АЎТАЖЫ́Р (франц. autogyre ад грэч. autos сам + gyros круг),

вінтакрылы лятальны апарат, цяжэйшы за паветра, папярэднік верталёта. Выкарыстоўвалі аўтажыр для сувязі, разведкі, карэкціроўкі артыл. агню і інш. Вынаходнік аўтажыра — іспанскі інж. Хуан дэ ла Сіерва (1922). У б. СССР будаваліся ў 1929—40.

Пад’ёмная сіла аўтажыра стваралася нясучым вінтом-ротарам, што знаходзіўся на верт. восі і свабодна круціўся ў гарыз. плоскасці пад дзеяннем патоку паветра. Цягу для гарыз. палёту забяспечваў самалётны вінт, аўтажыр не меў патрэбы ў вял. узлётнай (пасадачнай) скорасці і даўжыні разбегу, не зрываўся ў штопар. Выцеснены верталётамі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭДА́Л І ІКА́Р,

персанажы старажытнагрэчаскай міфалогіі. Дэдал — выдатны вынаходнік, механік, будаўнік, скульптар. Ікар — яго сын. Паводле міфа, Дэдал па загадзе крыцкага цара Мінаса пабудаваў лабірынт для Мінатаўра і дапамог Арыядне вызваліць з лабірынта Тэсея, за што разам з Ікарам быў зняволены. Д. і І. зрабілі з пер’я і воску крылы, бацька даляцеў да Сіцыліі, а сын занадта наблізіўся да сонца, воск на крылах растапіўся, Ікар зваліўся ў мора і загінуў. Вобраз Ікара, чалавека, які ўзляцеў да сонца, часта выкарыстоўваецца ў л-ры, выяўл. мастацтве, музыцы.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́ВА-ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Міхаіл Восіпавіч) (2.1.1862, С.-Пецярбург — 15.11.1919),

расійскі інжынер-вынаходнік у галіне электратэхнікі. Скончыў Дармштацкае вышэйшае тэхн. вучылішча (1884, Германія). Працаваў на электратэхн. з-дах у Германіі. Стварыў асн. часткі сістэмы трохфазнага току: генератар з вярчальным магнітным полем (1888), асінхронны электрарухавік (1889), трансфарматар (1890), сканструяваў фазометр, дзельнік напружання, пускавыя рэастаты і інш. электравымяральныя прылады. Упершыню ажыццявіў перадачу эл. энергіі трохфазнага пераменнага току на адлегласць (каля 170 км; 1891).

Тв.:

Избр. труды (о трехфазном токе). М.; Л., 1948.

Літ.:

Веселовский О.Н. Доливо-Добровольский. М., 1963.

М.В.Даліва-Дабравольскі.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУКО́ВІЧ (Яўген Ігнатавіч) (н. 22.8. 1946, в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі металаў. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Засл. вынаходнік Беларусі (1992). Скончыў БПІ (1969). З 1971 у Ін-це тэхналогіі металаў Нац. АН Беларусі (з 1998 дырэктар). Навук. працы па тэорыі ліцейных працэсаў. Устанавіў заканамернасці комплекснага ўплыву розных фактараў на структуру і якасць літых вырабаў, атрыманых ва ўмовах накіраванага зацвердзявання. Распрацаваў прамысл. тэхналогію бесперапыннага ліцця. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Состояние и проблемы процесса непрерывного литья // Литейное производство. 1990. № 1.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛЬГУ́Й (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 11.11.1933, в. Дубрава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прыкладной фізікі. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1995). Засл. вынаходнік Беларусі (1990). Скончыў БДУ (1956). З 1961 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1970 заг. лабараторыі). Навук. працы па ўзаемасувязі магн. і мех. уласцівасцей ферамагн. матэрыялаў, магн. метадах і сродках кантролю якасці вырабаў. Распрацаваў фіз. асновы імпульснага метаду кантролю мех. уласцівасцей вырабаў з ферамагн. сталей. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980.

М.​П.​Савік.

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́БІН (Іван Пятровіч) (21.4.1735, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 11.8.1818),

расійскі механік-самавучка і вынаходнік. У 1764—67 сканструяваў гадзіннік у форме яйца са складаным механізмам аўтам. дзеяння. У 1769—1801 кіраваў мех. майстэрнямі Пецярб. АН. Стварыў «люстраны ліхтар» (прататып пражэктара), «планетны» кішэнны гадзіннік, цялежку-самакат, «мех. ногі» (пратэзы), ліфт, аптычны тэлеграф і код для перадачы паведамленняў і інш. Распрацаваў спосабы шліфавання шкла для мікраскопаў, тэлескопаў і да т.п. прылад. У 1776 пабудаваў мадэль аднаарачнага моста з фермамі цераз р. Нява, у 1804 у г. Ніжні Ноўгарад — «вадаходнае судна», якое магло рухацца супраць цячэння.

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВУ́ЦКІ (Васіль Іванавіч) (н. 6.12.1938, в. Колкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ваен. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1988). Вынаходнік СССР (1984). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча (1959). З 1962 у Мінскім вышэйшым інж. зенітна-ракетным вучылішчы ППА (у 1976—82 нач. кафедры, з 1982 нам. нач. вучылішча). Навук. працы па аналізе і сінтэзе складаных сістэм ваен. прызначэння. Аўтар навуч. дапаможнікаў.

Тв.:

Основы устройства и эксплуатации пункта управления и целераспределения. М., 1983;

Устройство и эксплуатация средств управления системой. М., 1992.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́Т (сапр. Болтач) Валянцін Уладзіміравіч

(н. 7.10.1938, в. Вострава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1974). Працаваў журналістам, на парт. рабоце. З 1987 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1960. У аповесці «Час прылёту журавоў» (1978) паказвае няпростыя пошукі ісціны, актыўную жыццёвую пазіцыю нашых сучаснікаў. Складаныя працэсы ў сучасных горадзе і вёсцы раскрывае ў аповесцях «Адчай» (1979), «Вяселле ў Беражках» (1980), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка фартуны» (1982), і інш. Яго цікавяць праблемы духоўнай спадчыны, асабістай адказнасці чалавека перад сабой і сваім часам. Аўтар зб. гумарыст. апавяданняў «Вынаходнік» (1974).

Тв.:

Вырай. Мн., 1986;

Аповесці. Мн., 1988.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЭ́ (Альфрэд Львовіч) (н. 8.9.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне цепла- і масаабмену. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1992). Засл. вынаходнік СССР (1978). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. вучылішча (Ленінград, 1956). З 1959 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН Беларусі (з 1990 заг. лабараторыі). Навук. працы па плазменным абсталяванні і плазменных тэхналогіях. Распрацаваў плазменны рэактар з шматструменнай камерай змешвання і тэхналогію перапрацоўкі таксічных, радыеактыўных і быт. адходаў.

Тв.:

Применение низкотемпературной плазмы в технологии неорганических веществ. Мн., 1973 (разам з У.​В.​Пячкоўскім);

Обработка дисперсных материалов в плазменных реакторах. Мн., 1980 (разам з І.​С.​Буравым).

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДЗІН (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 20.12.1939, с. Аксаур Інзенскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі і бяспекі чыг. транспарту. Канд. тэхн. н. (1972), праф. (1993). Вынаходнік СССР (1973), Ганаровы чыгуначнік (1993). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1962). З 1972 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (у 1977—87 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі і метадах кіравання бяспекай тэхн., у т. л. транспартных сістэм, аўтаматызацыі станцыйных працэсаў, тэхн. абслугоўванні сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі на сартавальных горках.

Тв.:

Механизация и автоматизация станционных процессов. М., 1985;

Техническое обслуживание горочных устройств. М., 1989 (разам з Я.​У.​Шчарбаковым);

Безопасность функционирования горочных устройств. М., 1994.

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)