КУРЫЛО́ВІЧ Ганна Мікалаеўна
(н. 23.9.1938, в. Загор’е Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1979). Скончыла БДУ (1966). З 1957 артыстка Дзярж. нар. хору Беларусі. З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, промыслы і рамёствы. Аўтар кн. «Беларускае народнае ткацтва» (1981), сааўтар прац «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (1979), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі» (1995), «Беларусы» (М., 1998).
Л.А.Суднік.
т. 9, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КШАСІ́НСКАЯ Мацільда
(Марыя) Феліксаўна (31.8.1872, С.-Пецярбург — 6.12.1971),
артыстка балета, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1904). Дачка Ф.Л.Кшасінскага. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. У 1890—1917 выступала ў Марыінскім т-ры ў С.-Пецярбургу, а таксама ў Монтэ-Карла, Варшаве, Вене, Парыжы, антрэпрызе С.Дзягілева. Яе выкананне вылучалася бравурнасцю, жыццярадаснасцю, пікантнасцю, класічнай завершанасцю. Сярод партый: Млада, Нікія («Млада», «Баядэрка» Л.Мінкуса), фея Дражэ, Адэта—Адылія, Аўрора («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Каламбіна («Арлекінада» Р. Дрыга), Ліза («Марная засцярога» Ф.Герольда), Эсмеральда (аднайм. балет Ц.Пуні) і інш. З 1920 у Францыі, адкрыла (1929) балетную студыю ў Парыжы. Аўтар «Успамінаў» (1960).
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972;
Бобров В.Д., Кириков Б.М. Особняк Кшесинской. СПб., 1996.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДЗІЧЭ́НКА Ірына Дзянісаўна
(н. 22.8.1936, С.-Пецярбург),
бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1955). Працавала ў т-рах Чэлябінска і Новасібірска. У 1959—75 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яркая характарная танцоўшчыца, валодала выразнай пластыкай, моцным сцэн. тэмпераментам.
Сярод партый: Мадэрнісцкая танцоўшчыца і Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Марта («Святло і цені» Г.Вагнера), Мерседэс і Вулічная танцоўшчыца («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.Караева), Маўрытанка і Іспанка («Балеро» на муз. М.Равеля), фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), танцы — індускі («Баядэрка», Мінкуса), іспанскі, венгерскі («Лебядзінае возера» Чайкоўскага), сарацынскі («Раймонда» А.Глазунова), іспанскі танец, мазурка («Папялушка» С.Пракоф’ева), кракавяк («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), гадзітанскі, этрускі («Спартак» А.Хачатурана), а таксама ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Кармэн» Ж.Бізэ.
А.І.Калядэнка.
т. 6, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЗІ (Grisi) Карлота
(28.6.1819, Візінада, п-аў Істрыя — 25.5.1899),
італьянская артыстка балета і спявачка; адна з відных прадстаўніц рамант. балета. Вучылася ў балетнай школе т-ра «Ла Скала». У 1832—53 выступала на сцэнах многіх т-раў Італіі і за мяжой, у т. л. ў Лондане, Парыжы, Пецярбургу; з 1833 разам з Ж.Перо, настаўнікам і мужам, які ў многім вызначыў яе творчы лёс. Сусв. вядомасць ёй прынесла першае выкананне напісанай для яе партыі Жызэлі («Жызэль» А.Адана) у Парыжскай оперы (1841). Сярод інш. партый: Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Перы («Перы» Ф.Бургмюлера). У балетах «Чатыры стыхіі» Дж.Баеці, «Па-дэ-катр» і «Поры года» Пуні танцавала разам з М.Тальёні, Л.Гран, Ф.Чэрыта. Валодала драм. талентам. Яе творчасць прадвызначыла многія дасягненні віртуознага жаночага танца 2-й пал. 19 ст. Яе кар’еру спыніў няшчасны выпадак у 34-гадовым узросце.
т. 5, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫДЗЕ́НКА Ніна Сцяпанаўна
(н. 8.5.1933, г. Віцебск),
бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). З 1952 салістка, у 1973—83 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Майстэрства Давыдзенкі вызначае лёгкасць, тэхн. дасканаласць танца, шчырасць і натуральнасць у перадачы пачуццяў гераінь. Выконвала разнапланавыя партыі ў балетах сучаснага, у т. л. бел., і класічнага рэпертуару: Ларыса («Аповесць пра каханне» В.Залатарова), Насця, Анежка («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.Вагнера), Наталька («Выбранніца» Я.Глебава), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Хасінта («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Сольвейг і Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Анель і Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.Штрауса). Шмат працавала з самадзейнымі калектывамі.
Літ.:
Чурко Ю. Ніна Давыдзенка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.
А.І.Калядзэнка.
т. 5, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖАЗО́ЎСКАЯ Людміла Генрыхаўна
(н. 4.6.1946, Мінск),
бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1975). Дачка Г.Ф.Бржазоўскага. Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1966, педагогі Н.Младзінская, І.Савельева), Мінскі ін-т культуры (1987). Удасканальвала майстэрства ў Н.Дудзінскай у С.-Пецярбургу. У 1966—89 вядучая танцоўшчыца Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1989 выкладала ў Дзярж. харэагр. вучылішчы, з 1994 — у Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутр. сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. Упершыню на бел. сцэне выканала гал. партыі ў многіх балетах, пастаўленых А.Дадышкіліяні, В.Елізар’евым і інш. Сярод партый у бел. балетах: Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.Вагнера), Маці («Крылы памяці» У.Кандрусевіча); у балетах сучасных кампазітараў: Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа) і інш. Яе яркая індывідуальнасць найб. поўна выявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Прададзены смех» (1981), «Міф» (1986), у тэлевізійных варыянтах балетаў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», тэлефільме «Танцуе Людміла Бржазоўская».
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 24—32.
т. 3, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)