СТАЖЭ́НСКІ (Старжынскі) Віктар Вацлаў

(Віктар Мацвеевіч; 26.9.1826, маёнтак Страбля Падляскага ваяв., Польшча — 31.5.1882, паводле інш. звестак 17.6.1882),

бел. грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку 1860-х г. Вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Швейцарыі і Мюнхенскім ун-це. У 1847—50 у рас. арміі. З 1861 гродзенскі губернскі маршалак шляхты. Вёў перагаворы з царскімі ўладамі наконт аўтаноміі Беларуска-Літоўскага краю, аднаўлення Віленскага ун-та. У час. паўстання 1863—64 адзін з кіраўнікоў партыі «белых» у Беларусі і Літве. Вясной 1863 згодна з загадам паўстанцкага ўрада падаў у адстаўку і звярнуўся з адпаведным цыркулярам да павятовых маршалкаў шляхты. У маі 1863 арыштаваны, зняволены ў Віленскую цытадэль і засуджаны да высылкі ў Сібір. Пазней пакаранне зменшана: адсядзеў паўтара года ў Бабруйскай крэпасці, потым высланы ў Варонежскую губ. У 1869—75 жыў у Галіцыі, потым у Пецярбургу.

Літ.:

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)