КО́СМАН (Kosman) Марцэлі (н. 8.5.1940, г. Ізбіца-Куяўска Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча),

польскі гісторык. Д-р габілітаваны (1971), праф. звычайны (1988). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1967 у Ін-це гісторыі Польск. АН у Познані, з 1976 дырэктар Курніцкай б-кі Польскай АН, у 1983—93 заг. кафедры гісторыі Усх. Еўропы Вышэйшай пед. школы ў г. Аполе (цяпер Апольскі ун-т), з 1987 заг. аддзела журналістыкі Ін-та паліталогіі і журналістыкі Пазнанскага ун-та. Аўтар прац па гісторыі культуры новага часу, царквы ў ВКЛ, дыпламатыі, гісторыі Беларусі і Літвы, у т. л.: «Рэфармацыя і контррэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у святле канфесійнай прапаганды» (1973), «Гісторыя Беларусі» (1979), «Арол і Пагоня» (1992), «Могілкі даўняй Вільні» (1994).

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫБУ́ЛЬСКІ Міхаіл Леанідавіч (н. 10.7.1961, г. Віцебск),

бел. мастацтвазнавец, жывапісец. Канд. мастацтвазнаўства (1989). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1983). З 1988 выкладае ў Віцебскім ун-це. Даследуе праблемы тэорыі і гісторыі мастацтва, паэтыку і стылістыку бел. жывапісу 20 ст. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5—6, 1992—94); уступных артыкулаў да каталогаў, альбомаў, буклетаў віцебскіх мастакоў і інш. Яго жывапісным кампазіцыям уласцівы эмацыянальная выразнасць, рэаліст. трактоўка вобразаў, насычаны каларыт: «Сафія Полацкая» (1985), «Сцяжынкамі Драздовіча», «Абарыген беларускай вёскі» (абедзве 2000), «Могілкі ля храма» (2001), «Двое ў начы» (2002).

Тв.:

Искусство Древней Руси. Витебск, 1991;

Беларускія абразы. Віцебск, 1993;

Віцебская акварэль: Анталогія. Віцебск, 1995.

т. 17, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙСЕНГО́Ф Генрых Уладзіслававіч (7.8.1859, б. маёнтак Пакрэўна, Рокішкскі р-н, Літва — 1922),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Рысавальнай школе В.​Герсана ў Варшаве (1874—78), Пецярбургскай АМ (1878—82), у Мюнхене (1889), Парыжы (1900). Амаль увесь час жыў у в. Русаковічы (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Пісаў пераважна пейзажы. У маст. выстаўках удзельнічаў з 1889. Сярод твораў: «Транспарт палонных» (1886), «Перавозка параненых» і «Беларускія могілкі. Русаковічы» (1889), «Куток у Польным» (1891), «Беларускія паляўнічыя» і «Снег» (1894), «Світанак на возеры», «Паляўнічы з сабакам» (Нац. маст. музей Беларусі), «Прадчуванне», «Надвячорак», «Хмара», «Цішыня» (усе 1910-я г.), пейзажы Літвы. Стварыў эскізы дыплома с.-г. і прамысл. выстаўкі ў Мінску (1901).

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971. С. 82—89.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНСКІ́ МАНАСТЫ́Р,

мужчынскі манастыр у Маскве. Засн. ў 1591. На яго тэрыторыі: 1-купальны Малы сабор (1591—93) з трапезнай (1678) і шатровай званіцай (1679); 5-купальны Вялікі сабор з галерэяй (1684—93; іканастас 1693—99, размалёўкі 1792 па эскізах В.​Бажэнава); Ціхвінская надбрамная царква (1713—14, прыпісваецца арх. І.​Заруднаму); званіца на зах. браме (1753, арх. А.​Еўлашаў); царква Архангела Міхаіла ў стылі класіцызму (капліца кн. Галіцыных, 1805, арх. І.​Еготаў; у ёй збор надмагілляў работы І.​Мартаса і інш.); некропаль дзеячаў гісторыі і культуры. У паўд.-ўсх. частцы манастыра могілкі (з канца 17 ст.), дзе пахаваны ўдзельнікі вайны 1812, дзекабрысты і інш.

Літ.:

Аренкова Ю.И., Мехова Г.И. Донской монастырь. М., 1970.

Да арт. Данскі манастыр. Надбрамная царква Ціхвінскай Багародзіцы. 1713—14.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ШАДКІ,

вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.

Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв. ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ (Lee) Роберт Эдуард (19 1.1807, Стратфард, штат Віргінія, ЗША — 12.10.1870),

ваенны дзеяч ЗША. Генерал-маёр (1861). Скончыў ваен. акадэмію ва Уэст-Пойнце (1829), у 1852—55 узначальваў яе. Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1855 камандзір коннага палка ў штаце Тэхас. У 1859 кіраваў задушэннем паўстання Дж.Браўна У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 камандаваў узбр. сіламі штата Віргінія, потым галоўнакамандуючы арміяй паўд. (канфедэратыўных) штатаў. Атрымаў шэраг перамог, паказаў сябе таленавітым арганізатарам і палкаводцам, але ў 1863 страціў ваен. ініцыятыву, капітуляваў у 1865. З кастр. 1865 прэзідэнт каледжа імя Дж.​Вашынгтона ў г. Лексінгтан. Маёнтак Л. ў Арлінгтане (каля г. Вашынгтон) ператвораны ў нац. брацкія могілкі.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,

гарадзішчы жал. веку і ранняга сярэдневякоўя каля в. Новы Болецк Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча-1 (8 ст. да н.э. —5 ст. н.э.) днепра-дзвінскай культуры, памерам 45 × 30 м, з паўн. боку ўмацавана валам і равамі. Выяўлены рэшткі жылых пабудоў, жалезаапрацоўчай майстэрні, жал. прылады працы і зброя, гліняныя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты ляпнога посуду і інш. Гарадзішча-2 у жал. веку было сховішчам, у 10—12 ст. функцыянавала як паселішча, у 14—15 тут былі могілкі. Складаецца з 2 пляцовак (45 × 30 і 36 × 25 м). Знойдзены нажы, прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя ўпрыгожанні, каменны крыж, фрагменты ганчарнага посуду 10—15 ст. і інш. Выяўлены магільныя агароджы з вял. камянёў, камень з антрапаморфнай выявай.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,

месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл. Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПдЗ ад Лёзна, 52 км ад Віцебска. 754 ж., 317 двароў (1995).

Заснавана не пазней як у 16 ст. У канцы 16—17 ст. мястэчка, дзярж. маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяв. У 1777—96 і 1802—40 цэнтр Бабінавіцкага павета, Бабінавічы мелі статус павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб. У 1897 у Бабінавічах 1157 ж., царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква, касцёл св. Тройцы. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 страцілі статус горада і сталі вёскай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Высачанскім, з 1931 — у Лёзненскім р-нах.

Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі археал. помнік Бабінавічы.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)