МА́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,

наступальная аперацыя сав. войск Зах. фронту 14 мая — 8 чэрв. ў савецка-польскую вайну 1920. Праводзілася ва ўмовах, калі польск. войскі ў ходзе красавіцкага наступлення прасунуліся на 200 км на Украіне і занялі Кіеў. На пачатак аперацыі ў склад Зах. фронту (камандуючы М.​М.​Тухачэўскі) уваходзілі: Паўн. група, 15-я і 16-я арміі, якія налічвалі 75 тыс. штыкоў, 5 тыс. шабляў, 459 гармат, 1935 кулямётаў, 10 бронепаяздоў, 15 бронеаўтамабіляў і 67 самалётаў. Польскія войскі Паўн.-Усх. фронту (камандуючы ген. С.​Шаптыцкі) складаліся з 1-й і 4-й армій, мелі 52 тыс. штыкоў, 5,5 тыс. шабляў, 340 гармат, 1440 кулямётаў, 10 бронепаяздоў і 46 самалётаў. З-за цяжкага становішча, якое склалася ў выніку наступлення польскіх войск на Украіне, Зах. фронт пачаў М.а. без дастатковай падрыхтоўкі. 14 мая войскі 15-й арміі перайшлі ў наступленне на Віленскім напрамку, прарвалі абарону праціўніка і 16 мая выйшлі на рубеж Дзісна—Зябкі—воз. Шо — воз. Манец. Вылучаная 15 мая з 15-й арміі Паўд. група 16 мая выйшла на лінію Пышна—Лепель—Стайск. Войскі Паўн. групы фарсіравалі Зах. Дзвіну на ўчастку Полацк—Дзісна і занялі плацдарм на левым беразе ракі. З 14 па 18 мая войскі правага фланга і цэнтра прасунуліся ўглыб на 70—80 км, левага — на 50 км. Аднак наступленне не атрымала далейшага развіцця з-за адсутнасці рэзерваў. Польскае камандаванне перакінула з іншых участкаў фронту дадатковыя сілы і да 31 мая спыніла прасоўванне сав. войск. У выніку М.а. на Зах. фронце лінія фронту скарацілася на 60 км у раёне Лепеля, расшыраны Полацкі плацдарм на левым беразе Зах. Дзвіны. М.а. дапамагла Паўд.-Зах. фронту: адцягнула частку сіл з Кіеўскага напрамку, дала магчымасць падрыхтаваць контрнаступленне на Кіеў (пачалося 20 мая) і вызваліць яго (12 чэрв.).

П.​А.​Селіванаў.

т. 9, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.​Чапек у 1920 як назву мех. людзей),

аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш. тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.

Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл. Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн. тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.

Літ.:

Геттнер Р, Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;

Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр. М., 1985;

Попов Е.П., Медведев В.С. Роботы и ЭВМ. М., 1985;

Черноусько Ф.Л., Болотник Н.Н., Градецкий В.Г. Манипуляционные роботы: Динамика, управление, оптимизация. М., 1989;

Скотт П. Промышленные роботы — переворот в производстве: Пер. с англ. М., 1987;

Промышленные роботы в действии. Мн., 1986;

Мехатроника: Пер. с яп. М., 1988;

Манипуляционные системы роботов. М., 1989;

Вукобратович М., Стокич Д., Кирчански Н. Неадаптивное и адаптивное управление манипуляционными роботами: Пер. с англ. М., 1989;

Егоров Ю.Н. Системы привода роботов. Л., 1982.

А.​В.​Самойленка, К.​В.​Плюгачоў.

Робат: 1 — функцыянальныя магчымасці робата, адпаведныя аналагічным магчымасцям чалавека; 2 — схема прамысловага робата; 3 — падводны робат на аперацыі з трубаправодам.

т. 13, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІЯ,

княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаўкн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛ Гедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.

Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял. кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст. Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял. кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (?—?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).

Л.​Р.​Казлоў, А.​М.​Нарбут.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз. танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз. танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.

У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв. гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп. — Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз. танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз. танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз. танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.​Волкаў. 1946—55.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.​Буш, з 28 чэрв. В.​Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.​Х.​Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.​Ф.​Захараў), 3-і (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.​Я.​Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.​К.​Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.​М.​Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.​А.​Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНІЦТВА,

грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.​А.​Колінз, Д.​Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.​Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.​Калонтай, С.​Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.

Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.​Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.​Рычардсан, Дж.​Свіфт, Г.​Філдынг, Т.​Дж.​Смолет, Р.​Б.​Шэрыдан (Англія); А.​М.​Радзішчаў, А.​С.​Пушкін, А.​І.​Герцэн, М.​Я.​Салтыкоў-Шчадрын, І.​С.​Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.​Н.​Леду, жывапісцаў Ж.​Л.​Давіда і Ж.​Б.​Гроз (Францыя), У.​Хогарта (Англія), Д.​Н.​Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.

На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.​Барановіч, Г.​Каніскі, Ф.​Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.​Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.​Папроцкага. А.​Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.​Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.​Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.​Паўлікоўскага, Д.​Пільхоўскага, І.​Яленскага, Я.​Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.​Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.​Карчэўскі, А.​Маркевіч, М.​Ачапоўскі, П.​Славінскі, С.​Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.​Калонтай, Я.​Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.​Жылібер, Г.​Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.​Снядэцкі, І.​Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.​Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.​Сакольскі, А.​Зміеў, С.​Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.

Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.​Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.​Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.​Галянскі, І.​Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.​Снядэцкі, А.​Доўгірд, Е.​Славацкі, Л.​Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап. маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).

Літ.:

Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;

Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;

Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)