ПАПІНО́ ((Papineau) Луі Жазеф) (7.10.1786, г. Манрэаль, Канада — 23.9.1871),
канадскі паліт. дзеяч. Адвакат. Чл.Заканад. сходу (1808—37) і ўрада (1820—23) брыт.калоніі (правінцыі) Ніжняя Канада. З 1815 лідэр апазіц. руху франка-канадскіх патрыётаў супраць брыт. улад. Адзін з кіраўнікоў антыбрыт. паўстання 1837—38 у Ніжняй Канадзе. З ліст. 1837 у эміграцыі ў ЗША, потым у Францыі. Вярнуўся ў Канаду па амністыі 1847. У 1848—51 і 1852—54 чл.Заканад. асамблеі прав. Канада. У далейшым ад паліт. дзейнасці адышоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),
група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.Поўэлам і Н.Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,
міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг.калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХАВА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНАЯ КАЛО́НІЯ (ВПК),
папраўча-працоўная ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе адбываюць пакаранне непаўналетнія, асуджаныя да пазбаўлення волі. У ВПК ажыццяўляецца перавыхаванне асуджаных шляхам прыцягнення іх да грамадска карыснай працы, правядзення з імі выхаваўчай работы, абавязковага агульнаадук. і прафес.-тэхн. навучання. Умовы ўтрымання і нормы ў ВПК улічваюць асаблівасці ўзросту і полу асуджаных. У залежнасці ад характару ўчыненага імі злачынства і інш. акалічнасцей адрозніваюць ВПК агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Асуджаных утрымліваюць у ВПК да 18-гадовага ўзросту, пасля пераводзяць у адпаведныя калоніі для дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМША́НКІ (Bryozoa),
клас беспазваночных жывёл. 4 атр., каля 20 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4 тыс. Пашыраны ўсюды марскія і прэснаводныя формы. Жывуць пераважна прымацаванымі манаморфнымі (прэснаводныя) ці паліморфнымі (марскія) калоніямі. На Беларусі найб. трапляюцца 3 віды. Нагадваюць мох, водарасці або студзяністыя цяжы.
Даўж. калоній да 20 см, складаюцца з мікраскапічных асобін (заоідаў), заключаных у вапнавую, хіцінавую або студзяністую ячэйку (цыстыд). Сістэмы органаў спрошчаныя. Гермафрадыты. Жывяцца мікраарганізмамі і арган. часцінкамі. Садзейнічаюць ачышчэнню вадаёмаў як фільтратары, але імі абрастаюць і засмечваюцца гідратэхн. збудаванні.
Імшанка прэснаводная: 1 — участак калоніі (павялічана), 2 — калонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕБСІЕ́ЛЫ (Klebsiella),
род капсульных неспараносных энтэрабактэрый. Найб. вывучана K. pneumonie, што жыве на слізістай абалонцы носа, рота і кішэчніка здаровых людзей; пашырана сярод цеплакроўных жывёл; здольная выклікаць запаленне лёгкіх (умоўна патагенная). Да аблігатна патагенных паразітаў чалавека адносяцца K. ozaenae і K. scleromatis.
Палачкі (0,3—1,5×0,6—6 мкм) нерухомыя, грамадмоўныя; факультатыўныя анаэробы. На шчыльным пажыўным асяроддзі ўтвараюць круглыя, пукатыя слізістыя калоніі. Зброджваюць глюкозу, цукрозу, лактозу з утварэннем 2,3-бутандыёлу, этанолу і арган. кіслот. Некат. віды фіксуюць азот. Здольныя выклікаць хваробы чалавека і жывёл — клебсіялёзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАБАКТЭ́РЫІ (Mycobacterium),
род бактэрый, роднасных актынаміцэтам. Каля 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, харч. прадуктах.
Палачкі (0,2—0,6 × 1—10 мкм), часта злёгку скрыўленыя, галінастыя з уключэннямі ў выглядзе ружанцаў і гранул. Некат. віды ўтвараюць гіфы, якія распадаюцца на палачкі і кокі. Грамстаноўчыя, кіслотаўстойлівыя, нерухомыя. Маюць у сабе караціноіды, таму іх калоніі часта пігментаваныя (аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя). Размнажаюцца дзяленнем клетак, спор не ўтвараюць. Сапрафітныя формы ўдзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэшткаў, некат. акісляюць парафіны і вуглевадароды. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (туберкулёз, лепру), жывёл і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬБРЫХ ((Olbrich) Іозеф Марыя) (22.12.1867, г. Опава, Чэхія — 8.8.1908),
аўстрыйскі архітэктар; прадстаўнік венскага мадэрну. Вучань О.Вагнера. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1897) і Дармштацкай калоніі мастакоў (1899). Пабудовам О. ўласцівы смеласць канстр. вырашэнняў, спалучэнне функцыян. і дэкар. элементаў, выразнае супастаўленне манум. аб’ёмаў з каменю з лёгкімі формамі са шкла, гладкіх і расчлянёных плоскасцей сцен, выкарыстанне паліхроміі, геам. ці схематызаванага расл. арнаменту. Асн. творы: будынак «Венскага Сецэсіёну» (1897—98) у Вене, дом Э.Людвіга (1900—01), выставачны будынак і «Вясельная вежа» (1907—08) у Дармштаце (Германія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ПЫ,
прымацаваныя формы кішачнаполасцевых: гідроідных, сцыфоідных і каралавых паліпаў, каралаў. Жывуць пераважна ў акіяне.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў (зрэдку да некалькіх метраў). Цела цыліндрычнае, на верхнім канцы ротавая адтуліна з шчупальцамі, на ніжнім — падэшва для прымацавання да субстрату або цела калоніі. Многія П. маюць цвёрды вонкавы або ўнутр. шкілет, арган. або вапнавы. Пераважна каланіяльныя формы, ёсць адзіночныя (актыніі, гідры), здольныя да павольнага перамяшчэння. Кормяцца пераважна жывёльным кормам, з дапамогай шчупальцаў. Размнажаюцца палавым (на многіх П. узнікаюць палавыя асобіны — медузы) і бясполым (пачкаванне) спосабамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ ШЭТЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Shetland Islands),
група вулканічных астравоў у праліве Дрэйка. каля паўн.-зах. берагоў Антарктычнага п-ва. Складаецца з 11 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 4,3 тыс.км². Выш. да 2300 м (на в-ве Кларэнс). Складзены з вывергнутых метамарфічных і часткова асадкавых парод. Б.ч. укрыты снегам і лёдам. Лежбішчы цюленяў і марскіх ільвоў, калоніі пінгвінаў і інш. марскіх птушак. Адкрыты ў 1819 У.Смітам, апісаны і нанесены на карту Ф.Ф.Белінсгаўзенам у 1821. На астравах навук. станцыі Аргенціны, Вялікабрытаніі, Чылі, Польшчы.