воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПЫ́ЛЕНАЯ РЫ́ФМА,
рыфма, пры якой заключныя словы аднаго вершаванага радка сугучныя не толькі клаўзуле, але і двум ці больш словам другога радка. Р.р. з’явілася своеасаблівай рэакцыяй на шырокае ўжыванне ў паэзіі недакладных рыфмаў: гукавая беднасць сугуччаў у клаўзулах кампенсавалася багаццем гукавых супадзенняў у пераднаціскной частцы слоў-рыфмаў і нават у цэлых радках. Прыклад Р.р. з кнігі М.Танка «Глыток вады»; збіра́ць сабе кра́скі — рыбакоў нарача́нскіх; Васілікі — чайкі віталі кры́кам; паралелі — прале́глі туне́лі; вамі — вачэй часа́мі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ РАСКО́ПКІ,
даследаванне археалагічных помнікаў пры дапамозе раскопвання культурнага пласта ў адпаведнасці з прынятай методыкай; раздзел палявой археалогіі. Праводзяцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. устаноў спецыялістамі-археолагамі дзеля далейшага даследавання і гіст. вывадаў. Ажыццяўляюцца пасля археалагічнай разведкі. Культурны пласт помнікаў выбіраецца гарыз. пластамі таўшчынёй ад 5 да 20 см і перабіраецца рукамі (або прамываецца вадой), каб выявіць усе, нават дробныя рэчы. Пасля даследаванняў раскоп закопваецца, участак рэкультывуецца, некат. тыпы помнікаў (гарадзішчы, курганы) звычайна ўзнаўляюцца.
Археалагічныя раскопкі Віцебскага Верхняга замка. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,
прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл.Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДДЗЯ́,
старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ, мясцовае забруджванне,
забруджванне прыроднага асяроддзя вакол прамысл. прадпрыемстваў, населеных месцаў, будоўляў, кар’ерных распрацовак і інш. Можа быць хім., фіз., біял., мех. ці комплексным. У розных ступенях адзначаецца ўсюды (у т. л. на Беларусі), асабліва ў месцах канцэнтрацыі буйных прамысл. прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых комплексаў, інтэнсіўнага земляробства, у наваколлі буйных гарадоў і інш. З сукупнасці Л.з. могуць фарміравацца рэгіянальнае забруджванне і наватглабальнае забруджванне. Змяншэнню Л.з. спрыяюць эфектыўныя сістэмы ачысткі сцёкавых вод і прамысл. выкідаў, рацыяналізацыя выкарыстання вытв. сыравіны, укараненне безадходных тэхналогій, арганізац. і тэхн. меры па зніжэнні антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКАНАВА́ННЕ,
рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл.Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць наватрэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭДЫКАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. praedicatio выказванне),
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны выказвання да пазамоўнай рэчаіснасці. Выяўляецца праз інтанацыю паведамлення, катэгорыі асобы, часу і ладу дзеяслова-выказніка. Параўн.: «смех», «дзеці», «смех дзяцей», «смяшлівыя дзеці» і «Дзеці смяюцца»; «снег», «снежыць», «снежны» і «Снег пайшоў», «Снег!». П. надае спалучэнню слоў і нават асобнаму слову значэнне закончанай думкі, сэнс самаст. адзінкі маўленчых зносін, выступае сродкам рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мовы. Належыць да універсалій лінгвістычных.
Літ.:
Виноградов В.В. Некоторые задачи изучения синтаксиса простого предложения // Вопр. языкознания. 1954. № 1;
Общее языкознание: Внутренняя структура языка. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫГАРЫ́ЗМ (франц. rigorisme ад лац. rigor суровасць, строгасць),
няўхільнае прытрымліванне пэўнага прынцыпу ў дзеяннях, паводзінах і думках. Выключае кампрамісы, улік інш. прынцыпаў, прыстасаванне да канкрэтных абставін, часта звязаны з аскетызмам, фанатызмам. Як этычны прынцып сфармуляваны І.Кантам у яго вучэнні пра абавязак, паводле якога маральнымі ўчынкамі прызнаюцца толькі здзейсненыя паводле матываў абавязку; учынкі, здзейсненыя паводле інш. матываў (напр., схільнасцей), не прызнаюцца маральнымі, нават калі не супярэчаць абавязку. Супраць кантаўскага Р. выступаў Ф.Шылер, які лічыў, што гэты прынцып накіраваны на заглушэнне асабістых схільнасцей і пажаданняў і прыводзіць да абмежаванасці чалавека.