НЕСЦЯЖА́ЦЕЛІ,

рэлігійна-палітычная плынь у Расіі канца 15 — пач. 16 ст., прыхільнікі якой выступалі з патрабаваннем адмаўлення царквы ад «сцяжання» (набыццё зямельных і маёмасных каштоўнасцей), якое пярэчыць евангелічным ідэалам і шкодзіць аўтарытэту царквы. Гэта патрабаванне абгрунтавана ў працах Ніла Сорскага, Васіяна Патрыкеева, старца Арцемія і інш. У «Манастырскім статуце» Сорскі сцвярджаў, што набыццё ўласнасці несумяшчальна з манаскім зарокам, які абавязвае адмовіцца ад усяго свецкага, патрабуе весці строгі, аскетычны лад жыцця, карыстацца вынікамі ўласнай працы. Яго вучань Патрыкееў выступаў за канфіскацыю манастырскіх зямель і стварэнне манастырскага фонду для надзелу дробных і сярэдніх феадалаў. Несцяжацельства адпавядала інтарэсам буйнога баярства і ўдзельных князёў, якія імкнуліся захаваць свае ўладанні і задаволіць патрэбу велікакняжацкай улады ў зямлі для дваранства за кошт секулярызацыі царк. зямель. Супраць Н. выступалі іасіфляне на чале з Іосіфам Валоцкім, якія пераканалі Івана III адмовіцца ад падтрымкі несцяжацеляў як праціўнікаў палітыкі ўзмацнення велікакняжацкай улады. Н. зганьбаваны на царк. саборах 1503, 1531.

Літ.:

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)