здольнасць раслін, а таксама арганізмаў і іх згуртаванняў (часцей раслін) пераносіць вял. канцэнтрацыі шкодных газападобных рэчываў атмасферы (серавадарод, вокіслы вугляроду, серы, азоту, фтор, фторысты вадарод, хларыды і інш.). У выніку пранікнення газаў у раслінныя клеткі ў іх назапашваюцца ядавітыя рэчывы, якія парушаюць працэсы абмену рэчываў. Пры высокай газаўстойлівасці раслін адбываецца эфектыўнае ачышчэнне паветра ў прамысл. гарадах. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць віды раслін, якія ўтвараюць вял. біямасу і маюць інтэнсіўны газаабмен: з травяністых — аўсяніцу, мятліцу, райграс, кавыль і інш., з дрэвавых і кустовых — лох серабрысты, вяз, клён серабрысты, брызгліну, бружмель і інш. На Беларусі даследаванні па падборы газаўстойлівых раслін для азелянення тэр.прамысл. прадпрыемстваў пачаліся ў 1970-я г. ў Цэнтр.бат. садзе АН. Для прамысл. і гарадскіх умоў рэкамендавана больш за 150 відаў і сартоў дрэвава-кустовых і кветкава-дэкар. раслін, устойлівых да фітатаксікантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.В.Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).
У 18 ст.пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.М.Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Створаны на правым пакатым беразе р. Ясельда. Парк пейзажнага тыпу, пл. 60 га. Каля р. Ясень, рукава Ясельды, стаяў мураваны палац (не захаваўся), на астраўку побач быў пладовы сад. У аснове планіроўкі парку — сетка ўзаемна перпендыкулярных алей. Гал. кампазіцыйная вось арыентавана з ПнУ на ПдЗ. На паўн. ускраіне сістэма каналаў і праточных сажалак утварае маляўнічыя астравы і паўастравы з багатай расліннасцю, густым падлескам. На Пд дуброва з дубу чырвонага і рабініі псеўдаакацыі (белай акацыі) і пладовы сад. У парку шмат экзотаў (піхты белая, сіб., аднаколерная, хвоя веймутава, елкі канадская, Энгельмана, дугласія Мензіса, клён ясенялісты, бук лясны, арэх Зібальда, дуб балотны і інш.).
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975. С. 108—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,
лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Створаны ў 1770-я г. Належаў Агінскім, з 1786 Храптовічам. У ансамбль уваходзяць палац, парк з вадаёмамі, гасп. пабудовы.
Палац — мураваны П-падобны ў плане; складаецца з 2-павярховага цэнтр. корпуса і 1-павярховых бакавых. Гал. фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, вырашаны плоскасна з невял. рызалітам у цэнтры, завершаным трохвугольным франтонам. Дэкор сціплы: ажурны балкон у стылі ампір (чыгуннае ліццё), простыя карнізы, неглыбокія нішы. Парк — першапачаткова рэгулярнага тыпу. Пейзажныя куткі арганізаваны вакол 2 ставоў, адзін з якіх круглы ў плане з выспай пасярэдзіне, другі — з невял. паўвыспай. на якой стаяла альтанка. У канцы 18 — пач. 19 ст. за палацам пабудавана аранжарэя, пасаджаны сад, разбіты кветнікі. У 1820 пастаўлены помнік рас. імператару Аляксандру I. У парку мясц. пароды дрэў (дуб, ліпа, клён) і шэраг экзотаў.
А.М.Кулагін.
Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды.Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль. Палац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, для + клімат),
працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл.Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл.Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл.Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл.Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.
А.М.Кулагін.
Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУСО́ЎСКІ (Міхаіл Львовіч) (23.7.1915, г. Луганск, Украіна — 16.7.1990),
расійскі паэт.Канд.філал.н. (1941). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1939). Друкаваўся з 1934. Першая кн. «Луганчане» (1939, разам з К.Сіманавым). У зб-ках вершаў «Фронт» (1942), «Калі шуміць Ільмень-возера» (1944) тэма Вял.Айч. вайны. Паэт.зб-кі «Мой радавод» (1940), «Калі слухаеш Маскву» (1948), «Усё, што мне дорага» (1957), «Цень чалавека. Кніга вершаў пра Хірасіму...» (1968), «Сутнасць» (1979) і інш. адметныя тонкім лірызмам, спавядальнасцю, меладычнасцю. Выдаў кн. мемуарнай прозы «Сямейны альбом» (1978—79). Аўтар апавяданняў, сцэнарыяў хранікальна-дакумент. фільмаў. Напісаў тэксты папулярных песень «Падмаскоўныя вечары», «На безыменнай вышыні», «Школьны вальс», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Добрыя дзяўчаты», «Стары клён», «Волагда», песень да кінафільмаў «Верныя сябры», «Выпрабаванне вернасці», «Ідыёт», тэлефільма «Дні Турбіных» і інш. Пісаў вершы і песні на бел. тэматыку: «Сцены гавораць...», «Дзяўчына з Брэста», «Кожны чацвёрты». На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі Я.Семяжон, К.Цвірка. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 27,1 тыс.км². Нас. 1435,1 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Цэнтр — г.Белгарад. Найб. гарады: Стары Аскол, Губкін, Шабекіна, Аляксееўка, Валуйкі.
Прырода. Белгародская вобласць размешчана на ПдЗ Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (выш. да 276 м), моцна парэзаная ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (радовішчы Курскай магнітнай анамаліі), буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў да 500 мм за год. Асн. рэкі: Северскі Данец і Аскол (бас. Дона), Ворскла (бас. Дняпра). Глебы пераважна чарназёмныя, месцамі шэрыя лясныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Белгародская вобласць ляжыць у лесастэпавай і стэпавай зонах, б.ч. разнатраўна-лугавога стэпу ўзарана. Пад лясамі 9% тэрыторыі (дуб, клён, ясень, бяроза і інш.). Запаведнікі «Лес на Ворскле» і частка Цэнтральначарназёмнага запаведніка («Ямскі стэп»).
Гаспадарка. Развіты горназдабыўная прам-сць (жал. руда), машынабудаванне і металаапрацоўка (паравыя катлы, абсталяванне для харч. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць металаканструкцый, электраабсталявання і інш.), металургічная, хім. (вітаміны, мыйныя сродкі і інш.), харч. (цукр. і мяса-малочная) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых (ячмень, пшаніца) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік, эфіраалейныя) культур. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Харкаў, Масква—Растоў-на-Доне, Харкаў—Бранск, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль і ўчасткі магістральных газаправодаў Шабялінка—Масква, Стаўрапаль—Масква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДКА,
агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.
На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш.нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.