КРАЙСК,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Даўгінава—Мал. Нястанавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Вілейка. 412 ж., 132 двары (1998).

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1523, уласнасць дзяцей Ю.​Зяновіча, з 1590 — Я.​Насілоўскай, Я.​Осціка, пазней Пташынскіх, Каменскіх, Тышкевічаў. У 1593 у К. 1 вуліца, сядзіба, млын, царква. З 27.9.1630 мястэчка. З пач. 18 ст. тут існаваў манастыр. Да 1793 К. у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1866 цэнтр воласці, 180 ж., 33 двары, мураваная царква, сінагога, вадзяны млын. Да 1921 у складзе Вілейскага пав., потым вёска ў Барысаўскім пав., з 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага, з 1962 — Лагойскага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў 1944 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску, загубілі 112 ж. У 1972—250 ж., 83 двары.

Лясніцтва, смаляны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Царква.

Ю.​М.​Бохан.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАРА́ДАВІЧ (Міхаіл Андрэевіч) (12.10.1771, Пецярбург — 27.12.1825),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1809), граф (1813). Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Гётынгена, Страсбурга. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Італьянскага і Швейцарскага паходаў 1799 А.​В.​Суворава, кампаній супраць Францыі 1805—07, рус.-тур. вайны 1805—12, замежных паходаў рас. арміі 1813—14. Найб. вызначыўся ў вайну 1812 у Барадзінскай бітве (камандаваў правым крылом 1-й рас. арміі, на чале ар’ергарда прыкрываў яе адыход ад Масквы і забяспечваў яе флангавы марш на Старую Калужскую дарогу). У час праследавання французаў па Старой Смаленскай дарозе (камандаваў авангардам у складзе 2-га і 7-га пяхотных, 2-га кав. карпусоў і 4 казацкіх палкоў) вызначыўся ў баях пад Вязьмай, Дарагабужам і інш.; на тэр. Беларусі заняў мяст. Гараны, пасля пераправы цераз Дняпро ішоў з войскам праз населеныя пункты Стараселле, Маляўку, Талачын, Крупкі, Барысаў, Лагойск, Ракаў, Радашковічы, Гальшаны і інш. У час замежных паходаў удзельнічаў ва ўсіх гал. бітвах, у т. л. ў Лейпцыгскай бітве 1813. З 1818 ваен. губернатар Пецярбурга. Смяротна паранены на Сенацкай плошчы П.Р.Кахоўскім у час паўстання дзекабрыстаў.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.

Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл. Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.​Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.​Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял. Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.

А.​М.​Кулагін.

Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫГАВІЧЫ́,

адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл. Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.

Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МАСТА́ЦКІЯ.

Збіраюць, зберагаюць, вывучаюць, папулярызуюць і экспануюць зборы твораў мастацтва. Як комплексы спецыяльна прыстасаваных памяшканняў уключаюць экспазіцыйныя залы, запаснікі, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навук. б-кі, фотатэкі і інш. Экспазіцыя звычайна будуецца па храналогіі і нац. школах мастацтва, мае комплексны характар (у залах разам экспануюцца творы жывапісу, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва). Часам экспазіцыя будуецца часткова або цалкам па асобных калекцыях, якія паступілі ад уладальнікаў у дар ці на захоўванне. Некат. зборы твораў прадстаўляюць толькі адзін від мастацтва, найчасцей жывапісу (гл. Карцінная галерэя). Разнавіднасць М.м. — музеі архітэктурныя.

Стварэнне М.м. звязана з развіццём калекцыяніравання. Першыя буйныя зборы твораў мастацтва вядомы з часоў антычнасці. У эпоху сярэднявечча калекцыі твораў мастацтва зберагаліся ў палацавых галерэях, цэрквах, манастырах і інш. У 16 ст. на аснове прыватных калекцый створаны першыя ў Еўропе музеі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Луўр у Парыжы, Прада ў Мадрыдзе, Уфіцы ў Фларэнцыі і інш Фарміраванне асн. еўрап. музеяў завяршылася ў 19 ст., калі яны сталі даступныя для шырокай публікі і склалася тыпалогія спец. музейнага будынка. Сярод найб М.м. свету таксама Баварскія дзяржаўныя зборы карцін у Мюнхене, Брытанскі музей у Лондане. Ватыканскія мастацкія музеі, комплекс Дзярж музеяў у Берліне (у т. л. Пергамон-музей), Метраполітэн-музей у Нью-Йорку, Рускі музей і Эрмітаж у С.-Пецярбургу, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна і Траццякоўская галерэя ў Маскве і інш.

На Беларусі першы прыватны М.м. вядомы з 16 ст. (музей-«кабінет» Радзівілаў у Нясвіжы). У 17—1-й пал. 19 ст. багатыя зборы твораў жывапісу, скульптуры, габеленаў, фарфору, манет, зброі і інш. былі ў шэрагу сядзіб і замкаў магнатаў: Агінскіх (маёнтак Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл), Зорычаў (г. Шклоў Магілёўскай вобл.), Паскевічаў (Гомель), Сапегаў (в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., г.п Ружаны Брэсцкай вобл.), А.​Тызенгаўза (Гродна, Паставы), Тышкевічаў (г. Лагойск Мінскай вобл.) і інш. У 1787—1820 пры Полацкім калегіуме езуітаў існаваў музей, які змяшчаў карцінную галерэю. У 1855 на аснове калекцыі Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у 1921 — Беларускі музей у Вільні. У 1939 створана Дзярж. карцінная галерэя Беларусі (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), у 1970 — Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Калекцыі твораў бел. стараж., сучаснага нар., самадзейнага мастацтва зберагаюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Веткаўскім музеі народнай творчасці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гурынскай карціннай галерэі, Дзіўнаўскім музеі мастацтва і этнаграфіі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Магілёўскім мастацкім музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Сучаснай беларускай скульптуры музеі імя А.​А.​Бембеля ў Мінску, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Полацкай карціннай галерэі і інш.

Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі рускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі грэчаскага і рымскага мастацтва Метраполітэн-музея ў Нью-Йорку.
Да арт. Музеі мастацкія. Зала Пергамон-музея. Берлін.
Да арт. Музеі мастацкія. Эрмітаж. Белая зала.

т. 11, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,

адно з самых старажытных дзярж. утварэнняў усх. славян з цэнтрам у г. Полацк. Размяшчалася ў бас. Зах. Дзвіны, Бярэзіны, часткова Нёмана (тэр. сучаснай Віцебскай, паўн. часткі Мінскай і Магілёўскай абл.). Найб. стараж. гарады — Мінск (Менск), Віцебск, Друцк, Усвяты, Лукомль, Лагойск (Лагожск), Заслаўе (Ізяслаўль). Ядром П.к. было племянное княжанне крывічоў (палачан). У летапісах княства называлася таксама воласцю (862), вобласцю, Полацкай зямлёй. У апавяданні пра паход кн. Алега на Канстанцінопаль у 907 летапісец залічыў Полацк да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще». У выніку перамогі Полацк атрымліваў даніну ад грэкаў. Каля 980 у Полацку сядзеў кн. Рагвалод. Прадстаўнікамі полацкага княжацкага ролу былі Рагнеда Рагвалодаўна, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяславіч, які ў 1021 пасля паходу на Ноўгарад атрымаў г. Усвяты і Віцебск. Пры яго сыне Усяславе Брачыславічу [1044—1101] П.к. дасягнула найб. росквіту. У Полацкай зямлі, магчыма, яшчэ пры жыцці Усяслава ўтварылася Мінскае княства, а пасля яго смерці — іншыя ўдзелы (Ізяслаўскае княства, Віцебскае княства, Лагожскае княства, Друцкае княства). У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вял. паход у П.к., у 1129 захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і саслаў у Візантыю. Каля 1139 яны вярнуліся і занялі свае ўдзелы. З канца 1120-х г. у Полацку пабольшала роля веча. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы 12 ст. полацкімі князямі становяцца віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі П.к. адышлі да Смаленска (Копысь, Орша). У 12 ст. ў нізоўях Зах. Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пач. 13 ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены ням. рыцарамі. У канцы 1250 — пач. 1260-х г. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вял. князя ВКЛ Міндоўга. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства. У 1307 палачане з дапамогай літ. князя Віценя прагналі чужынцаў. З таго часу П.к. ўвайшло ў склад ВКЛ, верагодна, на аснове пагаднення (рады) літ. князёў і полацкага баярства. П.к. карысталася аўтаноміяй паводле асобнага прывілея (гл. Полацкія прывілеі). Полацкімі князямі звычайна былі родзічы вял. князя ВКЛ. У 1370—80-я г. (з перапынкамі) полацкім князем быў Андрэй Альгердавіч, які пасля прыняцця вял. князем ВКЛ Ягайлам польскай кароны і каталіцтва прыняў тытул вял. князя полацкага, што падкрэслівала незалежнасць ад ВКЛ. У Грунвальдскай бітве 1410 прынялі ўдзел харугвы з Полацкай зямлі. У час феад. вайны 1432—36 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымалі мясц. баяры і гараджане. Адбыўся раскол дзяржавы на 2 дзярж. ўтварэнні — ВКЛ са сталіцай у Вільні і Вял. княства Рускае са сталіцай у Полацку, якое праіснавала 4 гады. Адасобленасць П.к. ў складзе ВКЛ неаднаразова пацвярджалася прывілеямі. На тэр. П к. дзейнічала полацкае права, пры якім найб. важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. З сярэдзіны 15 ст. ў Полацк прызначаліся намеснікі вял. князя ВКЛ, а ў 1504 створана Полацкае ваяводства.

Літ.:

Гл. пры арт. Полацк.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз. танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз. танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.

У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв. гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп.Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз. танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз. танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз. танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.​Волкаў. 1946—55.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЛІТАРАТУ́РНЫЯ Збіраюць, зберагаюць, экспануюць і прапагандуюць матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў або гістарычна-літ. працэс у краіне ўвогуле. На Беларусі ў 16—18 ст. паводле ініцыятывы мецэнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Храптовічаў, Стравінскіх створаны першыя музейныя і архіўныя калекцыі Акрамя твораў мастацтва ў іх знаходзіліся помнікі стараж. пісьменнасці, старадрукі. Друкаваныя і рукапісныя помнікі л-ры зберагаліся ў музеі старажытнасцей К. і Я.​Тышкевічаў у Лагойску, у музеі А.​Ельскага ў в. Замосце (Пухавіцкі р-н), у Віленскім музеі старажытнасцей, Магілёўскім музеі, Беларускім музеі ў Вільні і інш. Паводле зместу і характару дзейнасці М.л. падзяляюцца на літ.-мемар. і гісторыка-літаратурныя. Літаратурна-мемарыяльныя музеі ствараюцца ў памяць аб пісьменніках і складаюцца з мемар. комплексаў (пабудовы, сядзібы, кватэры, абсталяванне, асабістыя рэчы пісьменнікаў) і літ. экспазіцыі. У экспазіцыю ўваходзяць дакументы-арыгіналы (аўтографы ці іх копіі, рукапісы твораў, кнігі, прадметы творчай працы, побыту, творы мастацтва, ілюстрацыі і г.д.). У гісторыка-літаратурных музеях збіраюць матэрыялы пра асн. перыяды развіцця л-ры. На Беларусі большасць М.л. уваходзіць у Аб’яднанне дзярж. літ. музеяў (засн. ў 1986). Галаўны музей — Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Яго філіялы: музей М.​Агінскага (в. Залессе Смаргонскага р-на), Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба ў Кушлянах (Смаргонскі р-н), літ. музей І.​Буйніцкага (в. Празарокі Глыбоцкага р-на), мемар. сядзіба-музей М.​Гарэцкага (в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р-на), музей С.​Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на), сядзіба-музей сям’і Міцкевічаў (в. Завоссе Баранавіцкага р-на), літ.-гіст. музей у в. Гарадок, літ.-гіст. музей у в. Плябань (абодва Маладзечанскі р-н), літ. музей К.​Чорнага (в. Цімкавічы Капыльскага р-на). У аб’яднанне ўваходзяць: Багдановіча М. літаратурны музей у Мінску з філіяламі «Беларуская хатка» (Мінск), «Фальварак Ракуцёўшчына» (Маладзечанскі р-н), Броўкі Петруся літаратурны музей у Мінску з філіялам сядзіба-музей П.​Броўкі (в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на), Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі ў Мінску з філіялам «Гасцёўня У.​Галубка» (Мінск). Да М.л. адносяцца: Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску, Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка» (Маладзечанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі» (Аршанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына» (Маладзечанскі р-н), Міцкевіча Адама дом-музей у Навагрудку, музеі Багдановіча ў Гродне, У.​Караткевіча ў Оршы. Пры некат. гіст.-краязнаўчых музеях працуюць філіялы, аддзелы або экспазіцыі, прысвечаныя пісьменнікам-землякам: літ. музей А.​Куляшова ў Новых Саматэвічах (Касцюковіцкі р-н), мемар. музей П.​М.​Лепяшынскага (в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на), зала Ф.​Багушэвіча ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Багушэвіча і інш. Ёсць комплексныя музеі (напр., Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). На грамадскіх пачатках створаны літ. музей Багушэвіча (в. Жупраны Ашмянскага р-на), музей А.​Блока (в. Лапаціна Пінскага р-на), Германавіцкі літ.-краязнаўчы музей (Шаркаўшчынскі р-н), Дастоеўскі літ.-краязнаўчы музей (в. Дастоева Іванаўскага р-на), Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей (в. Лаша Гродзенскага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Люсіна Ганцавіцкага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Пінкавічы Пінскага р-на), мемар. музей М.​Лынькова (в. Крынкі Лёзненскага р-на), А.​Макаёнка (в. Журавічы Рагачоўскага р-на), літ. музей І.​Мележа (в. Глінішча Хойніцкага р-на), музей «Літаратурная Лагойшчына» (СШ № 1, Лагойск). Памяці пісьменнікаў прысвечаны пакоі, куткі ў мясцінах, звязаных з іх жыццём і творчасцю: П.​Багрыма (в. Крошын Баранавіцкага р-на), П.​Глебкі (в. Вял. Уса Уздзенскага р-на), М.​Клімковіча (в. Сялітранка Барысаўскага р-на), Я.​Коласа (в. Верхмень Смалявіцкага р-на), Я.​Купалы (в. Бяларучы Лагойскага р-на), Я.​Маўра (в. Бытча Барысаўскага р-на), В.​Таўлая (г. Слонім), П.​Труса (в. Нізок Уздзенскага р-на), Цёткі (г.п. Астрына Шчучынскага р-на), Л.​Якубовіча (в. Чапялі Салігорскага р-на), паэтаў-франтавікоў (СШ № 150, г. Мінск) і інш. М.л. вядуць н.-д. работу, арганізоўваюць экскурсіі, лекцыі, канферэнцыі, выстаўкі, юбілейныя вечары, сустрэчы з дзеячамі л-ры і мастацтва. Вынікі сваёй работы публікуюць у зборніках, даведніках, каталогах, буклетах, рэкламных лістах, апісаннях рукапісаў і асабістых бібліятэк пісьменнікаў. Шматлікія музейныя калекцыі даследуюць вучоныя і літаратары.

Літ.:

Современные литературные музеи: некоторые вопр. теории и практики. М., 1982.

Г.​А.​Каханоўскі, Т.​П.​Аніскавец, Н.​У.​Гарэлік.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і папулярызуюць прадметы нар. культуры і побыту, вытв. дзейнасці, твораў мастацтва, дакумент. крыніц і інш. розных народаў. М.э. — неад’емная частка гісторыка-культ. спадчыны, крыніца па вывучэнні этналогіі народа і яго традыцый. Большасць М.э. комплексныя: спалучаюць 2 і больш блізкія тэматычныя кірункі — гісторыю, археалогію, мастацтва, дойлідства (гл. Скансэн), краязнаўства, рэлігіязнаўства і інш.

Прататыпам стараж. М.з. былі спец. ўладкаваныя святыя месцы з культавым інвентаром і сакральнымі рэліквіямі. Вял. геагр. адкрыцці садзейнічалі пашырэнню этнагр. ведаў, збору і калекцыяніраванню экзатычных рэчаў з жыцця і побыту розных народаў. Пазней узніклі спец. ўстановы, якія сталі цэнтрамі па ахове, сістэматызацыі і экспанаванні этнагр. помнікаў. У 19 ст. значныя этнагр. калекцыі мелі Брытанскі музей у Лондане, музей Ашмола ў г. Оксфард (Вялікабрытанія), Лейдэнскі музей (Нідэрланды), музеі натуральнай гісторыі ў Нью-Йорку і Чыкага (ЗША). Спецыялізаваныя М.э. або этнагр. аддзелы ёсць амаль ва ўсіх краінах свету. Сярод буйнейшых М.э. — Берлінскі, Лейпцыгскі, Дрэздэнскі, Гамбургскі (Германія), Стакгольмскі, Варшаўскі, Кракаўскі (Польшча), Музей нар. мастацтва і этнаграфіі ў Будапешце. Нац. музей нар. мастацтва і звычаяў у Парыжы, краязнаўча-этнагр. музеі ў Ротэрдаме (Нідэрланды) і Антверпене (Бельгія), Нац. этнагр. музеі ў Мюнхене (Германія), Вене, Сафіі, г. Марцін (Славакія), нац. музеі ў Празе, музеі пры Кембрыджскім (Вялікабрытанія) і Гарвардскім (ЗША) ун-тах. Сярод буйных комплексных музеяў, што спалучаюць этнаграфію, антрапалогію і археалогію, — Музей чалавека ў Парыжы і Нац. музей у Атаве (Канада). Старэйшы М.э. ў Расіі — Кунсткамера, засн. Пятром I у С.-Пецярбургу ў 1719, з 1879 Музей антрапалогіі і этнаграфіі пры Рас. АН. У 1895 адкрыты Рус. музей у Пецярбургу з раздзелам этнаграфіі Расіі і сумежных краін, у 1934 на яго базе створаны Дзярж. музей этнаграфіі народаў СССР, з 1991 Расійскі этнаграфічны музей. У 1885 адкрыты Гандл.-прамысл. музей саматужных вырабаў (з 1947 Музей народнага мастацтва ў Маскве).

На Беларусі першыя этнагр. калекцыі вядомы з Радзівілаўскіх і Сапегаўскіх збораў 16—17 ст. У 2-й пал. 18 ст. ў маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне Г.​Сапегай-Ябланоўскай засн. Кабінет натуральнай гісторыі, дзе былі шырока прадстаўлены этнагр экспанаты: прадметы агр. дзейнасці, прылады працы, інструменты, посуд, вырабы з кары і дрэва. У 1787—1820 Кабінет натуральнай гісторыі існаваў пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Помнікі этнаграфіі былі шырока прадстаўлены ў «Кабінеце» М.​Гаўсмана ў Мінску (вядомы з 1870-х г.), краязн. музеі А.​Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага р-на, музеях Э.​Чапскага ў в. Станькава Дзяржынскага р-на, К. і Я.​Тышкевічаў у г. Лагойск Мінскай вобл., З.​Глогера ў маёнтку Яжэва каля Беластока (Польшча), В.​Федаровіча ў Віцебску (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). На базе збораў братоў Тышкевічаў адкрыты Віленскі музей старажытнасцей (1856), які меў асобны аддзел этнаграфіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічалі царк.-археал. музеі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, фонды якіх складаліся і з этнагр. экспанатаў. Каштоўныя этнагр. экспанаты захоўваліся таксама ў Віцебскім і Полацкім «музеумах разных прадметаў лясной гаспадаркі» (засн. ў сярэдзіне 19 ст.), Магілёўскім музеі пры губ. стат. к-це (існаваў з 1867), музеі пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це Магілёўскай вобл. і інш. На аснове збораў І.​Луцкевіча ў 1921—45 дзейнічаў Беларускі музей у Вільні, дзе шырока былі прадстаўлены вырабы нар. майстроў. У пач. 20 ст. ў Магілёве арганізаваны гіст.-этнагр. музей пры Т-ве вывучэння бел. краю (з 1913 Т-ва вывучэння Магілёўскай губ.). Найбольшыя этнагр. калекцыі ў даваенны перыяд зберагаліся ў Бел. дзярж. музеі ў Мінску, Гродзенскім гіст.-археал. музеі, Пінскім музеі і інш. Збіральніцтва этнагр. матэрыялаў у пасляваенны перыяд звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развіваліся этнагр. экспазіцыі. Найб. багата яны прадстаўлены ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, філіялах Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. У 1970—80-я г. створаны дзярж. і грамадскія музеі этнагр профілю. Найб. значныя з іх Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскай вобл., Клецкі гісторыка-этнагр. музей, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў, Мотальскі музей народнай творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Музей этнаграфіі ў Магілёве, Нараўлянскі этнагр. музей і інш.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАД,

буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна ў прам-сці, гандлі, сферах абслугоўвання, навуцы, культуры, кіраванні і інш., а сам ён з’яўляецца гасп., культ., у большасці выпадкаў і адм. цэнтрам. Для горада характэрны канцэнтрацыя вытв-сці, павышаная шчыльнасць засялення і кампактнасць забудовы. Для аднясення населенага пункта да катэгорыі горада заканад. органы розных краін выкарыстоўваюць розныя крытэрыі і паказчыкі: колькасць насельніцтва (люднасць), адм. і нар.-гасп. функцыі, гар. прыкметы (узровень добраўпарадкавання) і інш. Крытэрый колькасці насельніцтва горада вагаецца ад 250 чал. у Даніі да 30 тыс. чал. у Японіі. Сучасныя гарады звычайна падзяляюцца на малыя (да 50 тыс.), сярэднія (50—100 тыс.), вялікія (100—250 тыс.), буйныя (250—500 тыс.), найбуйнейшыя (500 тыс. — 1 млн.) і гарады-мільянеры (больш за 1 млн. жыхароў). У свеце існуе больш за 220 гарадоў-мільянераў, а самы буйны — Токіо, 25,8 млн. жыхароў (1992). Каля многіх буйных гарадоў узнікаюць гарады-спадарожнікі. Часта гарады і гарады-спадарожнікі аб’ядноўваюцца, ствараючы агламерацыі гарадскія, якія могуць аб’ядноўвацца ў мегаполісы. У жыцці грамадства горад (асабліва буйныя) выступае як мнагапланавы сац. арганізм, складаны эканам.-геагр., арх., інж.-буд. і культ. комплекс. Для горада характэрна канцэнтрацыя і інтэнсіўнасць розных формаў сац. сувязей, спецыфічная (у параўнанні з вёскай) дэмаграфічная, прафес. і арганізац. структура. Органамі гар. кіравання, тыповымі для сучасных замежных дзяржаў, з’яўляюцца выбарны муніцыпальны савет (муніцыпалітэт), кіраўнік гар. адміністрацыі (мэр, бургамістр і да т.п.), які выбіраецца гэтым саветам або насельніцтвам, і падначаленыя ім аддзелы. Для сталічных гарадоў нярэдка ўстанаўліваюцца асобыя формы кіравання.

У Рэспубліцы Беларусь гарады падзяляюцца на 3 катэгорыі: рэсп., абл. і раённага падпарадкавання. Гар. кіраванне ажыццяўляецца праз гар. Саветы дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам гэтых гарадоў, выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўнікі якіх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюцца адпаведнымі Саветамі.

Узнікненне горада падрыхтавана грамадскім падзелам працы (пач. аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі) і ўтварэннем раннекласавых дзяржаў. Паселішчы, падобныя да горада, існавалі ўжо ў 7—6 ст. тыс. да н.э. (напр., Іерыхон у Палесціне). На думку шэрагу даследчыкаў, першыя гарады ўзніклі каля 5 тыс. гадоў назад на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер), пазней — у даліне Ніла (Мемфіс, Фівы), Індыі (Махенджа-Дара, Харапа) і інш. 1-я стадыя станаўлення і развіцця горада ахоплівае перыяд з 4-га тыс. да н.э. да 1-й пал. 1-га тыс. н.э. Найб. важныя зрухі адбыліся на першых двух этапах гэтай стадыі. На 1-м этапе (4—3-е тыс. да н.э.) у найстараж. абласцях цывілізацыі, напр. у Месапатаміі, вылучыліся буйныя цэнтры (Ур, Урук, Эрэх і інш.), якія мелі плошчу да 200 і больш га, нас. да 20 тыс. чал. На 2-м этапе (канец 3-га—2-е тыс. да н.э.) колькасць гарадоў значна павялічылася, вычленіліся іх гал. суб’екты (гандляры і рамеснікі, служыцелі храмаў і пісцы, служачыя, маракі, мастакі і інш.), пашырыліся зоны працэсаў урбанізацыі (Іран, Пакістан, Пд Сярэдняй Азіі і інш.). У канцы архаічнай эпохі (800—500 да н.э.) у Стараж. Грэцыі з’явіліся гарады-дзяржавы (гл. Поліс). Пазней нямала гарадоў узнікла ў ходзе стараж.-грэч. каланізацыі, заваяванняў Аляксандра Македонскага, экспансіі стараж. рымлян. Эканамічна стараж. гарады, якія ўзнікалі з суседскай абшчыны, грунтаваліся на сельскай гаспадарцы (з ёй была звязана большасць іх жыхароў), спецыялізацыі рамёстваў і гандлі. Для тагачаснай гар. арганізацыі характэрна наяўнасць умацаванага цэнтра (горад ва ўласным сэнсе слова) і падпарадкаванай яму перыферыі, або акругі. У адрозненне ад вёскі ўжо раннія гарады апрача функцый сховішча набылі рысы палітыка-адм. (тут знаходзілася рэзідэнцыя правіцеля), культавых (размяшчаліся рэліг. свяцілішчы), гасп. і культ. цэнтраў. Еўрап. Гарады ранняга сярэднявечча сфарміраваліся на працягу 5—11 ст. [раней у Італіі і Візантыі, пазней (9—13 ст.) у Германіі, на Русі, у Скандынаўскіх краінах, Ірландыі, Шатландыі, Польшчы, Венгрыі, Дунайскіх княствах]. Многія з іх трансфармаваліся з антычных гарадоў, якія заняпалі ва ўмовах тагачаснага панавання натуральнай гаспадаркі і аграрызаваліся, або развіваліся з новых паселішчаў. Першапачатковае насельніцтва такіх гарадоў складалася пераважна з феадальна залежных людзей уладальніка зямлі, на якой ён стаяў. Таму сеньёры гарадоў прысвойвалі значную частку гар. даходаў. У 11—13 ст. гэта выклікала супраціўленне гараджан, якое перарасло ў барацьбу за гар. самакіраванне і прававую арганізацыю, т.зв. камунальны рух. У ходзе яго (ахапіў пераважна частку Зах. і Паўд. Еўропы) гараджане вызваліліся ад асабістай залежнасці, канчаткова склаліся гарадскі лад (рамесныя цэхі, гільдыі купцоў, грамадз. гар. абшчына), праўленне (муніцыпальныя органы, суд), права, саслоўе (гл. Бюргерства). Узніклі гарады-рэспублікі (напр., Венецыя і Генуя ў Італіі, Ноўгарад і Пскоў на Русі), камуны (напр., далмацінскі Дуброўнік), вольныя і імперскія гарады. Дэмаграфічную аснову горада з канца 11 — сярэдзіны 12 ст. складалі збеглыя сяляне. Большасць сярэдневяковых гарадоў былі малыя (1—2 тыс. жыхароў) і сярэднія (3—5 тыс. жыхароў); найбуйнейшы — Канстанцінопаль (больш за 100 тыс. жыхароў). Часам гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (напр., Ганза ў Германіі). Горад, як правіла, быў ахаваны зубчастымі каменнымі, часам драўлянымі сценамі ў 1—2 рады або земляным валам з частаколам. Яго планіроўка была радыяльна-кругавая, з 13 ст. часцей прамавугольная («гатычная»). Тут меліся прыгожыя саборы; гар. вуліцы былі вузкія, неўпарадкаваныя. Гасп. цэнтры горада размяшчаліся ў гар. прадмесцях (ніжнім горадзе, пасадзе, слабадзе). У 16 ст. ў Еўропе ўзніклі першыя метраполіі (Парыж, Лондан). Да адкрыцця еўрапейцамі Новага Свету даволі развітыя гарады (культавыя і гандл. цэнтры) існавалі ў Амерыцы (асабліва ў індзейцаў майя). Многія гарады засн. ў ходзе каланізацыі еўрапейцамі інш. кантынентаў (узнікалі як форты, порты і інш.). У індустр. эпоху ў сувязі з прытокам збяднелых сялян актывізаваўся рост буйных гарадоў — прамысл. цэнтраў (найб. з сярэдзіны 19 ст. ў Цэнтр. Еўропе і Паўн. Амерыцы), у якіх з’явіліся новыя формы забудовы (напр., шматкватэрныя дамы). Пазней гэты працэс ахапіў і традыцыйна агр. рэгіёны (Цэнтр. Афрыка, Цэнтр. Азія). У пач. 20 ст. развіццё сац. жыллёвага буд-ва прывяло да ліквідацыі цесных рабочых кварталаў унутры горада. Для сучасных буйных гарадоў характэрны шматфункцыянальнасць, высокая шчыльнасць забудовы, асобнае размяшчэнне жылых месцаў (т.зв. спальныя раёны) і месцаў працы, масавы вулічны рух, сац. праблемы (напр., беспрацоўе, злачыннасць) і інш. Найб. хутка растуць звышбуйныя гарады ў краінах, якія развіваюцца; тут асабліва адчувальныя праблемы беднасці, экалогіі.

На Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9 — 13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Нярэдка яны ўтвараліся на месцах б. гарадзішчаў жал. веку. Многія бел. гарады развіліся з умацаваных паселішчаў, феад. замкаў, парубежных крэпасцей. Росту гарадоў спрыяла яго геагр. размяшчэнне — скрыжаванне гандл. шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як трансп. магістралі. На тэр. Беларусі дакладна ідэнтыфікавана і даследавана 35 гарадоў 9—13 ст., сярод якіх Полацк (з 9 ст.), Заслаўе, Тураў (з 10 ст.), Брэст, Віцебск, Лагойск, Мінск, Пінск (з 11 ст.), Барысаў, Брагін, Гомель, Гродна, Клецк, Навагрудак, Слаўгарад (Прапойск), Слуцк (з 12 ст.). Ядром горада звычайна быў дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога стваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, у 11—13 ст. будаваліся мураваныя храмы, вежы-данжоны. У 12—13 ст. у гарадах пераважна развіваліся кавальства, ювелірнае, шавецкае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы і графіці. У раннефеад. перыяд большасць гарадоў стала цэнтрамі ўдзельных княстваў, некаторыя — рэзідэнцыямі епіскапаў. Склаліся некаторыя рысы спецыялізацыі эканам. дзейнасці гарадоў. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі ператвараліся ў цэнтры вотчыннай прамысловасці. Ускладненне грамадскага ладу ў феад. эпоху выклікала ўзнікненне ў буйных гарадах цэхавай сістэмы і самакіравання паводле нормаў магдэбургскага права і мясц. права (гл. Гарадское права). У сац.-паліт. жыцці гарадоў важную ролю адыгрывала барацьба супраць феад. самавольства. Гарады былі цэнтрамі рэфармацыйнага руху і супраціўлення нац.-рэліг. прыгнёту. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. ў выніку працяглых войнаў гарады Беларусі прыйшлі ў заняпад. Калі ў 17 ст. на Беларусі было 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне 18 ст. гарадоў і гар. паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Заняпад змяніўся новым уздымам. З 1786 па 1861 колькасць гар. насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Органамі самакіравання засталіся магістраты. У парэформенны перыяд (пасля 1861) паскорыўся рост ф-к і з-даў, развіццю гарадоў спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 у 42 гарадах пражывала 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператвараліся ў культ. цэнтры, дзе канцэнтраваліся навуч. ўстановы, тэатры, музеі. Значны рост насельніцтва гарадоў адбыўся ў БССР у выніку індустрыялізацыі, у 1939 у гарадах жыло 1854,8 тыс. чал. (20% насельніцтва). У 1990-я г. гар. насельніцтва Беларусі павялічылася ў параўнанні з 1950 у 4,3 раза; яго ўдзельная вага склала 67,6% ад усяго насельніцтва рэспублікі, што з’яўляецца адным з вышэйшых паказчыкаў урбанізаванасці ў свеце. На 1997 на Беларусі 102 гарады (39 рэсп. падпарадкавання), з іх 13 (без Мінска) мелі больш за 100 тыс. ж. (Гомель 512 тыс., Віцебск 364 тыс., Магілёў 368 тыс., Гродна 304 тыс., Брэст 295 тыс., Бабруйск 227 тыс., Баранавічы 172 тыс., Барысаў 153 тыс., Пінск 131 тыс., Орша 139 тыс., Мазыр 109 тыс., Ліда 101 тыс., Салігорск 101 тыс.). У Мінску жыве 1,7 млн. чал.

Літ.:

Развитие античного и средневекового города. М., 1987;

Становление европейского средневекового города: Сб. ст. М., 1989;

Тимощук Б.А. Восточные славяне: от общины к городам. М., 1995;

Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989;

Позднефеодальный город Средней Азии: Сб. ст. Ташкент, 1990;

Город как социокультурное явление исторического процесса. М., 1995;

Штыхов Г.В. Города Белоруссии по летописям и раскопкам (IX—XIII вв.). Мн., 1975;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-эконом. исслед. истории городов). Мн., 1975;

Богданович А.В., Сидоров П.А. Города Белоруссии: Краткий экон. очерк. Мн., 1967.

У.​Я.​Калаткоў (усеагульная гісторыя гарадоў), Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)