ЛЕ́ЙКА Кандрат Тодаравіч

(17.9.1860, в. Збочна Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 6.9.1921),

бел. пісьменнік. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1879). Настаўнічаў у Косаве (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). З 1884 на Украіне. З 1918 паралізаваны, жыў у г. Здалбунаў Ровенскай вобл. Вершы на бел. мове пачаў пісаць у 1883 («Песня ластаўкі», «Бусел», «Сарока»). У 1893 у Харкаве выдаў кн. «Руская азбука». З 1911 у газ. «Наша ніва» друкаваў апавяданні, п’есы, пераклады з укр. мовы. Яго прозу вызначае блізкасць да жыцця (апавяданні «Кульгавы дзядзька Раман» і «Таклюся-сухотніца», 1912; «Пан Трудоўскі», 1914). Апавяданні вылучаюцца пранікнёным лірызмам («Успамін», 1911), дабрадушным гумарам («Абмылка», 1915). У апавяд. «Панас Крэнт» (1913) паказаў вобраз кулака-крывасмока. П’еса «Снатворны мак» (асобнае выд. 1912, Вільня) на казачна-фантаст. сюжэт з расліннага і жывёльнага свету — першая спроба ў бел. л-ры стварыць драм. твор для лялечнага т-ра. У 1914 даслаў у рэдакцыю «Нашай нівы» зб. «Засеўкі» (выхаду перашкодзіла 1-я сусв. вайна). У 1921 выслаў у віленскае Бел. навук. т-ва 8 сшыткаў з апавяданнямі, вершамі, казкамі (лёс невядомы).

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

У кн.;

Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.

Літ.:

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 2. 2 выд. Мн., 1989.

І.У.Саламевіч.

К.Т.Лейка.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)