БІЛІ́БІН (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1911, г. Сімферопаль, Украіна — 8.6.1993),

бел. дырыжор, дзеяч самадзейнага муз. мастацтва. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў ваенна-дырыжорскі ф-т Маскоўскай кансерваторыі (1942). У 1952—62 узначальваў Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца. З 1962 маст. кіраўнік Мінскай абл. нар. філармоніі пры Бел. філармоніі, у 1968—73 дырэктар Рэсп. Дома маст. самадзейнасці Белсаўпрофа.

І.Білібін. Кулікоўская бітва. 1941.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЗО́РСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1901, калі брыт. манархам стаў Эдуард VII (правіў у 1901—10), сын каралевы Вікторыі (Гановерская дынастыя) і прынца Альберта (прадстаўніка герм. дома Сакс-Кобург-Гота). Да 1917 наз. Сакс-Кобург-Гоцкая. Ва ўмовах пашырэння антыням. настрояў Георгам V [1910—36] уведзена сучасная назва. Інш. прадстаўнікі Віндзорскай дынастыі: Эдуард VIII [студз. — снеж. 1936], Георг VI [1936—52], Лізавета II [з 1952].

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРЗА́ (ад перс. амір-задэ — сын эміра, прынц),

1) у Іране тытул членаў манаршага дома (ставіцца пасля імя) або чыноўнік, сакратар (ставіцца перад імем).

2) У цюркскіх мусульманскіх народаў з 13 ст. М. (часцей варыянт мурза) наз. буйныя феадалы, кіраўнікі асобных ордаў і родаў. У бел. татар М. — прадстаўнік шляхецкага саслоўя. У некат. выпадках слова «М.» стала часткай прозвішча, напр., Мурзы-Мурзічы.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́КЦЫЯ (ад лац. sectio разразанне, раздзяленне),

1) аддзел установы, арганізацыі і пад. з пэўнай спецыялізацыяй. Напр., С. літаратуры, С. спартыўная, С. абутку ва універмагу.

2) Група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады, якая працуе над пэўным колам пытанняў.

3) У тэхніцы — частка якой-н. канструкцыі, машыны (напр., С. эл. шпуль, С. катла).

4) У архітэктуры — закончаная ячэйка жылога дома ці прамысл. будынка.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім Віцебскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.​Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв. Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.​Коласа, У.​Уладамірскага, У.​Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум. мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.

Літ.:

Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.

Т.​А.​Карповіч.

А.К.Глебаў.
А.Глебаў. Максім Горкі і Янка Купала. 1949.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЯЗО́ЎСКІ (Анатоль Пятровіч) (н. 5.2.1943, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. празаік. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1968). З 1987 дырэктар Дома літаратара, з 1989 намеснік старшыні СП Беларусі, з 1994 старшыня праўлення Бел. літ. фонду. Друкуецца з 1973. Уздымае маральна-этычныя праблемы жыцця сучасніка (кн. прозы «Пералом», «Чаканне шчасця», «ІДУ з надзеяй», усе 1981, «Горкі хлеб», 1985, п’еса «Людзі ліхалецця», 1997).

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны рознымі строфамі, аддзеленымі адна ад адной графічна (прагаламі). Напр., верш В.​Віткі «Старавер»:

Я не пішу
Верлібрам,
Грашу
Старым калібрам.
Ніколі разабрацца
Не мог я ў новай модзе,
Шчыруючы на градцы
На ўласным агародзе.
Сярод жывых не першы,
Не лепшы між памершых,
На рыфмах зубы з’еўшы,
Пісаў свае я вершы
Для дома,
Для альбома
І трохі
Для эпохі.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЖО́НАК (Арэст Васілевіч) (н. 7.5.1935, в. Падомхі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, харавы дырыжор. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963). З 1963 кіраўнік Казловіцкага нар. хору цэнтр. Дома культуры Слуцкага р-на, аднаго з лепшых самадз. хар. калектываў. Беражліва ставіцца да нар. песні, імкнецца захаваць яе ў блізкім да аўтэнтычнага выглядзе. Аўтар песень «Беларусі юбілейнай», «Наш край случанскі» і інш.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РАЎ (Абрам Ільіч) (1907, г. Магілёў — 1943),

бел. скульптар. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1929). Асн. творы (гіпс) — «Качагар», «Плытагоны», «Лён», «С.​Арджанікідзе ў разведцы і пад Барысавам» (усе 1930-я г.), праект помніка дукорскім партызанам (1940), «М.​Ю.​Лермантаў» (барэльеф, 1941). Прымаў удзел у афармленні Дома ўрада ў Мінску (1932—34), бел. павільёна на Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве (1939). Загінуў на фронце.

А.Жораў. С.​Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам. 1939.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́НДЗЯ,

катэгорыя спадчынных воінаў-наёмнікаў у сярэдневяковай Японіі. Практыкавалі адзін з відаў баявога майстэрства — «ніндзютсу» (яп. «нін» — нябачны, цярплівы і «дзютсу» — майстэрства). У час міжусобных войнаў (11—16 ст.) наймаліся яп. князямі для шпіянажу і забойства сапернікаў. Пасля аб’яднання Японіі ў пач. 17 ст. пад уладай сёгунаў з дома Такугава частка Н. выконвала паліцэйскія функцыі, частка далучылася да дэкласаваных элементаў.

Літ.:

Гвоздев С.А., Кривоносов И.В. Ниндзя: Тайны демонов ночи. Мн., 1997.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)