СВЯРДЛО́ВА Роза Міронаўна (н. 25.10.1908, г. Віцебск),
бел. і расійская кінаактрыса. Засл. арт. Беларусі (1935). Скончыла кінааддзяленне Ленінградскага тэатр. тэхнікума (1930, майстэрня Я.Чарвякова). З 1927 здымалася ў кіно. Выканаўца лірыка-драм. роляў. Створаным вобразам уласціва спалучэнне жыццёвай верагоднасці з героіка-рамант. афарбоўкай характару гераінь. Знялася ў бел. фільмах: «Да заўтра» (1929), «Баям насустрач» (1932), «Залатыя агні» (1934), «Новая радзіма», «Шлях карабля» (абодва 1935), «Дачка Радзімы» (1937). Найб. значныя ролі ў маст. стужках на «Ленфільме»: «Дзяўчына з далёкай ракі» (1928), «Цана чалавека» (1929), «Каўказскі палоннік» (1930), «Кроў зямлі» (1931), «Адчайны батальён» (1933), «Нявеста» (1957).
В.А.Мядзведзева.
т. 14, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЛАШНО́Ў Сяргей Іванавіч (10.9.1907, Масква — 6.4.1979),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Працаваў на кінастудыях «Міжрабпом-Русь» і «Ленфільм». З 1933 на «Беларусьфільме», дзе паставіў фільмы: маст. «Мянтуз», «Маска» (абодва 1938), «Песня пра дружбу» (1941, з I Шапірам), «Зялёныя агні» (1955, з І.Шульманам), «Нашы суседзі» (1957), «Каханнем трэба даражыць» (1959), «Цешча» (1973) і інш.; дакумент. і навук.-папулярныя «Нашы дзеці» (у сааўт.), «Мінск адраджаецца» (абодва 1945), «Выяўленчае мастацтва БССР» (1958), «Вясёлка над Нёманам» (1970), «Родная зямля» (1972), «Паслуга за паслугу» (1977) і інш.
т. 15, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФУ́Р ГУЛЯ́М (сапр. Гулямаў Гафур Гулямавіч; 10.5.1903, Ташкент — 10.7.1966),
узбекскі пісьменнік. Нар. паэт Узбекістана (1963). Акад. АН Узбекістана (1943). Друкаваўся з 1923. У творах крытыкаваў перажыткі мінулага ў свядомасці і побыце людзей, сцвярджаў новую сав. рэчаіснасць (зб-кі вершаў «Дынама», 1931; «Іду з Усходу», 1943, Дзярж. прэмія СССР 1946; «Агні Узбекістана», 1947; «Шчасце роднай зямлі», 1951; «Вынік», апубл. 1967, Ленінская прэмія 1970; кн. прозы «Гумарыстычныя апавяданні», 1931; «Хітрыкі шарыяту», 1953 і інш.). На бел. мову творы Гафура Гуляма перакладалі Э.Агняцвет, А.Астрэйка, С.Гаўрусёў і інш.
Тв.:
Бел. пер.: — у кн.: Спявае Узбекістан. Мн., 1962;
Сонца ў арыках. Мн., 1966;
Вясёлка над арыкам. Мн., 1986.
т. 5, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ Уладзімір Паўлавіч (21.3.1907, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 20.2.1990),
рускі пісьменнік. Пісаў на рус. і ўкр. мовах. Першы твор — аповесць «Падлеткі» (1936). Найб. значны — трылогія «Старая крэпасць» (ч. 1—2, 1937—51; Дзярж. прэмія СССР 1952; фільм «Трывожная маладосць», 1955) пра лёс, прыгоды-выпрабаванні дзяцей у грамадз. вайну, дзейнасць першых камсамольцаў. Аўтар кніг апавяданняў, нарысаў, прысвечаных Вял. Айч. вайне («Граніца ў агні», 1948; «На ваенных дарогах», 1956; «Хто табе здрадзіў?», 1969; «Вішнёвая алея», 1985), дакумент. аповесці «Рэха чорнага лесу» (1963, з І.В.Падаляніным) і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1975.
Літ.:
Разумневич В. Владимир Беляев: Очерк творчества. М., 1983.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХА́Р Абдула (17.9.1907, г. Каканд Ферганскай вобл., Узбекістан — 25.5.1968),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1967). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1934). Друкаваўся з 1924. Майстар-навеліст. Яго творчасць тэматычна і жанрава разнастайная. Аўтар кніг апавяданняў «Свет маладзее» (1933), «Апавяданні» (1935), «Гады» (1947), «Тысяча і адно жыццё» (1959), «Светлыя вяршыні» (1967), аповесцей «Герой з Дардака» (1942), «Залатая зорка» (1946), «Казкі пра былое» (1965, аўтабіягр. аповесці «Каханне» (1968), раманаў «Міраж» (1937), «Агні Кашчынара» (1951—52), камедый «Шаўковае сюзанэ» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Хворыя зубы» (1955), «Мае любыя матулі» (1967) пра гіст. мінулае і сучаснае ўзб. народа.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1977;
Комедии М., 1982.
т. 8, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЕПІНЬШ (Liepińš) Харый (н. 15.12. 1927, Тэрнейская воласць, Латвія),
латышскі акцёр. Нар. арт. Латвіі (1978). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў драм. студыю пры Дзярж. маст. т-ры Латвіі імя Я.Райніса (1949), з 1947 акцёр гэтага т-ра (з 1989 т-р Дайлес). Мастацтва акцёра вызначаецца высокім прафес. майстэрствам, дынамізмам, глыбокім псіхалагізмам у трактоўцы вобразаў. Сярод роляў: Рамэо, Гамлет («Рамэо і Джульета», «Гамлет» У.Шэкспіра), Тот («Гуляў я, скакаў» Я.Райніса), Эдгар («У агні» Р.Блаўмана), Бранд («Бранд» Г.Ібсена), Едыгей («І больш века доўжыцца дзень» паводле Ч.Айтматава). Здымаецца ў кіно.
Літ.:
Dzene L. Dialogs ar Hariju Liepińšu. Riga, 1977.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗІ́НА (Masina) Джульета (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),
італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬЗА́ЦКІ Юрый Давыдавіч (31.12.1909, Варшава — 31.8.1963),
бел. кампазітар, дырыжор, піяніст. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класах кампазіцыі і дырыжыравання (1934). На Беларусі з 1939. У 1940—47 у Дзярж. джаз-аркестры БССР, з 1949 канцэртмайстар Белдзяржэстрады, у 1958—61 маст. кіраўнік і гал. дырыжор канцэртна-эстраднага аркестра Бел. радыё. Сярод твораў муз. камедыя «Даліна шчасця» (паст. 1957); араторыя «Маёй Радзіме» (1963); Сюіта на тэмы польскіх нар. танцаў і Балетная сюіта для сімф. арк.; Канцэрт для скрыпкі з арк. (1955), «Ваенная фантазія», Фантазія на тэмы песень У.Алоўнікава (для эстр. арк.), музыка да кінафільмаў «Паўлінка», «Зялёныя агні», «Міколка-паравоз», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Каханнем трэба даражыць» (усе ў сааўт.), «Наперадзе круты паварот» і інш.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 3, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,
пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫСЦІ́ЛІШЧА, чысцец,
паводле каталіцкага веравучэння — прамежкавае месца паміж раем і пеклам. У Ч. душы грэшнікаў, якія не атрымалі прабачэння ў зямным жыцці, але не абцяжараныя смяротнымі грахамі, перад тым як трапіць у рай, гараць у ачышчальным агні. Лёс душы ў Ч. можа быць аблегчаны, а тэрмін знаходжання яе там скарочаны, калі ў памяць памерлага родныя і блізкія, пакінутыя на зямлі, будуць рабіць «добрыя справы». У каталіцкім багаслоўі гэта выпрабаванне трактуецца як сімвал пакут сумлення і раскаянне. Уяўленне пра Ч. склалася ў 1 ст. Вучэнне аб ім распрацаваў Фама Аквінскі. Догмат пра Ч. прыняты на Фларэнційскім 1439 і пацверджаны на Трыдэнцкім 1562 саборах. Правасл. і пратэстанцкая цэрквы абвяргаюць вучэнне аб Ч.
т. 17, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)