнай існуюць розныя погляды. Адны даследчыкі (Я.​Браўда, Расія) абмяжоўваюць яе вывучэннем аб’ектаў муз. Матэрыяльнай культуры (муз. інструментаў), іншыя (Закс, рус. музыказнавец М.​Фіндэйзен) пашыраюць яе і на даследаванні рэліктавых узораў нар. музыкі, помнікаў нотнага пісьма стараж. эпох. На Беларусі даследаванні па археалогіі музычнай вядуцца ў межах агульнай археалогіі.

Літ.:

Садоков Р. Археологические источники в изучении музыкальной культуры древнего мира // Народные музыкальные инструменты и инструментальная музыка: Сб. статей и материалов. М., 1987. Ч. 1;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993. С. 93—94, 446.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),

смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a​2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст. італьян. (А. і Н.​Амаці, Дж.​Гварнеры, А.​Страдывары, К.​Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.​Падгорны, Л.​Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.

Літ.:

Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;

Лазько А. Виолончель. М., 1965.

І.​Дз.​Назіна.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),

ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст. найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар. муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).

І.​Дз.​Назіна.

Гармонікі.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),

1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.

Створаны ў сярэдзіне 17 ст. італьян. майстрам М.​Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. У эстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.​Блажэўскі, П.​Станкевіч, Л.​Шышкоўскі, Ф.​Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары А Багатыроў, Л.​Шлег, П.​Падкавыраў, Я.​Дзягцярык і інш. У Бел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.

2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).

Літ.:

Азархин Р.М. Контрабас. М., 1978.

І.​Дз.​Назіна.

Кантрабас.

т. 8, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),

польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер ​2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес. муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.​Шапэн, К.​Шыманоўскі, К.​Пендарэцкі (Польшча), М.​Глінка, Б.​Асаф’еў (Расія), Г.​Вагнер (Беларусь).

Л.​К.​Алексютовіч, І.​Дз.​Назіна.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ТНЯ (польск. lutnia ад араб. дрэва),

струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае выпуклы міндалепадобны корпус з плоскай верхняй дэкай, у якой прарэзана рэзанатарная адтуліна з ажурнай разеткай. Кароткая шырокая шыйка заканчваецца адагнутай назад галоўкай з калкамі для нацягвання струн па баках. Унізе струны замацаваны на падстаўцы, прыклеенай да дэкі. Памеры інструмента і шыйкі, колькасць струн, іх размяшчэнне і настройка гістарычна мяняліся. Гук Л. нагадвае гітарны, здабываецца зашчыпваннем струн пальцамі або плектрам. Л. паходзіць ад уда — найб. стараж. інструмента араба-іранскай культуры. У Еўропе вядома з сярэдніх вякоў. Найб. пашырана ў 15—16 ст. як сольны, акампаніравальны і аркестравы інструмент. Выкарыстоўвалася ў прыдворнай канцэртнай практыцы, выклікала паяўленне шматлікіх віртуозаў-лютністаў і стварэнне багатай муз. л-ры. У 17—18 ст. выцеснена інш. муз. інструментамі. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў прафес. практыцы пры выкананні старадаўняй музыкі. На Беларусі Л. вядома ў 16—18 ст., аб чым сведчаць помнікі л-ры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.

І.​Дз.​Назіна.

т. 9, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)