Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Птушыныя калоніі 8/623
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Калоніі антычныя 4/65; 5/273
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Грэчаскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і 1/372—373; 2/175—176
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,
умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст.Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Peritricha),
падклас прасцейшых класа інфузорый. Жывуць у прэснай і марской вадзе. Найб. тыповыя прадстаўнікі — сувойкі, зоатамніі (Zootamnium).
Сядзячыя, прымацаваныя да субстрату формы. Большасць каланіяльныя (да некалькіх тысяч). Калоніі 2 тыпаў: са скарачальным і нескарачальным сцяблом. Асн. сцябло калоніі і яго першыя разгалінаванні агульныя для калоніі. Ротавы дыск акружаны радамі раснічак. Кормяцца бактэрыямі, некаторыя — паразіты рыб і земнаводных. Размнажэнне палавое (кан’югацыя) і бясполае (дзяленне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧАЯ КАЛО́НІЯ,
адзін з відаў папраўчых устаноў, дзе адбываюць пакаранне, перавыхоўваюцца і выпраўляюцца паўналетнія асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь да пазбаўлення волі. П.-п.к. падзяляюцца на калоніі агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму і калоніі-паселішчы. Від калоніі вызначаецца ў прыгаворы суда і замену яго ў час адбыцця пакарання можа рабіць толькі суд у прадугледжаных законам выпадках. У калоніях розных відаў для асуджаных устанаўліваюцца розныя ўмовы ўтрымання ў залежнасці ад існуючага ў іх рэжыму. Гэтыя ўмовы могуць змяняцца ў бок змякчэння і ўзмацнення жорсткасці ў адпаведнасці з паводзінамі асуджаных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),
кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.