І́ВЕРС (Анатоль) (сапр. Міско Іван Дарафеевіч; н. 15.5.1912, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі выключаўся з Віленскай, Клецкай, Навагрудскай бел. гімназій. З вер. 1939 да чэрв. 1941 літработнік слонімскай раённай газ. «Вольная праца». У Вял. Айч. вайну падпольшчык, партызан, у крас.—ліст. 1943 сакратар Слонімскага міжраённага антыфаш. к-та. Выпускаў падп. газ. «Барацьба», лістоўкі. У 1949—66 працаваў на смалакурні, лесахімзаводзе. З 1966 на журналісцкай рабоце ў Слоніме. У 1976—84 адказны сакратар слонімскага раённага аддзялення Т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры. Друкуецца з 1934. У першым зб. «Песні на загонах» (1939) шчыры лірызм, рамант. матывы свабодалюбства, вернасці роднаму краю. У пасляваен. творах памяць пра суровыя дні перажытага, тэмы адданасці Бацькаўшчыне, красы бел. прыроды. Аўтар «Паэмы пра камсамольца Валодзю Бялько» (1964), успамінаў пра В.​Таўлая («Пасылка Валянціна Таўлая», 1976), Г.​Леўчыка («Далёкі ўспамін», 1980), Я.​Купалу («Ён адкрыў мне Беларусь», 1981), І.​Дварчаніна, пра часы змагання ў Зах. Беларусі, падп. антыфаш. дзейнасць у вайну.

Тв.:

З пройдзеных дарог. Мн., 1970;

Жыву ў бацькоўскім краі. Мн., 1982;

Я пайшоў бы ўслед за летам... Мн., 1987;

Прыдарожныя сосны. Слонім, 1995.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 262—268;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7;

Лойка А. «Хачу не проста жыць...» // Лойка А. Выбр. тв. Мн., 1992. Т. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́ЎКА,

від літаратуры і сродак масавай інфармацыі, актуальны паводле зместу і аператыўны ў распаўсюджванні. Выдаецца эпізадычна з мэтай агітацыйна-паліт., ідэалаг.-выхаваўчага і інфарм.-арыентацыйнага ўплыву на шырокія слаі грамадства, адлюстравання актуальных падзей і з’яў свайго часу. Выконваецца ў выглядзе друкаванага або рукапіснага тэксту на аркушах паперы пераважна малых памераў. Тэкст можа быць арыгінальны (адозвы, аб’явы) ці запазычаны з інш. крыніц (афіц. дакументы, маст. творы).

Л. — адна з форм масавай рэв. прапаганды. Папярэднікі рэв. Л. — рукапісныя пісьмы і граматы з заклікамі да паўстанняў. Л. выпускалі Вольная рус. друкарня ў Лондане, народніцкія арг-цыі, першыя рабочыя гурткі, Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». На Беларусі рукапісныя Л. вядомы з 17 ст. У форме зваротаў выдаваліся ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у вайну 1812, у час паўстання 1863—64; у выглядзе Л. друкавалася газ. «Мужыцкая праўда». Шырока выкарыстоўваліся Л. ў час рэв. 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, герм. і польск. акупацыі ў 1918—20. У Вял. Айч. вайну Л. на тэр. Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, парт.-дзярж структуры з-за лініі фронту. Герм. акупац. ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысав. Л. на бел., рус., польск. і ням. мовах.

Л. — важны сродак масавай інфармацыі і цяпер. Яны выкарыстоўваюцца паліт. партыямі і рухамі Беларусі ў час выбарчых кампаній і падрыхтоўкі рэферэндумаў, у рэкламных мэтах.

В.​І.​Ермаловіч.

Лістоўка мінскіх падпольшчыкаў, надрукаваная 18.10.1942.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял. Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.​Купалу, Г.​Леўчыка, І.​Стаброўскага, Я.​Карскага, ген. Я.​Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.​Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.​Абрамовіча і Р.​Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.​Пушкіна, «Першага вінакура» Л.​Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.

Літ.:

Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;

Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),

орган паліт. прадстаўніцтва бел. нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.​А.​Скірмунт (старшыня), П.​П.​Аляксюк, У.​С.​Фальскі (нам. старшыні), Б.​А.​Тарашкевіч (сакратар), Л.​Заяц (скарбнік), А.​А.​Смоліч, Э.​А.​Будзька, В.​Гадлеўскі, Я.​С.​Канчар, І.​І.​Краскоўскі, А.​Л.​Бурбіс, К.​К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.​Г.​Шантыр, М.​С.​Кахановіч, В.​Л.​Іваноўскі, Л.​І.​Дубейкаўскі, З.​Х.​Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднак паліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.​В.​Багдановіча і Я.​Л.​Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-ва бел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ. «Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-ва бел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, У.​Жылкі, К.​Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.​Луцкевіча, А.​Астрамовіча, П.​Крачэўскага, А.​Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.​Гогаля, М.​Горкага, М.​Зошчанкі, А.​Купрына, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Л.​Талстога, Г.​Сянкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;

Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.

А.​М.​Гесь.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),

бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад. АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ. «Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ. «Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел. нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-т Цэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз. чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНК БССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.

Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.​Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб. маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел. нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел. дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).

Тв.:

Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;

Творы: Апавяданні, казкі, арт. Мн., 1994;

Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.

Літ.:

Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;

Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;

Яго ж. «Жывіце без мяне...» // Полымя. 1992. № 1.

А.​Ф.​Мяснікоў.

Я.Ю.Лёсік.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВА́РЫЯ (Bayern),

зямля (адм. адзінка) на Пд ФРГ. Пл. 70,6 тыс. км². 11,9 млн. чал.(1994). Адм. ц. — г. Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль уся тэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.

Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у т. л. вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр. прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.

Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл. Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.

Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМКЕ́ВІЧ (Рамуальд Аляксандравіч) (7.2.1881, Варшава — 1943 ці 1944),

бел. бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык бел. л-ры, краязнавец, перакладчык. Бацькі родам са Случчыны. Збіраў матэрыялы па гісторыі бел. л-ры і культуры, працаваў у б-ках і архівах Варшавы, Львова, Раперсвіля (Швейцарыя). Жывучы пераважна ў Варшаве, шмат ездзіў, у т. л. па Беларусі. Быў звязаны з бел. нац.-культ. рухам. У 1908 рабіў фальклорна-этнагр. запісы на Барысаўшчыне, у 1913—14 шукаў гісторыка-літ. матэрыялы на Магілёўшчыне. Сабраў калекцыю бел. нар. адзення (у 1918 немцы вывезлі ў Берлін). У 1915—17 жыў у Мінску, працаваў ваен. інжынерам. Часта бываў у Вільні і Пецярбургу як цэнтрах бел. грамадска-культ. руху і выдавецкай справы. Сабраў унікальную б-ку па гісторыі, мовазнаўстве, л-ры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш., вял. калекцыю рукапісаў бел. пісьменнікаў (А.​Рыпінскага, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча. Ядвігіна Ш., Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, аўтараў «Нашай долі» і «Нашай нівы» і інш.). Даследаваў бел. бібліяграфію, стараж. бел. л-ру, л-ру 19 ст., этнаграфію, бел. нар. эстэтыку, фальклор, мастацтва. У працах па гісторыі бел. л-ры прывёў невядомыя на той час звесткі пра Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Баршчэўскага, А.​Кіркора, А.​Ельскага, Лучыну, К.​Каганца, Багдановіча і інш., апублікаваў невядомыя іх рукапісы. У 1919 у час. «Беларускае жыццё» (№ 5) упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В.​Цяпінскага 1576, адшуканы ў б-цы К.​Святаполк-Завадскага ў Крошыне. Памагаў матэрыяламі і звесткамі Я.​Карскаму, абменьваўся навук. інфармацыяй з Ельскім, А.​Шлюбскім, даваў свае архіўныя знаходкі, рукапісы і ўспаміны варшаўскаму славісту Ю.​Галомбаку, калі той працаваў над манаграфіяй пра Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў вершы і па-польску. Перакладаў на бел. мову творы ўкр. пісьменніка В.​Стафаніка і франц. А.​Дадэ. У час Вял. Айч. вайны трапіў у гестапа і загінуў у канцлагеры. Рукапісы і лісты З. зберагаюцца ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Варшавы, С.-Пецярбурга і інш.

Тв.:

Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік XIX ст. Вільня. 1911;

Адам Ганоры Кіркор: (Біягр.-бібліягр. нарыс у 25-летнюю гадаўшчыну смерці). Вільня, 1911;

Цукраварні на Беларусі. [Мн.], 1918;

Беларуская бібліяграфія: Бел. кнігі XVI—XVIII стст. // Першы беларускі каляндар «Нашае нівы» на 1910 г. Вільня, 1910;

Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне // Наша ніва. 1910. 25 лістап.;

400-лецце беларускага друку // Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.;

Значэнне Францішка Скарыны ў беларускай культуры // Там жа. 11 жн.;

Друк Скарыны і друк сучасны // Там жа. 23 жн.;

Няміга і Менск. Старая беларуская пісьменнасць // Варта. 1918. № 1;

Васіль Цяпінскі // Бел. жыццё. 1919. 14 ліп.;

Стары замак у Менску // Беларусь. 1919. 14—15 лістап.;

Станіслаў Манюшка і беларусы // Бел. жыццё. 1920. 19 студз.;

Гутаркі аб беларускай літаратуры // Новае жыццё. 1923. 3 сак.; Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча // Заходняя Беларусь. Вільня, 1924; Аб беларускай народнай эстэтыцы // Маладняк. 1927. № 3; Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго няведамыя вершы // Нёман. 1932. № 2; Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964; Стары Мінск у беларускіх успамінах // Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ТА,

друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт. эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г. афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц. царк. «Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.​Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).

У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.

У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл. «Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл. «Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл. «Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл. «Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл. «Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс. экз.

У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл. Заходнебеларускі друк).

У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл. Друк акупацыйны ў гады Вял. Айч. вайны).

Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл. «Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн. экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.

Літ.:

Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: Библиогр. указ. Мн., 1960;

Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;

Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. / Склад. В.​С.​Адамовіч. Мн., 1975;

Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;

Газеты Беларускай ССР. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

С.​В.​Говін.

Сучасныя беларускія газеты.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТУРГІ́Я (грэч. dramaturgia),

сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).

Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.

Новая бел. прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.​Сыракомля, П.​Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.​Марцінкевіч, А.​Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.​Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.​Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.​Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.​Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.

У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.​Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.​Аляхновіча, «Антось Лата» Я.​Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.​Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.​Гартны, М.​Грамыка, М.​Чарот, В.​Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «На Купалле» М.​Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр. рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.​Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.​Рамановіча, «Гута» Р.​Кобеца, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна.

У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.​Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.​Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.​Крапівы («Партызаны»), П.​Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.​Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.​Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.​Крапіва, Рамановіч, А.​Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.​Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Марат Казей» В.​Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.​Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.​Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.​Глебкі, Маўзона, П.​Васілеўскага, І.​Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.​Козела «Папараць-кветка».

1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.​Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.​Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.​Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.​Дзялендзік, А.​Асташонак, У.​Бутрамееў, Г.​Марчук, В.​Ткачоў, А.​Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.​Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.​Кавалёў, З.​Дудзюк, І.​Сідарук, А.​Дыбча, У.​Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.

З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-р бел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.

Літ.:

Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990;

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;

Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;

Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;

Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;

Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;

Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;

Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;

Васючэнка П.В. Драматургія і час. Мн., 1991;

Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр. Мн., 1967.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)