ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Карл) (13.8. 1871, г. Лейпцыг, Германія — 15.1.1919),
дзеяч герм. і міжнар.сацыяліст. руху. Сын В.Лібкнехта. Адвакат. З 1900 член С.-д. партыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў (1907) і старшыня (да 1910) Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. У 1908—16 чл. палаты дэпутатаў Прусіі. У 1912—16 дэп. рэйхстага (выключаны ў студз. 1916), у якім у час 1-й сусв. вайны ў снеж. 1914 і жн. 1915 адзіны з сацыял-дэмакратаў галасаваў супраць ваен. крэдытаў. У 1916 адзін з заснавальнікаў групы «Спартак» (з ліст. 1918 «Спартака саюз»). За антыўрадавыя і антываен. выступленні зняволены. У кастр. 1918 вызвалены. У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 абвясціў Германію «свабоднай сацыялістычнай рэспублікай». Адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Германіі. Аўтар брашуры «Мілітарызм і антымілітарызм» (1907; за яе прыгавораны да зняволення ў крэпасці), працы «Класавая барацьба супраць вайны» (1919) і інш. Забіты разам з Р.Люксембург у Берліне паліт. праціўнікамі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. речи, письма и статьи. М., 1961;
Мысли об искусстве. Трактат, статьи, речи, письма. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1944,
нацыянальнае антыфаш. паўстанне рум. народа, у ходзе якога скінута дыктатура І.Антанеску. Летам 1943 па ініцыятыве камуніст. партыі Румыніі (КПР) быў створаны патрыят. антыгітлераўскі фронт. Вясной 1944 дасягнута пагадненне пра адзінства дзеянняў камуністаў і сацыял-дэмакратаў; 20.7.1944 падпісаны дагавор пра стварэнне нац.-дэмакр. блока — часовай паліт. кааліцыі нац.-ліберальнай, нац.-царанісцкай, камуніст. і с.-д. партый з мэтай ліквідацыі існуючага рэжыму і выхаду Румыніі з блока фаш. дзяржаў, створаны Ваен.к-т. Кансалідацыя партый спрыяла прыцягненню да барацьбы значных паліт. сіл краіны: ствараліся патрыят. атрады, вялася адпаведная работа ў арміі. Вызваленчая барацьба актывізавалася пасля паспяхова праведзенай Чырв. Арміяй Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. 23.8.1944 паўстанцы выступілі адкрыта. Кароль Міхай падтрымаў паўстанне і санкцыяніраваў арышт дыктатара Антанеску 24 жн. Румынія спыніла ваен. дзеянні супраць антыгітлераўскай кааліцыі, атрады паўстанцаў і армейскія часці распачалі ваен. дзеянні супраць ням. войск у Бухарэсце, у даліне Прахавы і інш. раёнах. З уступленнем у Бухарэст Чырв. Арміі (31 жн.) паўстанне канчаткова перамагло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,
«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.Тусакоўскі, М.Ладыжанскі, М.Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай ў 1862 Балакіравым і Г.Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к.» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус.рэв.дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.Глінкі, А.Даргамыжскага, яны развівалі нац.муз. стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф, фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус.муз. культуры.
Літ.:
Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІФЕ́СТ 17 КАСТРЫ́ЧНІКА 1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», маніфест рас. імператара Мікалая II ад 30 (17 па старым стылі) кастр. 1905. Выдадзены (тэкст падрыхтаваны С.Ю.Вітэ) у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад націскам Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Абяцаў насельніцтву «непахісныя асновы грамадзянскай свабоды», у т. л. недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў і саюзаў, амністыю паліт. вязням, пашырэнне выбарчага права ў Дзярж. думу. Абвяшчэнне М. суправаджалася масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі ў многіх гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Віцебску, Полацку, Мінску (расстраляны войскамі, гл.Курлоўскі расстрэл 1905). Выданне маніфеста і акты новага рас. ўрада (паліт. амністыя, адмена папярэдняй цэнзуры друку і інш.) упершыню ў гісторыі Расіі стварылі перадумовы для легальнай паліт. дзейнасці. Ліберальная апазіцыя (прадпрымальнікі, памешчыкі, чыноўнікі, б.ч. інтэлігенцыі) палічыла мэты рэвалюцыі ў асн. дасягнутымі і пачала арыентавацца на заканадаўчую дзейнасць у Думе. Завяршылася фарміраванне партый канстытуцыйных дэмакратаў, «Саюз 17 кастрычніка» (гл.Акцябрысты) і інш. Левыя паліт. сілы (бальшавікі, эсэры, анархісты) выступалі за працяг рэвалюцыі да поўнай ліквідацыі самадзяржаўя і феад. перажыткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ САЦЫЯ́Л ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ ГУРТКІ́,
першыя на Беларусі гурткі, якія пачалі прапаганду марксізму сярод рабочых. Узніклі ў 1884—85 па ініцыятыве Э.А.Абрамовіча і І.А.Гурвіча. Летам 1886 у гуртках займаліся каля 130 рабочых. Праграма заняткаў была разлічана на 3 гады. У гуртках 1-й ступені малапісьменныя рабочыя атрымлівалі агульнаадук. падрыхтоўку. 2-я ступень прадугледжвала выхаванне ў слухачоў матэрыяліст. разумення гіст. развіцця прыроды і чалавецтва. На 3-й ступені вывучалі асновы тэорыі Маркса. Мэтай гурткоў была падрыхтоўка з рабочых кадраў прапагандыстаў. З-за строгай канспірацыі гурткоўцы не вялі масавай агітацыі сярод рабочых, не ўдзельнічалі ў іх выступленнях і сутычках. На першым часе прапагандысты цесна супрацоўнічалі з мінскімі народніцкімі гурткамі, выдавалі з імі л-ру, стварылі падп. пашпартнае бюро і інш. У 1887 большасць прапагандыстаў прыняла с.-д. праграму. Пасля шматлікіх арыштаў у вер. 1889 гурткі распаліся, але да сярэдзіны 1890-х г. узніклі новыя гурткі пад кіраўніцтвам Я.Гурвіч, П.Бермана, І.Цёўміна, С.Трусевіча. З іх дзейнасцю звязаны пачатак пераходу сацыял-дэмакратаў Мінска ад гуртковай прапаганды марксізму да масавай агітацыі сярод рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЮБІ́НСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (17.9.1864, г. Вінніца, Украіна — 25.4.1913),
украінскі пісьменнік. Скончыў Шаргарадскае духоўнае вучылішча (1880). Друкаваўся з 1890. Яго грамадска-паліт. і эстэт. погляды фарміраваліся пад уплывам народніцтва і рэв.дэмакратаў. Майстар сац.-псіхал. навелы: «Папомсціўся» (1894), «На крылах песні» (1895), «Дарагою цаною» (1902, экранізацыя 1958), «Смех», «Ён ідзе!» (абедзве 1906), «Сон» (1911), «Коні не вінаватыя» (1912, экранізацыя 1957) і інш., у якіх паказаў бяспраўнасць народа, яго імкненне да волі, выступаў у абарону годнасці чалавека, сцвярджаў непазбежнасць рэв. змагання. У аповесці «Fata morgana» (ч. 1—2, 1904—10) дадзена шырокая панарама падзей рэв. 1905—07 і перыяду рэакцыі. Гуманізмам прасякнута аповесць «Цені забытых продкаў» (1912, экранізацыя 1965). Пісаў для дзяцей. Творам К. ўласцівы лірызм, паглыблены псіхалагізм, рамант. паэтызацыя вобразаў. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.Жук, В.Рагойша, Л.Салавей.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1973—75;
Бел.пер. — Нюрэнбергскае яйка. Мн., 1939;
Аповесці. Мн., 1980;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1965.
Літ.:
Иванов Л.М. Коцюбинский. М., 1956;
Калениченко Н.Л. Михайло Коцюбинський. Київ, 1984;
Кузнецов Ю.Б. Поетика прози Михайла Коцюбинського Київ, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,
плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.Страхаў, К.Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас.рэв.дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.Чарнышэўскі, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын, К.Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасць мясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.Андрэеў, В.Верасаеў, А.Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.Талстога, М.Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.Альпяровіча, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала за дэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел.нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,
збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.
Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр.навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.Ягадынскага, Ф.Князьніна, польск. паэта Ц.Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.Каліноўскага выяўлена ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.