ФІДЭІ́ЗМ (франц. fidéisme ад лац. fides вера),

рэлігійнае вучэнне, якое абвяшчае прыярытэт веры над розумам, рэліг. пазнання над навук. ведамі. Фідэісты лічаць, што толькі рэліг. вера дае сапраўднае тлумачэнне прынцыпам светабудовы і надае чалавечаму жыццю сэнс і мэту, бо навук. пазнанне абмяжоўваецца аналізам пачуццёва ўспрымальных фактаў і не разглядае звышнатуральныя з’явы.

Найб. яркі прадстаўнік Ф. — Аўгусцін, які прытрымліваўся прынцыпу «без веры няма ведаў, няма ісціны». Паводле аўгусцініянства, ісціна цалкам змешчана ў адкрыцці, што выкладзена ў Бібліі, і не патрабуе навук. доказаў. Фама Аквінскі абвясціў прынцып гармоніі веры і розуму, рэлігіі і навук. ведаў, выступаў за іх узаемнае дапаўненне і лічыў, што навук. пазнанне толькі садзейнічае рацыянальнаму абгрунтаванню рэліг. догматаў. Супраць спроб рацыянальнага абгрунтавання веры выступаў М.Лютэр, які імкнуўся вызваліць хрысціянства ад схаластычнага рацыяналізму. Вытокі правасл. Ф. — у вучэннях візант. багасловаў Грыгорыя Паламы, Грыгорыя Сінаіта і інш., якія гал. сродкамі пазнання божай ісціны прызнавалі малітоўнае сузіранне, містычнае азарэнне, аскетычны подзвіг. У.С.Салаўёў лічыў, што правасл. тэалогія павінна развівацца ў выглядзе «цэльных ведаў», якія спалучаюць сузіральна-рэліг. містычнае пазнанне з навук. эмпірычным і рацыянальным філасофскім; на яго думку, эмпірычнае пазнанне раскрывае знешні бок рэчаў, рацыянальнае — магчымасці самога мыслення, але абсалютная ісціна даступна толькі рэліг. пазнанню. У 20 ст. элементы Ф. характэрны для персаналізму, неатамізму і рэліг. экзістэнцыялізму, таксама для тэалагічных канцэпцый хрысціянства і інш. рэлігій, якія выступаюць супраць разумення навукі як адзінай крыніцы пазнання ісціны, але не адмаўляюць яе ролю, імкнуцца даказаць яе сумяшчальнасць з рэлігіяй.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)