ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Ірына Валер’еўна) (н. 5.4.1966, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел. АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.

І.Грыгарышына. Рэтра. 1996.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ВАСІ́ЛЬКАЎНА (12 ст.),

князёўна, дачка полацкага кн. Васількі Святаславіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, праўнучка Усяслава Брачыславіча. У 1143 аддадзена замуж за Святаслава Усеваладавіча, князя чарнігаўскага, ноўгарад-северскага, вял. кн. кіеўскага (з 1177). Аказвала на мужа вял. ўплыў як пастаянная дарадчыца ў справах палітыкі. Паводле летапісу, паход 1180 Святаслаў «сдумав с княгинею своею». Выступала за стабільнасць адносін паміж Кіевам і Полацкам. Аўдавела ў 1194.

І.​А.​Масляніцына.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.​Тынтарэта, Ж.​Л.​Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.​В.​Гётэ), музыцы (К.​В.​Глюк, К.​Сен-Санс, Р.​Штраус) і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА (lētē),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка тытанаў Коя і Фебы, адна з жонак Зеўса, якая нарадзіла ад яго багоў Апалона і Артэміду. У міфах створаны вобраз Л. як маці-пакутніцы, якая ўслаўлена ў сваіх дзецях і дзякуючы ім заняла ганаровае месца сярод багоў на Алімпе. Л., Апалон і Артэміда заўсёды аднадушныя, разам змагаюцца з ворагамі, дапамагаюць траянцам у Траянскай вайне і г.д. У рым. міфалогіі Л. вядома пад імем Латона.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ХМЕТ, Сахмет («магутная»),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня вайны і пякучага сонца. Яе ўяўлялі жанчынай з галавой ільвіцы (свяшчэнная жывёла С.). Цэнтр культу — г. Мемфіс. Паводле міфаў, С. — дачка Ра (яго грознае вока), жонка Птаха (бог г. Мемфіс), маці Нефертума (бог расліннасці). Яна знішчае ворагаў Ра і Асірыса, а ў міфе аб пакаранні богам Ра чалавечага роду за грахі вынішчае людзей. Разам з тым лічылася багіняй-лекаркай і апякункай урачоў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР (Таццяна Стафанаўна) (13.4.1924, Масква — 13.6.1944),

удзельніца партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дачка венг. камуніста, удзельніка венг. рэвалюцыі 1919. У 1941 добраахвотна пайшла на фронт, разведчыца, медсястра. З жн. 1942 на тэр. Беларусі: вяла разведвальную і дыверсійную работу, распаўсюджвала сав. газеты, лістоўкі ў Мінску, здабывала зброю, боепрыпасы, медыкаменты для партызанаў. З 1943 у складзе спец. групы ў Мінскай вобласці. Загінула ў баі з карнікамі каля в. Макаўе Барысаўскага р-на.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬБЕ́РХАВА (Валберхава) Марыя Іванаўна

(7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),

руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.​Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.​Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.​Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.​Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.​Пусэна, Дж.​Цьепала, кампазітараў Г.​Шутца, А.​Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.​Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня земляробства, дачка фінікійскага цара Агенора, сястра Кадма, маці Мінаса, Сарпедона і Радаманфа. Закаханы ў Е. Зеўс пад выглядам быка выкраў яе і пераплыў на Крыт, дзе Е. стала яго жонкай. Культ Е. існаваў у Фінікіі і на Крыце. Выкраданне Е. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазапіс, рым. мазаіка, фрэскі ў Пампеях, карціны К.​Ларэна, Рафаэля, Тыцыяна і інш.).

Да арт. Еўропа. Выкраданне Еўропы. Мастак В.​А.​Сяроў. 1910.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)