члены найніжэйшых індуісцкіх кастаў, якія не належаць да ніводнай з 4 індуісцкіх варнаў. Да «Н.» адносілі тых, хто займаўся нячыстымі для прававерных індусаў заняткамі, звязанымі з забойствам жывёл, брудам і смеццем: рыбаловы, гарбары, абутнікі, прачкі, смецяры, асенізатары і інш., а таксама прадстаўнікі адсталых плямён. Лічылася, што зносіны «Н.» з членамі вышэйшых кастаў апаганьваюць апошніх. Найб. жорсткія абмежаванні для «Н.» існавалі на Пд Індыі, ім забаранялася жыць разам з іншымі, наведваць храмы, карыстацца агульнымі калодзежамі і г.д. У 1920—30-я г. барацьбу за правы «Н.» узначаліў М.К.Гандзі, які называў іх «харыджанамі» («божымі дзецьмі»; афіц. назва «Н.» у сучаснай Індыі). Канстытуцыя 1949 гарантавала «Н.» усе грамадз. правы, а закон 1955 прыраўноўваў іх дыскрымінацыю да крымін. злачынства. Чл.т.зв. «спісачных» (ніжэйшых) кастаў і плямён (16% насельніцтва Індыі) атрымалі льготы пры паступленні ў ВНУ і на дзярж. службу. Аднак поўнае скасаванне «недатыкальнасці» застаецца адной з найб. складаных праблем інд. грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯЖА́ЦЕЛІ,
рэлігійна-палітычная плынь у Расіі канца 15 — пач. 16 ст., прыхільнікі якой выступалі з патрабаваннем адмаўлення царквы ад «сцяжання» (набыццё зямельных і маёмасных каштоўнасцей), якое пярэчыць евангелічным ідэалам і шкодзіць аўтарытэту царквы. Гэта патрабаванне абгрунтавана ў працах Ніла Сорскага, Васіяна Патрыкеева, старца Арцемія і інш. У «Манастырскім статуце» Сорскі сцвярджаў, што набыццё ўласнасці несумяшчальна з манаскім зарокам, які абавязвае адмовіцца ад усяго свецкага, патрабуе весці строгі, аскетычны лад жыцця, карыстацца вынікамі ўласнай працы. Яго вучань Патрыкееў выступаў за канфіскацыю манастырскіх зямель і стварэнне манастырскага фонду для надзелу дробных і сярэдніх феадалаў. Несцяжацельства адпавядала інтарэсам буйнога баярства і ўдзельных князёў, якія імкнуліся захаваць свае ўладанні і задаволіць патрэбу велікакняжацкай улады ў зямлі для дваранства за кошт секулярызацыі царк. зямель. Супраць Н. выступалі іасіфляне на чале з Іосіфам Валоцкім, якія пераканалі Івана III адмовіцца ад падтрымкі несцяжацеляў як праціўнікаў палітыкі ўзмацнення велікакняжацкай улады. Н. зганьбаваны на царк. саборах 1503, 1531.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЕ ПІСЬМО́, старамангольскае пісьмо,
пісьменства, створанае на аснове уйгурскага алфавіта (гл.Уйгурскае пісьмо). Першыя помнікі М.п. — надпіс на т.зв. Чынгісавым камені (1225), Пісьмо іль-хана Аргуна (1289). Напрамак пісьма зверху ўніз, радкі чытаюцца злева направа, знакі паліфоннага характару (многія перадаюць па 2 ці 3 фанемы). У залежнасці ад становішча ў слове некат. знакі маюць 2 ці 3 абрысы. У алфавіце 20 асн. і 8 дадатковых літар (для перадачы іншамоўных гукаў) — вытворныя ад 14 асн. знакаў уйгурскага алфавіта, які захоўваўся ў манголаў у запазычаным выглядзе; на мяжы 16—17 ст. у яго ўнесены значныя змены. Вядомы таксама квадратнае пісьмо (13—14 ст., на аснове тыбецкага алфавіта), з 17 ст. — айрацкае «яснае пісьмо» Зая-Пандзіты (на аснове «старога пісьма»; атрымала шырокае распаўсюджанне сярод айратаў і калмыкаў). М.п. існавала да 1931 у буратаў (Бурація) і да 1945 у Манголіі; ва Унутр. Манголіі (Кітай) ім працягваюць карыстацца.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Старописьменный монгольский язык. М., 1964;
Яго ж. Лингвистическое введение в изучение истории письменности монгольских народов. Улан-Удэ, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,
валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.
У наш час на Беларусі найб. пашырана бел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр.і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,
перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III
[2.12.1852—4.9.1870],
які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.
Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс.чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;
Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,
комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.
Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).
На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.
А.А.Саламонаў.
Да арт.Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛГА́С, калектыўная гаспадарка,
форма арганізацыі с.-г. працы, створаная ў СССР у працэсе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, спецыфічны тып с.-г. арцелі сялян, аб’яднаных для супольнай вытв-сці на аснове грамадскіх сродкаў і калект. працы. У БССР К. створаны ў 1929—37, на тэр.Зах. Беларусі — ў 1950-я г.
Мат.-тэхн. база першых К. складалася з абагуленых асн. сродкаў вытв-сці, якія належалі сялянам. У 1929 для тэхн. абслугоўвання былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС; існавалі да 1958). Сучасныя К. — пераважна шматгаліновыя гаспадаркі, спецыялізаваныя на вытв-сці малака, мяса, лёну, бульбы, цукр. буракоў. Гаспадарку вядуць на зямлі, якая з’яўляецца дзярж. уласнасцю, але перадаецца К. на вечнае карыстанне. Члены К. на агульным сходзе ці сходзе ўпаўнаважаных прымаюць статут, у якім вызначаны аспекты вытв.-гасп. дзейнасці, правы і абавязкі калгаснікаў, а для штодзённага кіраўніцтва гаспадаркай выбіраюць праўленне і яго старшыню. Напачатку аплата працы калгаснікаў вялася натуральнымі прадуктамі ў адпаведнасці з выпрацаванымі працаднямі. З 1960-х г.асн. форма аплаты працы — грашовая, ажыццяўляюцца і натуральныя выплаты. Многія К. маюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, вытв-сці буд. матэрыялаў, швейныя майстэрні і інш. На сродкі некаторых К. пабудаваны сучасныя пасёлкі гар. тыпу, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Кожны член К. мае права карыстацца зямельным надзелам (да 1 га) для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. На 1.1.1997 у Беларусі 1810 К., якія аб’ядноўваюць 466 тыс.чал., маюць 7512 тыс.га зямель, у т. л. 3717 тыс.га ворных. З фарміраваннем рыначнай эканомікі некаторыя К. ператварыліся ў акц. т-вы, асацыяцыі фермераў, кааператываў і інш. аб’яднанні таваравытворцаў. Пашыраюцца формы арэнднага вядзення гаспадаркі. Асобныя калгаснікі выходзяць э К. і ствараюць свае фермерскія гаспадаркі.
Да арт.Калгас. Уезд у калгас «Прагрэс». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,
дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.
Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстаццадзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).
Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн.дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс.дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстаццатэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс.дол.
Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс.дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.
Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн.дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.