АПАЛА́ЧЫ
(Appalachian Mountains),
горы на У Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Працягнуліся з ПдЗ на ПнУ на 2600 км; асн. хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя. Пераважаюць выш. 1300—1600 м, найб. 2037 м, г. Мітчэл (Блу-Рыдж). Падзяляюцца Апалачы на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор’е выш. 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты, вяршыні згладжаны, ператвораны ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы складаюцца з восевай зоны хр. Блу-Рыдж, з У да якога прымыкае плато Підмант, з З — Апалачскае плато. Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі. Паўночная і паўд.-ўсх. ч. Апалачаў складзена з крышт. парод, зах. і паўд.-зах. — пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Апалачскі вугальны басейн), нафта, прыродны газ, жал. руда, тытан, азбест. Клімат на Пн умераны, на Пд субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага ак. і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія т-ры студз. вагаюцца ад -12 на Пн да 8 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі. Расліннасць паўн. ч. — хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на Пд ад 41° паўд. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі. Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра. Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. У Апалачах нац. паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Алалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 1, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)