БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,
тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЎК-ЛЕВАНО́ВІЧ (Іосіф Васілевіч) (6.11.1891, хутар Лявонаўка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 19.8.1943),
бел. мовазнавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Працаваў у БДУ (1923—30), адначасова з 1927 у Інбелкульце (сакратар Камісіі па ўкладанні гіст. слоўніка бел. мовы). У 1930 быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Працаваў у Саратаўскім ун-це (1930—31), пед. ін-це (1931—34), Арэнбургскім пед. ін-це (1934—37). 17.9.1937 беспадстаўна арыштаваны і засуджаны, памёр у адным з лагераў на Поўначы. Даследаваў гісторыю бел. мовы, бел. дыялекталогію і рус. мову. Аўтар «Лекцый па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка» (1927, факс. выд. 1994), арт. «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі» (1925), «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1926), «Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак» (1928), «Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (1929), «Яшчэ да пытання аб «ляшскіх» рысах у беларускай фанетыцы» (1930) і інш.
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 115—126.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Вінцэнт Антонавіч) (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),
дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час.«Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Яфім Яфімавіч) (27.2.1888, Мінск — ?),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). У 1-ю сусв. вайну на фронце, прапаршчык, штабс-капітан. Удзельнік Усебел. з’езда 1917, чл. яго прэзідыума. Міністр юстыцыі і фінансаў (да ліп. 1918) у Народным сакратарыяце Беларусі. Дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне і інш. У 1919 арыштаваны палякамі як дзеяч БНР. У 1918—19 чл.Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). 1.10.1920 арыштаваны асобым аддзелам Зах. фронту па падазрэнні ў контррэв. дзейнасці, вызвалены праз 6 месяцаў. У 1920—22 служыў у чыг. часцях Чырв. Арміі ў Гомелі. Удзельнічаў у правядзенні ліквідацыйнага з’езда БПС-Р (чэрв. 1924). У 1925—30 упаўнаважаны Наркамфіна БССР, з 1931 працаваў у Белшвейаддзяленні ВСНГ. У 1932 арыштаваны ДПУ БССР і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне адбываў у Свірлагу, дзе ў 1936 зноў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1963, па 2-м — у 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДКО́ЎСКІЯ,
дзекабрысты, браты. З дваран Віцебскай губ.
Іван Фёдаравіч (1790—?), палкоўнік, камандзір батальёна ў Сямёнаўскім палку. За спачуванне салдатам у час выступлення ў палку (1820) прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена турмой. Да 1826 у віцебскай турме. У 1829 высланы ў дзеючую армію на Каўказ.
Фёдар Фёдаравіч (1800—20.1.1844), прапаршчык Нежынскага палка. Чл.Паўд.т-ва з 1823. Стаяў за рэсп. лад у Расіі, за знішчэнне царскай сям’і. 21.12.1825 арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена пажыццёвай катаргай. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Аўтар рэв. вершаў.
Аляксандр Фёдаравіч (каля 1801 — пасля 1837), падпрапаршчык Сямёнаўскага палка. За спачуванне салдатам у час выступленняў у палку (1820) пераведзены ў Крамянчугскі, потым у 17-ы Егерскі полк. Чл.Паўд.т-ва з 1823. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) планаваў падняць свой полк у яго падтрымку, але 12.1.1826 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У ліп. 1926 высланы ў дзеючую армію на Каўказ. З 1830 пад тайным наглядам паліцыі ў Тамбоўскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЮЧО́НАК (Пётр Вікенцьевіч) (12.2.1891, в. Русцягі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1945),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 у арміі. З 1917 у Адэсе, нам. старшыні Бел. бежанскага к-та, чл. арг-цыі «Беларускі гай». У 1918 упаўнаважаны Бел.нац. камісарыята, заг.бел. аддзела ў Палонбежы. У 1919 заг.бел. дзіцячай калоніі, кіраўнік групы бел. камуністаў пры Малдаванскім райкоме партыі, старшыня бел.-літ. секцыі пры Адэскім губкоме партыі. З 1920 у Мінску, заг.гар. жыладдзела. У 1920 і 1923 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1921 нам. наркома сацзабеспячэння, у 1921—22 заг.бел. аддзела Наркамасветы, у 1924—25 і 1926—28 тэхн. рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва, у 1925—26 супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве, у 1928—29 нам. старшыні «Белпайгандлю». У 1929 выключаны з партыі за прыхільнасць да т. зв. нацыянал-дэмакратызму. 17.2.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў. 4.10.1937 арыштаваны паўторна, прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і засуджаны ў студз. 1943 на 10 гадоў ППЛ. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (Юрый) (Георгій) Іванавіч (крас. 1897, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1938),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік грамадз. вайны, на 1-м з’ездзе Случчыны абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання 1920. Пасля ўцёк у Польшчу. У 1922 нелегальна вярнуўся ў Слуцк, працаваў настаўнікам, стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. 22.10.1925 арыштаваны ДПУ БССР як кіраўнік «контррэвалюцыйнай арганізацыі», якая распаўсюджвала антысав. лістоўкі і заклікала да паўстання і звяржэння сав. улады. У сак. 1926 Л. асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. У сувязі з тым, што Л. стаў сакрэтным супрацоўнікам ДПУ, у ліст. 1927 вызвалены. У 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларус», праз некалькі месяцаў вызвалены. У ліп. 1933 перасяліўся ў г. Ржэў, дзе працаваў рахункаводам. У кастр. 1933 зноў арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і ў студз. 1934 засуджаны на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Бамлагу, дзе паводзіў сябе непакорна. У жн. 1935 у лагеры на яго заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па прыгаворах 1934 і 1938 рэабілітаваны Ваен. трыбуналам БВА ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),
кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.
Літ.:
Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ (Фелікс Эдмундавіч) (11.9.1877, б. маёнтак Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1926),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік польскага і рас.рэв. руху. Гімназістам у Вільні ў 1894 уступіў у с.-д. гурток, з 1895 чл. арг-цыі «Літоўская сацыял-дэмакратыя», з 1896 прафес. рэвалюцыянер. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве. З 1907 чл.ЦКРСДРП. У 1910—12 працаваў у парт. арг-цыях Варшавы, Чанстаховы і інш. 6 разоў быў арыштаваны і засуджаны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскай арг-цыі бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі і правядзення Кастр.ўзбр. паўстання ў Петраградзе. З 1917 старшыня ВЧК па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1919—23 нарком унутр. спраў РСФСР. Адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору» і ініцыятараў стварэння т.зв. папраўча-прац. лагераў. З 1919 на Усх. фронце. У жн.—вер. 1920 у Мінску, чл.РВСЗах. фронту. З 1921 нарком шляхоў зносін. З 1924 старшыня ВСНГ, адначасова старшыня Аб ’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры СНКСССР. Чл.ЦК з 1918, канд. у чл. Аргбюро з 1920, канд. у чл. Палітбюро ЦКВКП(б) з 1924. У г.п. Івянец Валожынскага р-на адкрыты музей Дз., на б. хутары Дзяржынава — яго філіял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ Генрык Міхайлавіч [26.10.1810, Вільня (паводле інш. звестак маёнтак Забалацце Міёрскага р-на Віцебскай вобл.) — 26.5.1863], бел. скульптар, удзельнік рэв. руху на Беларусі, у Літве і Польшчы ў 1830—60-я г. Скончыў Віленскі ун-т (1828). Удзельнік паўстання 1830—31 (у атрадзе В.Пяткевіча). Пасля яго разгрому эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1832—33 з рэв. эміграцыяй рыхтаваў новае паўстанне (т.зв. экспедыцыя Ю.Заліўскага). За рэв. дзейнасць у Галіцыі засуджаныаўстр. ўладамі (1834—41). У 1841—51 вывучаў скульптуру і працаваў як скульптар у Парыжы, з 1851 у ЗША, з 1861 на радзіме. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 (паўстанскі камісар Дзісенскага пав. і нач. атрада). Загінуў у баі ў в. Парэчча Барысаўскага пав. Стварыў помнікі В.Пяткевічу (1848), героям паўстання 1848 у Познані (1849), жонцы ў Філадэльфіі, Б.Радзівіл, рэльеф Ю.Заліўскага, бюсты Т.Касцюшкі, К.Пуласкага, Т.Джэферсана (для кангрэса ЗША), Т.Дзялынскага (Познань), У.Сыракомлі (Вільня), гісторыка М.Балінскага, статую св. Уладзіслава, скульпт. групу «Гарыбальдзі з воінамі», медаль «Апафеоз Т.Касцюшкі», медальён з сілуэтамі павешаных дзекабрыстаў і інш.
Літ.:
Кісялёў Г Адысея паўстанца-скульптара // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.