ЛЕ́ЙКА (Кандрат Тодаравіч) (17.9.1860, в. Збочна Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 6.9.1921),
бел. пісьменнік. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1879). Настаўнічаў у Косаве (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). З 1884 на Украіне. З 1918 паралізаваны, жыў у г. Здалбунаў Ровенскай вобл. Вершы на бел. мове пачаў пісаць у 1883 («Песня ластаўкі», «Бусел», «Сарока»). У 1893 у Харкаве выдаў кн. «Руская азбука». З 1911 у газ. «Наша ніва» друкаваў апавяданні, п’есы, пераклады з укр. мовы. Яго прозу вызначае блізкасць да жыцця (апавяданні «Кульгавы дзядзька Раман» і «Таклюся-сухотніца», 1912; «Пан Трудоўскі», 1914). Апавяданні вылучаюцца пранікнёным лірызмам («Успамін», 1911), дабрадушным гумарам («Абмылка», 1915). У апавяд. «Панас Крэнт» (1913) паказаў вобраз кулака-крывасмока. П’еса «Снатворны мак» (асобнае выд. 1912, Вільня) на казачна-фантаст. сюжэт з расліннага і жывёльнага свету — першая спроба ў бел. л-ры стварыць драм. твор для лялечнага т-ра. У 1914 даслаў у рэдакцыю «Нашай нівы» зб. «Засеўкі» (выхаду перашкодзіла 1-я сусв. вайна). У 1921 выслаў у віленскаеБел.навук.т-ва 8 сшыткаў з апавяданнямі, вершамі, казкамі (лёс невядомы).
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
У кн.;
Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 2. 2 выд.Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія, Віленскае біскупства,
царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтр — г. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял.кн.ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр.БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.
Літ.:
Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́ЎСКІ (Ігнат Уладзіміравіч) (май 1896, Вільня — 23.4.1923),
бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.Л.Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр.нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар. жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).
Тв.:
Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд.Мн., 1993.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;
Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;
Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, рас. імперыі і БССР у 15—20 ст. Утвораны на тэр.Мінскага княства пасля яго ўключэння ў ВКЛ і пераходу пад кантроль вял. князя. Да 1565 уваходзіў у Віленскаеваяв. як гіст. адзінка. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключаны ў Мінскае ваяводства, яго тэрыторыя пашырана за кошт б. Заслаўскага і Лагожскага княстваў (паветаў), часткі Барысаўскай, Любашанскай, Свіслацкай валасцей на правым беразе р. Бярэзіна. Устаноўлена сістэма службовых асоб: кашталян, падкаморы, харунжы і інш., а таксама гродскі і земскі суды. У павет уваходзілі гарады Мінск і Барысаў, каля 45 мястэчак, з іх буйнейшыя — Беразіно-Любашанскае, Гайна, Заслаўе, Ракаў, Смалявічы. Пасля далучэння да Расіі ў 1793 павет скасаваны, у 1795 адноўлены ў меншых памерах і ўключаны ў Мінскае намесніцтва. З 12.12.1796 у Мінскай губерні, да М.п. далучаны часткі скасаваных Вілейскага і Нясвіжскага пав. Яго тэрыторыя складала каля 4,5 тыс. кв. вёрст (каля 5 тыс.км²), статус мястэчак захавалі Астрашыцкі Гарадок (Гарадок Тышкевіцкі), Бяларуч, Дубровы, Заслаўе, Івянец, Камень, Койданава, Мікалаеўшчына, Пяршай, Ракаў, Рубяжэвічы, Саламярэцкі Гарадок (Гарадок-Хмарынскі), Самахвалавічы, Свержань, Слабодка, Стоўбцы. У сярэдзіне 19 ст. ў павеце 808 сёл і вёсак, 246 засценкаў і інш. дробных паселішчаў. Насельніцтва ў 1816 было каля 92 тыс.чал., у 1857 каля 121 тыс.чал. У 1861 тэр. М.п. падзелена на воласці, пасля пераразмеркавання ў 1864—66 іх было 19, у 1898 у М.п. стала 16 валасцей. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.ч. павета (Засульская, Івянецкая, Пяршайская, Ракаўская, частка Рубяжэвіцкай і Стаўбцоўскай вол.) адышла да Польшчы. Павет скасаваны 17.7.1924, асн. яго частка ўключана ў Мінскую акругу, частка Магільнянскай вол. — у Слуцкую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Барысаўскага р-на Мінскай вобласці. За 71 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 154,8 тыс.ж. (1995).
Паводле В.М.Тацішчава, заснаваны на левым беразе Бярэзіны ў 1102 полацкім кн. Барысам Усяславічам (паводле інш. звестак — у 1032 кіеўскім кн. Яраславам Мудрым). Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1127 як горад Полацкай зямлі. У 1431 разбураны ў выніку міжусобных войнаў. У 13—18 ст. існаваў Барысаўскі замак. У 1542 уключаны ў Віленскаеваяв., уласнасць Я.Глябовіча. У 1563 горад атрымаў магдэбургскае права. З 1563 цэнтр староства (гл. ў арт.Барысаўская воласць), пасля Люблінскай уніі 1569 староства леннага ўладання князёў Агінскіх, потым Радзівілаў, у складзе Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 неаднаразова заняты рус. і швед. войскамі. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскага намесніцтва. У 1796 атрымаў гарадскі герб. У вайну 1812 акупіраваны, разрабаваны і спалены франц. войскамі (гл.Барысаўская бітва 1812). У 1871 праз Барысаў прайшла чыгунка Масква—Брэст, на правым беразе Бярэзіны ўзнікла чыг. станцыя з пас. Нова-Барысаў. У 1897 у Барысаве 15 063 ж. У 1901 і 1910 моцна пацярпеў ад пажараў. У 1910 у горадзе каля 19 тыс.ж., 32 прамысл. прадпрыемствы, 112 крам, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, некалькі пач. школ, метэастанцыя і інш. З 1914 працавала Барысаўская жаночая настаўніцкая семінарыя. У ліст. 1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918 Барысаў акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—27 — акругі. З 1938 горад абл. падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. У Вял. Айч вайну 2.7.1941 акупіраваны ням-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс.сав. грамадзян; дзейнічала Барысаўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту. У 1959 — 59,3 тыс., у 1970 — 84 тыс.ж.
У Барысаве лясная і дрэваапр.прам-сць: вытв. аб’яднанне «Барысаўдрэў», Барысаўская фабрыка піяніна, Барысаўскі лесахімічны завод, з-ды мэблевай фурнітуры, шпалапрапітны (гл. асобныя арт.). Маш.-буд. і металаапр.прам-сць: Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі інструментальны завод, Барысаўскі завод эмаліраванага посуду «Чырвоны металіст». Харч. галіна: Барысаўская макаронная фабрыка, мяса- і хлебакамбінаты, малочны і кансервавы з-ды і інш. Прадпрыемствы швейнай, хім. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці: Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод «Гуматэхніка», быт. хіміі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, палімернай тары «Паліміз» і інш.Барысаўскі хрусталёвы завод, камбінат па перапрацоўцы другаснай сыравіны, 2 з-ды жалезабетонных вырабаў, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва. Барысаўскі політэхнічны тэхнікум, мед. і пед. вучылішчы, Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей. Помнік сав. танкістам, брацкія магілы сав. воінаў і ваеннапалонных, магілы ахвяраў фашызму. Помнікі архітэктуры: касцёл (1806—23), Барысаўскі Васкрасенскі сабор, гандл. рады (1908), будынак чыг. вакзала і сінагога (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВЕ́НСТВА,
асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-тепіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус.правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).
Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскаеваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскает-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.