МЕНГС ((Mengs) Антон Рафаэль) (22.3.1728, г. Усці на Лабе, Чэхія — 29.6.1779),
нямецкі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Дырэктар акадэміі св.Лукі ў Рыме (з 1770). Працаваў у Дрэздэне, Рыме, Мадрыдзе. Раннія творы ствараў у традыцыях барока, пазней пад уплывам І.І.Вінкельмана ў жывапісных і тэарэт. працах сцвярджаў прынцыпы класіцызму. Яго манум. размалёўкам уласцівы рэмінісцэнцыі ант. мастацтва, ідэалізаванасць кампазіцыі і формы, умоўнасць вобразаў: фрэскі «Парнас» на віле кардынала Альбані ў Рыме (1761), у палацы ў Аранхуэсе (пасля 1762), Ватыканскай б-цы (1770—73), «Апафеоз Траяна» ў Каралеўскім палацы ў Мадрыдзе (1774). Жыццёвасцю трактоўкі вобраза, дакладнасцю малюнка, каларыстычнай гармоніяй вызначаюцца партрэты караля Аўгуста III (1745), папы Клімента XIII (1758), Вінкельмана (паміж 1758—62), Карла III Іспанскага (1761), аўтапартрэт (1755) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.
Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЕЎ (Усевалад Васілевіч) (25.2.1912, г. Тула, Расія — 26.1 1996),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1937). З 1937 акцёр Маскоўскага маст.акад.т-ра, з 1943 Т-ра імя Массавета, з 1946 — Т-ра-студыі кінаакцёра. У 1949—50 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. З 1938 здымаўся ў кіно. Увасобіў на экране галерэю рознахарактарных персанажаў. Мастацтву акцёра ўласцівы вял. жыццёвая верагоднасць, прастата, звычайнасць. Лепшыя ролі ў фільмах: «Любімая дзяўчына» (1940), «У іх ёсць Радзіма» (1949), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1952), «Розныя лёсы» (1956), «У стэпавай цішыні» (1959), «Аптымістычная трагедыя» (1963), «Ваш сын і брат» (1966), «За намі Масква» (1967), «Вяртанне «Святога Лукі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Версія палкоўніка Зорына» (1978), «Тэгеран-43» (1980), «Белыя росы», «Тайна «Чорных драздоў» (абодва 1983), «Забытая мелодыя для флейты» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́-РАЙКАВЕ́ЦКАЯ, культура тыпу Лукі-Райкавецкай,
археалагічная культура плямён, якія ў 8—10 ст. жылі на тэр. Украіны, Малдовы, Пд Беларусі, у Балгарыі, Румыніі. Назва ад селішча ва ўрочышчы Лука каля в. Райкі Бярдзічаўскага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна). Насельніцтва жыло на селішчах і гарадзішчах па берагах рэк. Пахавальны абрад — трупаспаленне на грунтавых і курганных могільніках. Кераміка ляпная (таўстасценныя пасудзіны з адагнутымі венчыкамі, аздобленыя па ўсёй паверхні кругавым хвалістым арнаментам) і ганчарная (таўстасценныя гаршкі з адагнутымі венчыкамі, з кругавым хвалістым і лінейным арнаментам па ўсёй паверхні). Культура тыпу Л.-Р. складалася на аснове пражскай культуры, яе пакінулі ўсх. славяне на этапе фарміравання дзяржаўнасці ў раннім сярэдневякоўі. У Беларусі да гэтай культуры належаць гарадзішчы і селішчы Хатомель і Струга Столінскага, Гарадзішча Пінскага, Дружба Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл., курганны могільнік Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),
царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.Палестрына, А.Ласа, К.Мантэвердзі, І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівальдзі, Дж.Б.Пергалезі, В.А.Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.Мендэльсон, К.Пендарэцкі, Р.Воан-Уільямс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАВА,
гарадскі пасёлак у Брэсцкім р-не. За 52 км ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Дамачава. 1,2 тыс.ж. (1997).
У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Брэсцкага пав. У 1897 — 1163 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Дамачаўскага раёна. З 22.6.1941 да 23.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Д. і раёне каля 20 тыс.чал. У канцы 1941 фашысты стварылі ў Д. гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. 23.9.1943 гітлераўцы расстралялі каля в. Ляплёўка 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай. У ходзе Дамачаўскіх баёў 1943 партызаны разграмілі ў Д. варожы гарнізон. У 1956 Д. ў Брэсцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Святога Лукі (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЕ́БЫ,
аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.В.Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.І.Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).
Літ.:
Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),
італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св.Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.П.Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в.Вял.Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),
бел.паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл.Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел.перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЛЬСКІ МАНАСТЫ́Р,
гісторыка-архітэктурны комплекс у Балгарыі, у гарах Рыла. Засн. ў 927—941 манахам-пустэльнікам Іванам Рыльскім. У 14 ст. ў перыяд росквіту манастыра ўзведзены арх. комплекс (пл. 8,8 тыс.м²), які стаў вял. дасягненнем манум. архітэктуры эпохі т.зв. балг. Адраджэння. У сярэднія вякі манастыр — цэнтр балг. адукацыі і культуры. У часы тур. нашэсця неаднаразова гарэў і рабаваўся. Моцна пацярпеў ад пажару 1833, адноўлены ў 1934—60. Звонку мае строгі крапасны характар. Жылыя карпусы ўтвараюць замкнёны 5-вугольны ў плане маляўнічы унутр. двор з ажурнымі аркадамі, каланадамі, адкрытымі галерэямі. Сярод арх. помнікаў: каменная вежа Хрэля (1335, рэшткі стараж. размалёвак), царква св.Лукі (1799), саборны 5-купальны храм Раства Маці Божай (1834—60, майстар Павел) з 2-колернай муроўкай, лёгкай адкрытай зах. галерэяй, хвалістымі абрысамі карнізаў (у інтэр’еры захаваліся размалёўкі, разны дэкор; іканастас, 1839—44). У музеі манастыра — багаты збор сярэдневяковага дэкар.-прыкладнога мастацтва. Р.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Рыльскі манастыр. Саборны храм Раства Маці Божай. 1834—60.Рыльскі манастыр.