ГОЛ, Голь (Goll) Іван
[сапр. Ланг (Lang) Ісаак; 29.3.1891, г. Сен-Дзье, Францыя — 14.3.1950],
нямецкі і французскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Панамскі канал» (1912) стаў буйной з’явай ням. экспрэсіянізму. З 1914 у Швейцарыі, дзе выдаў кнігі супраць вайны («Інтэрнацыянальныя элегіі», 1915, «Пекла», 1919, і інш.). З 1919 жыў у Францыі, стаў прыхільнікам сюррэалізму. Яго «звышдрамы», напісаныя ў гратэскна-футурыстычнай манеры («Мафусаіл, або Вечны буржуа», 1922, і інш.) прадугадалі сучасны тэатр абсурду. Аўтар трылогіі «Песні пра каханне» (1925—27, разам з жонкай К.Гол), цыкла вершаў на ням. і франц. мовах «Песня пра Іаана Беззямельнага» (1934—44). У 1939—47 жыў у ЗША.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Сумерки человечества. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ (Апалон Апалонавіч) (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),
рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш. Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».
Літ.:
Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.
т. 8, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЎКО́ (Генадзь Якаўлевіч) (1.5.1932, в. Варонічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 21.8.1979),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Калгасная праўда», час. «Вожык», «Беларусь», з 1973 нам. гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1950. У зб-ках вершаў і паэм «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), «Прыстань» (1974) і інш. апяванне красы жыцця, маладосці, шчырая захопленасць роднымі краявідамі. Творы адметныя філасафічнасцю, канкрэтнасцю сюжэтнай пабудовы, маст. праўдзівасцю вобразаў. Аўтар гумарыстычных вершаў і мініяцюр (зб-кі «Лайдак і кнопкі», 1964; «Каб не сурочыць», «Што праўда, то не грэх...», абодва 1971), твораў для дзяцей.
Тв.:
Плуг: Вершы і паэмы. Мн., 1978;
Падкова над парогам: Выбр. паэзія. Мн., 1979;
Вязьмо: Вершы, паэмы. Мн., 1984.
У.В.Гніламёдаў.
т. 8, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКІ́ТЭ (Merkyte, Меркіс),
Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявежскага пав., Літва — 14.9.1938), літоўская пісьменніца. У 1921—24 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. Друкавалася з 1921. Пісала на літ. і бел. мовах. З 1925 жыла і працавала на Беларусі. Супрацоўнічала ў газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1929—33 працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». У 1937 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Юнацтва на маршы» (1936, дапоўненае выд. 1961), незакончанага рамана «Барацьба працягваецца», шматлікіх вершаў, нарысаў, апавяданняў пра жыццё і лёс бел. і літ. народаў, прасякнутых тугой па бацькоўскім краі і ўдзячнасцю да бел. зямлі і народа.
Літ.:
Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970.
А.В.Мальдзіс.
т. 11, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД ((Raud) Март) (14.9.1903, Айду, Эстонія — 6.7.1980),
эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Вучыўся ў Тартускім ун-це (1924—25). Друкаваўся з 1919. Першы зб. вершаў — «Міражы» (1924). У раманах «Сякера і месяц» (1935), «Кірмаш» (1937) крах рамант. свядомасці людзей мастацтва ў сутыкненні з прагматызмам тагачаснага грамадства. Аўтар зб-каў вершаў «Далёкі круг» (1935), «Новыя масты» (1945), «Усе дарогі» (1953), «Залатая восень» (1966), «Які адыходзіць» (1978), зб. навел «Твар у твар» (1959), вершаванай п’есы «Летняя ноч наяве» (паст. 1962), паэм, балад, баек і інш. На бел. мову яго асобныя навелы пераклаў А.Кулакоўскі, вершы — А.Разанаў, Я.Семяжон.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1957;
Каменистые борозды. М., 1970.
т. 13, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫРА́Й (1831, с. Урахі, Дагестан — 1910),
даргінскі паэт. Адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў дагестанскай л-ры. Аўтар цыклаў вершаў-песень «Пра жыццё», «Пра героя», «Пра каханне» (выд. 1928). Стварыў вобразы мужных людзей, выступіў у абарону бяспраўнай жанчыны.
т. 2, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАКО́ЛЬСКІ (Павел Рыгоравіч) (1.7.1896, С.-Пецярбург — 9.10.1978),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Быў рэжысёрам у тэатры імя Я.Вахтангава. Першая кніга вершаў выйшла ў 1922. Імкненне да гіст. абагульненняў вызначаюць зб-кі «Захад» (1926), «Трэццяя кніга» (1927), паэмы «Рабесп’ер і Гаргона» (1928), «Камуна 1871 года» (1933), «Франсуа Віён» (1934). Сав. рэчаіснасці прысвечаны паэмы «Чкалаў» (1942), «Сын» (1943, Дзярж. прэмія СССР, 1946), «У завулку за Арбатам» (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Дзесяць гадоў» (1953), «Пра Пушкіна» (1960; вершы, пераклады, артыкулы), «Чацвёртае вымярэнне» (1964), «Аповесць мінулых гадоў» (1969). Пісаў літ.крытычныя артыкулы, нарысы.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4. М., 1971—73. Бел. пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;
Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
т. 1, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЕНКЛЕВЕР, Хазенклевер (Hasenclever) Вальтэр (8.7.1890, г. Ахен, Германія — 21.6.1940), нямецкі паэт і драматург. Вывучаў л-ру і філасофію ў Оксфардзе і Лазане. У 1933 эмігрыраваў у Францыю. У 1939 інтэрніраваны франц. ўладамі; скончыў самагубствам. У зб. вершаў «Юнак» (1913) традыцыі ням. класічнай паэзіі 18 ст. спалучаны з навацыямі неарамантызму. Экспрэсіянісцкія карціны жахаў 1-й сусв. вайны стварыў у зб. вершаў «Смерць і ўваскрэсенне» (1914—18). Супраць пачынальнікаў гэтай крывавай бойні скіраваны зб. «Палітычны паэт» (1919). У экспрэсіянісцкай драме «Сын» (1914) адлюстраваў бунт маладога пакалення супраць гвалту над асобай. Аўтар драм «Збавіцель» (1916), «Антыгона» (1917), «Забойства» (1926), камедый «Дзялок» (1926), «Шлюбы заключаюцца на нябёсах» (1928), «Нашэсце Напалеона»
Літ.:
Волевич И.В. Газенклевер // История немецкой литературы. М., 1968. Т. 4.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎ (Вячаслаў Іванавіч) (28.2.1866, Масква — 16.7.1949),
рускі паэт, літ. крытык. Адзін з тэарэтыкаў 2-га пакалення рус. сімвалістаў. З 1924 жыў у Італіі. Аўтар зб-каў вершаў «Стырнавыя зоркі» (1903), «Празрыстасць» (1904), «Па зорках» (1909), «Cor ardens» (ч. 1—2, 1911—12), «Пяшчотная тайна» (1912), паэт. цыклаў «Рымскія санеты» (1924—25), «Рымскі дзённік» (1944), кн. вершаў «Святло вячэрняе» (выд. 1962); літ.-філас. і гіст.-культ. твораў «Дыёніс і прадыёнісійства» (1923), «Перапіска з двух вуглоў» (з М.Гершэнзонам, 1921) і інш. Перакладаў трагедыі Эсхіла.
Тв.:
Стихотворения и поэмы. Л., 1976;
Родное и вселенское. М., 1994;
Лик и личины России: Эстетика и лит. теория. М., 1995.
Літ.:
Иванова Л.В. Воспоминания: Книга об отце. М., 1992.
С.Ф.Кузьміна.
т. 7, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-ЛЬ-АЛА́ ГАНДЖЭВІ́ (Абу-ль-Ула Ганджэві) Махмуд Нізамеддзін, азербайджанскі паэт 1-й пал. 12 ст. Пісаў на мове фарсі. Услаўляў феад. правіцеляў і іх прыбліжаных. Аўтар шматлікіх вершаў (пераважна ў жанры касыды), якія вызначаліся высокім паэтычным майстэрствам, адточанасцю і выразнасцю формы.
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)